На сёння ва ўніверсітэце ўтварыўся шырокі дыяпазон добраахвотніцкага студэнцкага руху. Не застаўся ўбаку і студэнцкі саюз БДУ, ён заснаваў праект “Мая школа”, які паспяхова і плённа ажыццяўляе сваю дзейнасць з 2007 года.
Студэнты праводзяць факультатыўныя заняткі для школьнікаў па рускай мове, англійскай мове, хіміі і г.д.; арганізуюць пазаўрочныя мерапрыемствы, вывучаюць інтарэсы і схільнасці школьнікаў, дапамагаюць у фарміраванні ў школьнікаў творчага стаўлення да навучальнай дзейнасці. Таксама ў дапаможнай школе № 10 дзеці на працягу года праводзяць спартыўны марафон па баскетболе і футболе.
Другі кірунак праекта “Мая школа” звязаны з арганізацыяй дабрачынных выязных мерапрыемстваў у дзіцячыя дамы-інтэрнаты. Мерапрыемствы ўключаюць концэрты, акцыі, тэатральныя пастаноўкі з удзелам студэнтаў БДУ. Таксама валанцёры праекта на базе абмену досведам з польскімі калегамі распрацавалі ўласны арт-праект, накіраваны на камунікатыўнасць і раскрыццё творчага патэнцыялу дзяцей. У рамках арт-праекта правялі конкурс дзіцячых малюнкаў “Казка вачыма дзіцяці”.
Праект “Мая школа” – гэта адзін з кірункаў навучальна-выхаваўчага працэсу, звязаны з працай па фарміраванні ў студэнтаў маральных, дзелавых і псіхалагічных якасцяў. Акрамя таго, на некаторых факультэтах існуе праблема далучэння абітурыентаў. Студэнты такіх факультэтаў падчас працы са школьнікамі распавядаюць пра перавагі атрымання адукацыі менавіта на іх факультэце, зважаюць на тое, якія патрабаванні прад’яўляюцца да абітурыента пры паступленні.
Неабходна адзначыць таксама, што ў Мінску падобны кірунак дзейнасці вядзецца толькі асобнымі факультэтамі некаторых універсітэтаў. Аднак, як правіла, дзеці праводзяць толькі серыю заняткаў па вызначаных тэмах пэўны час (на вакацыях, адзін месяц і да т. п.). Валанцёры “Маёй школы” працуюць на працягу доўгага перыяду і па розных прадметах.
21 сакавіка да Міжнароднага дня чалавека з сіндромам Даўна “Мая школа” прэзентавала сацыяльны фотапраект “Сонечная прафесія”, арганізаваны сумесна з упраўленнем па выхаваўчай рабоце з моладдзю ў фотастудыі White Star Studio. 17 дзяцей з сіндромам Даўна (у тым ліку дзеці, якія апынуліся ў дзіцячым псіханеўралагічным інтэрнаце), рознага ўзросту і з рознымі жыццёвымі інтарэсамі, сталі ўдзельнікамі праекта. Кожнае дзіця адказала на пытанне, кім хоча стаць, калі вырасце, і ў гэтым вобразе паўстала на фота.
Людзі з сіндромам Даўна здольныя дасягнуць нядрэнных поспехаў у прафесіі: яны могуць працаваць афіцыянтамі, прадаўцамі, фатографамі, музыкамі. Грамадства павінна перастаць грэбаваць тымі, хто жыве з сіндромам Даўна. На гэта і хацелі звярнуць увагу арганізатары фотапраекта.
Такім чынам, студэнты-валанцёры праекта “Мая школа” ўключаны ў дзейнасць, якая вызначае іх светапогляд, спрыяе развіццю ў душах студэнтаў чалавечага пачатку, дабрыні і міласэнасці. Вызначальнымі прынцыпамі валанцёраў “Маёй школы” з’яўляюцца: “Хто, калі не ты…”; “Спяшайцеся рабіць дабро…”; “Не праходзіце міма…”.
Кіраўнік праекта Ксенія ВОЎК
Фота Антона СЦЯЖКО