Традыцыйны фестываль факультэтаў БДУ сабраў 28 сакавіка сотні выкладчыкаў, студэнтаў, абітурыентаў і іх бацькоў на адмысловым свяце для будучых «птушанят» альма-матар.
Нягледзячы на не зусім спрыяльнае надвор’е, панавала сапраўды святочная атмасфера. Гасцей сустракалі вясёлыя роставыя лялькі і хадулісты, паўсюль была чутная музыка і смех, туды-сюды хадзілі студэнты ў мудрагелістых строях, павольна прагульваліся здзіўленыя маштабнасцю фестывалю старшакласнікі. Ля будынка ліцэя размясціліся палаткі савета па якасці адукацыі, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі БДУ і пярвічкі БРСМ, а моладзевыя актывісты гатовыя былі распавесці ўсім ахвотнікам пра сваю дзейнасць. А на вулічнай сцэне выступалі найлепшыя артысты БДУ.
У сценах ліцэя былі размешчаны стэнды медыяцэнтра, прыёмнай камісіі і фундаментальнай бібліятэкі БДУ, прадстаўнікі якіх раздавалі карысныя брашуры і ўлёткі і адказвалі на пытанні абітурыентаў, якія іх абкружылі, а супрацоўнікі псіхалагічнай службы прапаноўвалі ахвотнікам прайсці цікавыя тэсты і даведацца шмат новага пра сябе. У актавай зале пад выбухі смеху і апладысментаў студэнты дэманстравалі візітоўкі факультэтаў – юнакі і юначкі жартавалі, спявалі, танчылі – увогуле, спрабавалі прыцягнуць свежыя розумы на свой факультэт.
Але сапраўдныя баталіі за абітурыентаў разгарнуліся ва ўнутраным дворыку. Мноства маляўнічых шатроў размясцілі пад сваімі дахамі ўсе факультэты і інстытуты БДУ. Студэнты імкнуліся не толькі на словах распавесці пра вучобу на сваіх факультэтах, але і прадэманстраваць набытыя навыкі і веды. Напрыклад, фізікі эксперыментальна даказалі дзеянне некаторых законаў прыроды і прапанавалі ўсім ахвотнікам выпрабаваць іх на сабе. Ваенны факультэт прадэманстраваў навучальную зброю, а студэнты наўпрост на месцы вучыліся разбіраць і збіраць яе, будучыя гісторыкі прапаноўвалі паўдзельнічаць у касцюмаваных бітвах, кафедра фізвыхавання і спорту заваблівала абітурыентаў бляскам заваяваных кубкаў і медалёў, а таксама трэнажораў, хімікі змешвалі штосьці рознакаляровае ў мностве колбачак, будучыя эканамісты прапаноўвалі сфатаграфавацца на вокладку Forbes, а студэнты біяфака здзіўлялі ўсіх, дэманструючы экзатычных насякомых і разгульваючы са змяёй на шыі. Увесь час былі чутныя вабныя заклікі: «Дзяўчаты, паступайце на факультэт радыёфізікі! Разам з дыпломам муж у падарунак».
Асабліва гаманліва было ля палаткі студэнцкага прафсаюза, якая была ператворана ў прыстанак усёведнага аракула, якога знадворку ахоўвалі феі-сек’юрыці. Акрамя таго, эльф-завадатар раздаваў мыльныя бурбалкі, што нясуць радасць і пазітыў; пара са старажытнасці – мужны рыцар з чароўнай дамай, якая ілюстравала знак прафкама – шчыт, што сімвалізуе абарону правоў і інтарэсаў студэнтаў. Таксама ўсіх гасцей мерапрыемства запрашалі зрабіць фота няўрымслівыя конь і цмок. Прайсці міма было проста немагчыма – гэтулькі персанажаў і фарбаў даўно не спалучаліся ў адным месцы ў адзін час. Такі яркі «карнавал», напэўна, застанецца надоўга ў памяці юных абітурыентаў і ўсіх гасцей БДУ!
Пацешыў фестываль факультэтаў і новаўвядзеннямі. Сёлета ўпершыню праводзілася анлайн-трансляцыя прэс-канферэнцыі рэктара акдэміка Сяргея Абламейкі і прадстаўнікоў прыёмнай камісіі, на якой абітурыенты і іх бацькі змаглі задаць любыя пытанні. Таксама рэктар адказаў на запыты, пакінутыя ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Было паднята мноства актуальных тэм, якія тычацца ўступнай кампаніі, даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, жыцця факультэтаў, а таксама наяўнасці месцаў у інтэрнатах. Відэа з прэс-канферэнцыі вы можаце паглядзець на сайце газеты «Універсітэт» і на канале БДУ па адрасе www.youtube.com/user/videoBSU. Сяргей Абламейка заклікаў абітурыентаў паспяхова здаваць ЦТ і не баяцца падаваць дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – найлепшую ўстанову вышэйшай адукацыі.
Дар’я КОЎЗА
Дар’я АРЦЁМЕНКА
Фота Ганны Занковіч
ВІДЭА