У канцы лютага адбыўся фінал Рэспубліканскага моладзевага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», на якім быў адзначаны праект навукоўцаў БДУ. І гэта не адзіная інавацыя. Спецыялісты ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю маюць добры досвед увасаблення студэнцкіх ідэй у запатрабаваную прадукцыю.
Сёлета маладыя навукоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сярод 1000 праектаў, прадстаўленых на разгляд, атрымалі перамогу ў намінацыі «Медыцына, медыцынская тэхніка і тэхналогіі, фармацыя». Пад кіраўніцтвам дацэнта Паўла Бычкоўскага малодшыя навуковыя супрацоўнікі НДІ ФХП БДУ Дзяніс Адамчык і Сяргей Саламевіч прэзентавалі праект «Біярассмоктвальныя супрацьпухлінныя прэпараты для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных наватвораў «Тэмадэкс» і «Праспідэлонг».
Праца маладых навукоўцаў БДУ атрымала высокую ацэнку экспертаў. Дарэчы, па статыстычных дадзеных, за чатыры гады ў адрас аргкамітэта конкурсу паступіла больш за 6 500 заявак. Праект набірае папулярнасць у моладзі: каля 7 500 маладых людзей заявілі пра сябе праз сваю справу.
Даўно вядома: людзей навукі мала турбуе ўдзел у якіх-небудзь конкурсных спаборніцтвах ці «навукападобных тусоўках». Прычына простая: бракуе часу, каб заняцца руціннай працай: афармленнем дакументаў, пошукам фундатараў, падрыхтоўкай прэзентацый і г. д. Навукоўцы, апантаныя ідэяй, працуюць на вынік. Але калі выкарыстоўваць метафару, то навуковая распрацоўка як дыямент – заўсёды мае патрэбу ў добрай аправе! Каб ацаніць камень, трэба адцяніць яго «гранне» ў пераламленні святла. Усе адценні і нюансы патрабаванняў арганізатараў любога конкурсу і, галоўнае, запатрабаванасць вынаходства ці навуковага адкрыцця ведаюць супрацоўнікі ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ. Спецыялісты аддзела моладзевых праграм і праектаў гэтай структуры перш за ўсё займаліся пошукам кандыдатаў з эксклюзіўнымі ідэямі і нечаканымі даследаваннямі. Затым афармлялі і сачылі за суправаджэннем дакументаў для ўдзелу ў Рэспубліканскім моладзевым конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Ды і не толькі гэта спаборніцтва курыравалі! Менавіта яны, як добрыя прадзюсары, першымі далі ацэнку перспектыўнасці ідэй маладых навукоўцаў нашай ВНУ. Словам, займаліся «агранкай» самых розных праектаў: ад добраахвотніцкіх да інавацыйных. Больш за тое, дзякуючы створанаму стартап-цэнтру, у студэнтаў з’явілася магчымасць навучыцца працаваць у камандзе, генераваць ідэі, планаваць бізнес і проста рэалізоўваць уласныя праекты.
Пра гэта больш дэталёва і адбылася наша гутарка з намеснікам начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Наталляй РАМАНАВАЙ.
– Наталля Сяргееўна, Вам, як каардынатару стартап-цэнтра БДУ, чалавеку, інтуітыўна наладжанаму на бізнес-планы студэнтаў, прапаную накіраваць нашу гутарку на аўдыторыю, якая чула звон, ды не ведае дзе ён. Распавядзіце пра вытокі прадпрымальніцкай ініцыятывы студэнтаў, стартапаў, інтарэсы фундатараў і факты, якія акрыляюць цяперашніх рэзідэнтаў бізнес-інкубатараў. Ізноў-такі, можа, ва ўпраўленні выхаваўчай работы з моладдзю БДУ з’явіліся навіны для людзей, апантаных наватарскай ідэяй?
– Пачну з гісторыі пытання па дадзенай наватарскай справе. Стартапам прынята зваць толькі што створаную кампанію, якая будуе свой бізнес на аснове інавацыйных ідэй або на аснове тэхналогій, якія толькі што ўзніклі. У перакладзе з англійскай «стартап» азначае «запускаць» ці «стартаваць». Найбольш сучаснае значэнне і паняцце стартапа – венчурны праект. У нас, у Беларусі, толькі ідзе фарміраванне культуры венчурнага бізнесу, а вось у ЗША ён даўно існуе і актыўна развіваецца на працягу амаль сямідзесяці апошніх гадоў. Так здарылася ў 1939 годзе, калі Пакард і Х’юлет, яшчэ студэнты Стэнфардскага ўніверсітэта, толькі-толькі запусцілі свой бізнес. Сёння іх стварэнне, як вядома, з’яўляецца брэндам сусветнага ўзроўню. Аднак вельмі часта нашы рэзідэнты згадваюць і іншае імя – легендарнага камп’ютарнага генія Стыва Джобса, які, маўляў, не маючы вышэйшай адукацыі, стварыў IT-імперыю. Вось тут зайздроснікам жадаю нагадаць, што яшчэ ў школе Джобс перамагаў на матэматычных алімпіядах і захапляўся электронікай. Фінансавы прыбытак любой справы не з’яўляецца проста так, ён будуецца на моцным бэкграўндзе (суправаджэнні – заўв. аўтара). Дапусцім, поспех пілотнага праекта можна пралічыць, а ўдачу – прадказаць. Але веды ўвесь час трэба ўдасканальваць. Прадукт, які сёння карыстаецца поспехам у фундатараў, ужо заўтра, можа так здарыцца, нікому не будзе патрэбны. Думку чалавека, як і час, спыніць нельга! Бізнесмен павінен працаваць на апярэджанне зацікаўленасцяў спажыўца. Зыходзячы з досведу амерыканскіх і еўрапейскіх даследаванняў, укладанні ў IT-сферу з’яўляюцца аднымі з самых стабільных і прыбытковых. Цяперашняму стартаперу неабходна ведаць прадпрымальніцкую культуру і маркетынгавую стратэгію. І ён абавязкова павінен валодаць прэзентацыйнымі навыкамі.
