Студэнты-першакурснікі з 4 групы спецыяльнасці «матэматычная кібернетыка» здалі сваю першую зімовую сесію без ніводнай пераздачы, што стала даволі рэдкім выпадкам для механіка-матэматычнага факультэта. Як сталася, што групу наведаў рэктар БДУ, а таксама пра атмасферу мехмата распавяла стараста групы Валерыя Кукліцкая.
– Чаму ты абрала менавіта механіка-матэматычны факультэт БДУ?
– Усе мае знаёмыя і сябры здзівіліся, што я паступала на мехмат. Я валанцёр Чырвонага Крыжа, танчу, імкнуся ўдзельнічаць у мерапрыемствах факультэта. Матэматыку люблю і збіралася паступіць на факультэт ужо з 9 класа. Было вельмі цяжка, таму што бацькі спачатку не ўхвалілі майго рашэння. З’ездзіла на фестываль факультэтаў, даведалася шмат чаго новага пра мехмат. І загарэлася. Мяне адгаворвалі, бо лічылі, што тут цяжка вучыцца. Насамрэч нялёгка. І гэта разумееш увесну, калі іншыя студэнты шпацыруюць па горадзе, а мы сядзім і робім лабараторныя працы. Але калі захочаш, то на ўсё знаходзіцца час.
– Як атрымалася арганізаваць дружную групу, з якой сустрэўся рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка?
– Напэўна, таму што мы з першага дня хутка пасябравалі. Калі ішлі на сесію, разумелі, што ні ў кога няма праблем з прадметамі. Гэта было для нас як заахвочванне. Да нас прыйшоў рэктар універсітэта з вялікім смачным тортам і сказаў, што гэта «выдатна» ад яго. Мы тады толькі даведаліся, што мы добрая група – здалі ўсё з першага разу. А для нас спачатку не было ў гэтым нічога дзіўнага. Ну, здалі і забыліся. І атрымалася, што гэта была адна з найлепшых узнагарод, якую мы маглі атрымаць за добрую вучобу. Будзем імкнуцца! У нас ужо планы – здаць без пераздач летнюю сесію. Таму вучыць пачалі з пачатку семестра. Яшчэ дамовіліся, што сёлета пойдзем здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне. Выкарыстаем на практыцы новыя веды.
– Цяжкія былі экзамены? Як спраўляліся?
– У нас было чатыры іспыты: алгебра, аналітычная геаметрыя, матэматычны аналіз, метады праграмавання. Мы перажывалі, вучылі цэлымі начамі. Цяжэй за ўсё было здаваць матэматычны аналіз. Мы яго паставілі самым першым. Гэта была наша памылка. Вырашылі расставіць іспыты так, каб было мінімум дзён выдаткавана. Спецыяльна для тых, хто з іншага горада, каб маглі хутка з’ехаць дахаты. Мы яшчэ не ведалі, як цяжка бывае падрыхтавацца да іспыту, які будзе праз тры дні. Але тым не менш ніхто не спісваў.
– Як думаеш: лягчэй будзе здаваць летнюю сесію?
– Мне здаецца, лягчэй. Будзе пяць іспытаў. Галоўным чынам звязаныя з матэматыкай і фізікай. Нават і лекцыі ўжо, здаецца, не так хутка дыктуюць. І вучыць паспяваеш.
– Цікава, як ты вырашыла далучыцца да Чырвонага Крыжа?
– Гэта атрымалася спантанна. У восьмым класе ў школе ў Слуцку ладзіў мерапрыемства Чырвоны Крыж. Мне спадабалася. Напачатку дапамагала праводзіць трэнінгі. А зараз я фасілітатар (чалавек, які арганізуе зносіны групы – заўв. аўтара). Маю сертыфікат, што магу навучаць іншых людзей. У нас у школе сабралася добраахвотніцкая група. Мы хадзілі разам у прытулак да дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Праводзілі ў горадзе акцыі на збор грашовых сродкаў. Ці проста займаліся інфармаваннем. І я зразумела, што гэта маё. Усе ў Слуцку ведалі, што я праводжу трэнінгі ад Чырвонага Крыжа. І таму ўсе былі здзіўлены, што я пайшла на мехмат. Таму што думалі: я пайду на спецыяльнасць, звязаную з педагагічнай.
– Ты ўдзельнічала ў «Міс ММФ». Якія адчуванні ад конкурсу?
– Вельмі шмат пачуццяў. Я паступіла сюды і даведалася пра такую магчымасць. Адразу прынялася ўдзельнічаць. Было шмат рэпетыцый і мала часу для сну: сядзела да дзвюх гадзін ночы за хатнім заданнем. Час праляцеў хутка. Але я паспела пазнаёміцца з дзяўчатамі з розных курсаў. Вырашыла, што праз год пайду яшчэ раз.
– Там удзельнічала і твая аднагрупніца?
– Так, Яўгенія Анісько. Мы пасябравалі з першых тыдняў. Падтрымлівалі адна адну. Усе казалі, што мы пасварымся праз гэты конкурс. Але гэтага не адбылося. Перажывалі і галасавалі адна за адну да самага фіналу.
– Падабаецца атмасфера мехмата?
– Так. Тут увесь час прыдумляюць нейкія конкурсы. Калі ездзіла на фестываль факультэтаў і мне сказалі, што на мехмаце вельмі весела, у гэта было цяжка паверыць. Але затое зараз, калі я паступіла сюды, насамрэч разумею, што тут цікава.
– Вядома, зазіраць далёка першаму курсу складана, але ўсё ж: ці ёсць ужо пэўныя планы?
– Мару атрымаць другую вышэйшую адукацыю, магчыма, паступіць у педагагічны. Думаю, таму, што я люблю дзяцей. І нават у школе былі асаблівыя дні, калі школьнікі «замянялі» настаўнікаў. Тады я фізіку вяла ўвесь час. І мне так падабалася. Хачу другую спецыяльнасць, не звязаную з матэматыкай, каб разнастаіць сваю адукацыю. І ў магістратуру паступіць. Галоўнае, каб усё атрымалася.
Гутарыла Фаіна НАКАНЕЧНАЯ
Сесія без ніводнай пераздачы = торцiк ад рэктара)
2 Apr, 2015.