50 прэтэндэнтак, 20 фіналістак, 16 экспертаў, 18 партнёраў імпрэзы, 1 месяц падрыхтоўкі, 3 дэфіле, 320 прымерак і нават 2 непрытомнасці, але толькі адна пераможніца – усё гэта грандыёзны конкурс прыгажосці «Міс БДУ–2015».
Увечар 2 красавіка ў канцэртнай зале Prime Hall сабраліся ўсе знаўцы прыгажосці і элегантнасці, каб даведацца, хто ж заслужыць тытул самай прыгожай студэнткі БДУ. У холе ўсім ахвотнікам прапанавалі абраць «Міс глядацкіх сімпатый». Госці знемагалі ў чаканні пачатку конкурсу, не змаўкалі спрэчкі, хто ж атрымае запаветную карону пераможніцы. А мужчыны жартавалі пра вечную «пунктуальнасць» дам. І, нарэшце, шоу пачалося.
Макс Лорэнс – Зрывае дах
Задаў тон танцавальны калектыў TREND DELUXE. Вядучыя Канстанцін Прыдыбайла і Аляксей Барэйша прадставілі журы. Экспертамі былі выключна мужчыны – супрацоўнікі ўніверсітэта і партнёры мерапрыемства.
Нарэшце перад гледачамі з’явіліся прэтэндэнткі на званне «Міс БДУ–2015». Дзяўчаты прадэфілявалі ў чароўных кактэйльных сукенках. Гледачы сустрэлі іх апладысментамі. У многіх былі свае групы падтрымкі, якія ўсяляк падбадзёрвалі канкурсантак. Калі дзяўчаты адправіліся за кулісы для падрыхтоўкі наступнага выхаду, гледачам не давалі нудзіцца спевакі Ян Маерс і Ягор Волчак.
Падчас наступнага дэфіле дзяўчаты паўсталі ў далікатных вобразах нявест. У гэтым жа ўборы яны распавялі пра свае мары ў рамках інтэлектуальнага конкурсу і адказалі на падступныя пытанні вядучых. Дзяўчаты марылі пра рознае: як пра сямейнае шчасце і хатку ля мора, так і пра такія незвычайныя рэчы, як вывучэнне самурайскай тэхнікі бою з халодным мячом, палёт у космас і нават вандраванне ў часе. Здзівілі дзяўчаты не толькі арыгінальнымі марамі, але і формай іх прэзентацыі: Яна Петрачэнка загаварыла вершамі, а Юлія Гулько павітала прысутных на трох мовах, а аповед свой працягнула па-беларуску.
У перапынку паміж выхадамі ўдзельніц на сцэну выступілі артысты Дзмітрый Нікановіч з прэм’ерай песні «Ключы» і Антон Мартынаў, а таксама спявак Alen Hit.
Як трапна заўважыў вядучы, самым чаканым выхадам дзяўчат стала дэфіле ў купальніках. Аднак, да прыкрасці шматлікіх мужчын, канкурсанткі таямніча затуляліся лятучай тканінай. Але, нягледзячы на гэту перашкоду, можна было ацаніць выдатныя постаці ўсіх удзельніц.
Пакуль сябры журы і ўсе прысутныя ачуньвалі пасля выхаду канкурсантак у купальніках, на сцэне выканалі некалькі кампазіцый Аляксей Грос і Дзмітрый Камінскі.
Завяршальным выступленнем дзяўчат было шыкоўнае дэфіле ў вячэрніх строях. Пасля гэтага пачалося хвалявальнае ўзнагароджанне ўдзельніц.
Адзін з членаў журы Міхаіл Гаўрыльчык прызнаўся нам: «Выбар пераможніцы быў вельмі няпростым, сярод суддзяў вяліся сапраўдныя баталіі. Галоўным крытэрыем выбару пераможніц была знешнасць дзяўчат. Магчыма, для аб’ектыўнай ацэнкі троху не хапіла конкурсу талентаў, але ў цэлым шоу было вельмі цікавым і пазітыўным».
Спонсары мерапрыемства ўручылі падарункі ўсім дзяўчатам.
Яны таксама абралі ўласных фаварытак і ўзнагародзілі іх адмысловымі прызамі. «Міс NAVY» стала Валерыя Казлова, «Міс сімпатыя NAVY» – Дар’я Валкавец, абедзве – студэнткі Інстытута журналістыкі. Адмысловы прыз ад кампаніі Daroo атрымала Надзея Рымаровіч. «Міс стыль», па меркаванні кампаніі «Вайлдберыз», стала Ганна Міхальцова. «Міс Крыніца» была названа Яна Петрачэнка, якая таксама перамагла ў намінацыі «Міс фота». А адмысловым галасаваннем на сайце relax.by абралі «Міс інтэрнэт» – Кацярыну Кам’янаву. «Міс глядацкіх сімпатый» была прызнана Лізавета Доўгая. У галоўных намінацыях: трэцякурсніца ФМА Вольга Цвірбут стала другой віцэ-міс, а студэнтка чацвёртага курса журфака Валерыя Казлова – першай віцэ-міс.
Раскрыць галоўную інтрыгу вечара даручылі Міхаілу Гаўрыльчыку (прадстаўнік галоўнага спонсара – турфірмы «Элдыві») і рэктару БДУ Сяргею Абламейку. Кіраўнік універсітэта адзначыў, што ўсе ўдзельніцы прадэманстравалі спалучэнне прыгажосці і розуму і кожная вартая перамогі.
Запаветную карону пераможніцы і ганаровае званне «Міс БДУ» атрымала студэнтка трэцяга курса ФПМІ Яна Петрачэнка. Круіз па Балтыйскім моры на чацвярых чалавек стаў галоўным прызам.
Пераможінца падзялілася з намі пачуццём ад поспеху: – Самым складаным для ўсіх фіналістак конкурсу, вядома ж, былі штодзённыя 3-гадзінныя рэпетыцыі на працягу двух тыдняў перад конкурсам. Зноў і зноў адточваць дэфіле, трэніраваць сінхроннасць рухаў, цягавітасць нам даводзілася на вельмі высокіх абцасах. Я заўсёды марыла паўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці, верыла ў свой поспех. На шляху да гэтай мары мяне падтрымлівалі блізкія.
Апошні раз конкурс «Міс БДУ» праводзіўся пяць гадоў назад. Аднак арганізатары звярнулі ўвагу на вялікую цікавасць да мерапрыемства і паабяцалі арганізоўваць падобныя конкурсы часцей.
Яўгенія ВІННІК,
Дар’я КОЎЗА
Яшчэ больш фота тут
І відэа: