Сёлета каля 200 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў факультэтаў і інстытутаў БДУ жадалі скарыць сцэну фестывалю. У фінал конкурсу прайшлі толькі 29 чалавек. Самай папулярнай у суіскальнікаў стала намінацыя «Песня», у якой свой талент прадэманстравалі на працягу двух адборачных тураў больш за сто артыстаў-пачаткоўцаў.
Акрамя таго, фіналісты выступілі ў намінацыях «Танец», «Арыгінальны жанр» і «Гутарковы жанр».
Сёлета аўтарытэтнае журы ўзначаліў вядомы эстрадны спявак Аляксандр Саладуха. Ён таксама прыняў удзел у гала-канцэрце.
У выніку ў намінацыі «Песня» перамогу атрымаў калектыў Animarium (Ліцэй БДУ). У той жа намінацыі сярод сольных выканаўцаў першынствавала Паліна Русецкая з ДІКСТ. У намінацыі «Гутарковы жанр» найлепшымі сталі чацвёртакурснік Інстытута журналістыкі Павел Кіслы і першакурсніца біялагічнага факультэта Валерыя Казлова. У намінацыі «Танец» першае месца заняў творчы калектыў Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій Freaks. У намінацыі «Арыгінальны жанр» найлепшымі прызнаны першакурснікі ўсё таго ж ІБМТ Яна Свідрыцкая і Аляксандр Салодкі.
Пераможцаў узнагародзілі дыпломамі і статуэткамі фестывалю.
Нагадаем, лаўрэатамі гэтага творчага спаборніцтва ў розныя гады станавіліся Георгій і Дзмітрый Калдуны, Яўген Булка, Дзмітрый Шэпелеў, Нілс, група Lightsound і іншыя вядомыя артысты.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла ўпраўленне па справах культуры БДУ. Спіс фіналістаў размешчаны на старонцы фестывалю ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» https://vk.com/estradabsu2015.
Адбылося мерапрыемства 16 красавіка.
Яна ЧАРАПАНАВА
Фота Аляксандра СНАПКА
Яшчэ больш фота тут
I вiдэа/ Video Pro :