Усхваляць подзвігі герояў вайны – неабходна, але яшчэ лепш – выяўляць павагу да ветэранаў учынкамі. Прыклад такога ўчынку – патрыятычная акцыя «Мы – спадчыннікі Перамогі», прысвечаная 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
17 красавіка па перыметры хола рэктарата былі расстаўлены старонкі незвычайнага календара. Кожны месяц быў прысвечаны аднаму Герою Савецкага Саюза, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, лёс якога так ці інакш звязаны з БДУ. Усе прысутныя маглі падысці і разгледзець, што адлюстравана на кожным лісце календара.
Пачалося судакрананне з атмасферай мінулых дзён пад акампанемент гітары і ваеннай песні.
Затым слова ўзялі лаўрэаты і пераможцы конкурсу «Студэнт года БДУ», якія і сталі ўдзельнікам праекта «12 Герояў Савецкага Саюза». Кожны выступоўца выказаў павагу ветэранам і ў чарговы раз засведчыў, што подзвігі абаронцаў Радзімы не забыты.
Сутнасць праекта «12 Герояў Савецкага Саюза» ў рэтракалендары (якраз 12 гераічных месяцаў), створаным адмыслова да 70-й гадавіны Вялікай Перамогі.
Анастасія Бузук з хімічнага факультэта, студэнтка года БДУ ў намінацыі «Навука», прадстаўляла май, прысвечаны Герою СССР Георгію Жукаву, наступнымі словамі: «Я ганаруся сваімі дзядамі, якія пралівалі кроў за нашу Радзіму, за сваіх дзяцей і ўнукаў. Не варта забываць пра іх велізарны ўнёсак: менавіта дзякуючы ім мы жывём у вольнай краіне, дыхаем кожны дзень паветрам незалежнасці. Яны нам падарылі магчымасць пражыць шчаслівае жыццё без вайны, голаду і страху. Нашы дзядулі і бабулі кожны дзень ваявалі са страшным ворагам, кожны дзень рабілі выбар: здацца ці перамагчы, і ім хапіла мужнасці, каб дайсці да Перамогі. Наш абавязак – даказаць, што яны не забытыя, што нашай удзячнасці за іх ахвяру няма мяжы. Я рада, што вучуся ва ўніверсітэце, у якім працаваў вялікі Георгій Канстанцінавіч Жукаў. Я ганаруся нашымі героямі і ніколі не забудуся, які ўнёсак зрабілі гэтыя людзі для развіцця краіны і ўніверсітэта».
Іншыя месяцы былі прысвечаны такім асобам, як: Жолудзеў Навум Ільіч (студзень), Парахневіч Уладзімір Аляксеевіч (люты), Зайцаў Мікалай Якаўлевіч (сакавік), Смушкевіч Якаў Уладзіміравіч (красавік), Гарошак Павел Антонавіч (чэрвень), Осіпава Марыя Барысаўна (ліпень), Патрын Аляксей Фёдаравіч (жнівень), Жмуроўскі Дзмітрый Пятровіч (верасень), Катлавец Міхаіл Паўлавіч (кастрычнік), Кірсанаў Аляксандр Віктаравіч (лістапад), Філімонаў Аляксандр Андрэевіч (снежань).
Студэнт года БДУ ў намінацыі «Культура» журфакавец Павел Кіслы распавёў пра Героя СССР Аляксандра Філімонава, які доўгі час працаваў у альма-матар і нават быў рэдактарам універсітэцкай газеты. Пра свой удзел у акцыі «12 Герояў Савецкага Саюза» Павел сказаў:
– На мой погляд, каб маладое пакаленне захоўвала памяць пра ВАВ, трэба пра гэта нагадваць, але не як звычайна, а на мове моладзі. Гэта інсцэніроўка бітваў, тэматычны кінематограф, песні і інш. А ўдзел у гэтай акцыі для мяне ў першую чаргу гэта вялікі гонар і магчымасць выказаць сваю павагу ўсім ветэранам.
Пасля прэзентацыі рэтракалендара стартавала яшчэ адна акцыя – «Ліст ветэрану». Усе прысутныя маглі напісаць віншаванні ветэранам і апусціць іх у адмысловую скрыню. Пасля пасланні былі адпраўлены ветэранам.
Рэктар Белдзяржуніверсітэта акадэмік Сяргей Абламейка адзначыў важнасць таго, каб маладое пакаленне вырасла патрыётамі, каб яно любіла радзіму, увесь свет. Таксама ён абвясціў, што падобныя акцыі будуць праводзіцца аж да канца мая, і падзякаваў усім за ўдзел і іх арганізацыю. Завяршылася мерапрыемства словамі вядучага пра міратворчую палітыку нашай дзяржавы.
Яўгенія ВІННІК