– Вядома, што шматлікія ўдзельнікі конкурсу «100 ідэй для Беларусі» жадаюць развіваць уласны бізнес. Але на прэзентацыі праектаў перад вялікай аўдыторыяй яны баяцца, ім бракуе ўпэўненасці ў сабе ці што… Дарэчы, якую кансультацыю ў БДУ могуць атрымаць суіскальнікі?
– У БДУ за паўгода дзейнасці цэнтра быў арганізаваны шасцітыднёвы цыкл лекцый, семінараў і трэнінгаў па прадпрымальніцтве, абароне інтэлектуальнай уласнасці, бізнес-планаванні, інавацыйным менеджменце, а таксама лідарстве і камандаўтварэнні. Індывідуальную кансультацыю па прасоўванні свайго праекта можа атрымаць кожны суіскальнік у нашых выкладчыкаў.
– На які бізнес арыентавана моладзь? Якія сферы сёння найбольш папулярныя?
– Найбольш прывабнымі з’яўляюцца такія сегменты, як IT, турыстычны бізнес, навукаёмістыя вытворчасці. Аналізуючы карту рэзідэнтаў, адзначу і мабільныя дадаткі для карпаратыўнага асяроддзя. Напрыклад, студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ прапанавалі арыгінальную версію праграмы для павышэння эфектыўнасці элементаў агульнай сістэмы справаводства ў нашай ВНУ.
– На што Вы і Вашы калегі арыентуецеся, калі разглядаеце і даяце ацэнку дзелавой прапанове маладых навукоўцаў і прадпрымальнікаў?
– Маё асабістае перакананне: праект можа быць удалым пры наяўнасці прадпрымальнай каманды аднадумцаў і канчатковага прадукту, які запатрабаваны спажыўцом. Фундатар павінен разумець спецыфіку тавару і быць упэўненым у камандзе.
– Калі хутка ўспомнілі пра паплечнікаў: ці патрэбны калектыву чалавек, які будзе «камандаваць парадам»?
– Безумоўна, лідар неабходны ў любым распачынанні. Любая камандная гульня прадугледжвае выразнае размеркаванне функцый. У нашым выпадку ў складзе зборнай павінны быць менеджары, генератары ідэй, эканамісты і г. д. Калектыў не толькі падае ідэю, але абавязаны забяспечыць яе рэалізацыю.
– Якія праекты асабіста Вам спадабаліся навізной і крэатыўнасцю?
– Мне падабаюцца ўсе рэалізаваныя праекты нашых студэнтаў! Такія буйныя рэспубліканскія праекты, як «Святло Вялікай Перамогі» і Школа студэнцкай журналістыкі калісьці былі проста студэнцкай ідэяй. Аўтарства агульнаўніверсітэцкіх праектаў «Універсітэт – твой крок у будучыню», «БДУ ў тваім фармаце», «Адкрытая інтэлектуальная ліга БДУ», «Фотавеламарафон», «Майскі калейдаскоп» таксама належыць студэнтам БДУ.
Сярод праектаў стартап-цэнтра хочацца адзначыць працу студэнтаў фізічнага факультэта Стаса Працэнкі і Аляксандра Бядуліна «Сучасны інвестыцыйны кансультант ProfitPAM». Хлопцы ўжо вядуць перамовы з фундатарам пра далейшую рэалізацыю. Цікавы IT-праект Дзмітрыя Куратніка «Changing the World». Створаны таксама добраахвотніцкія праграмы: «Прафарыентацыя», «Дзецям свету» і «Мая школа».
Кожны з прапанаваных праектаў – эксклюзіў, адрозніваецца ўнікальнасцю аўтарскай ідэі, крэатыўным падыходам да, здавалася б, штодзённых, банальных рэчаў.
– У якіх конкурсах і навуковых спаборніцтвах наша ВНУ возьме ўдзел з дапамогай Вашага ўпраўлення?
– Упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю імкнецца падтрымліваць усе распачынанні нашых студэнтаў. У дадзенай сітуацыі адміністрацыйны рэсурс накіраваны на рэалізацыю і ўвасабленне ў жыццё навуковага і творчага патэнцыялу студэнтаў. Мае калегі забяспечваюць суправаджэнне праектаў ад падачы заяўкі да фінальных прэзентацый на ўсіх рэспубліканскіх конкурсах.
З планаў на будучыню… Упершыню сёлета ўпраўленне будзе арганізоўваць студэнцкі турнір па прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах на базе Белдзяржуніверсітэту сумесна з НАН нашай краіны. Ініцыятарамі правядзення турніру выступілі студэнты хімічнага факультэта. Працы ад прапанаванай ідэі да яе ўвасаблення хопіць на ўсіх супрацоўнікаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. Нагадваю: мы адкрытыя для ўсіх, у каго ёсць ідэя і адэкватны план яе рэалізацыі!
I вiдэа:
Гутарыла Жанна ВАСАНСКАЯ