Аркадзь Брыш, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, выпускнік фізмата БДУ 1940 года: «Мы стварылі бомбу дзеля міру»

6 мая, 2015.

Бріш

Сёлетні год вылучаецца важнай падзеяй для ўсіх людзей свету – 70-й гадавінай пе­ра­могі над фашысцкай Германіяй. Гэту дату адзначаюць усе сумленныя, свабодалюбныя людзі, якія разумеюць значэнне гэтай падзеі, незалежна ад іх грамадзянства, нацыянальнай і канфесійнай пры­належнасці. Час сцірае боль пакут; велічныя новабудоўлі, каласаванне ніў ужо даўно схавалі крывавыя сляды жахлівых разбурэнняў. Выраслі новыя пакаленні, якія не бачылі карцін жахаў, разгорнутых наяве страшнай машынай фашызму. Аднак генетычная памяць пра той час і нямы наказ нашых прод­каў «абараняць Радзіму і не пад­давацца на абяцанкі ворага», па маіх назіраннях, нашай моладдзю засвоены трывала.
Напярэдадні вялікага юбілею хочацца распавесці пра ўдзель­ніка Вялікай Айчыннай вайны, выпускніка фізмата БДУ 1940 г. – Аркадзя БРЫША.
Аркадзь Адамавіч – адзін са стваральнікаў ядзернай зброі ў СССР, удзельнік партызанскай барацьбы ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыя­лістычнай Працы, лаўрэат Ленін­скай і Дзяржаўных прэмій, Заслужаны дзеяч  навукі і тэхнікі Расій­скай Федэрацыі, доктар тэхнічных навук, прафесар.
Аркадзь Адамавіч адлічвае ўжо дзясяты дзясятак напружаных, цяжкіх, але плённых і шчаслівых гадоў. Вучоба на фізіка-матэма­тычным факультэце БДУ, каротка­часовая праца ў НДІ хіміі АН БССР, баявыя дзеянні ў якасці разведчыка штаба партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава. Потым ізноў вучоба, навуковая і канструктарская праца, вучоба, вучоба, вучоба… у кіраўнікоў і падначаленых, па кнігах і артыкулах, на нарадах, на працы і дома, у будныя і святы, у бяссонныя ночы роздумаў. Бо праца, як правіла, выконвалася ва ўмовах вострага недахопу абсталявання, матэрыялаў, сцісласці тэрмінаў. На пройдзеным шляху гэтулькі хваляванняў, сустрэч, гэтулькі, здавалася, бязвыхадных сітуацый… і гэтулькі паспяховых рашэнняў, заслужаных узнагарод. Пражытыя гады Аркадзь Адамавіч успамінае з гонарам.

ИТМО-17
Аркадзь Адамавіч Брыш на­радзіўся 14 мая 1917 г. у сям’і беларускага настаўніка фізікі. Бацька, які распачаў настаўніцкі шлях у 1901 г., змог прышча­піць маленькаму сыну такія важныя для любога чалавека якасці, як працавітасць, абавязковасць і адказнасць, а яшчэ – любоў да тэхнікі, матэматыкі і фізікі як падмурку інжынернай справы.
Пасля 7 класаў сярэдняй школы Аркадзь паступіў у фабрычна-завадскую вучэльню. Працоўную дзейнасць пачаў у 14 гадоў (у кастрычніку 1931 г.) вучнем электраманцёра Беларускай канторы Усесаюзнага электратэх­нічнага аб’яднання. У 1932–1935 гг., працуючы электраманцёрам, вучыцца ў вячэрняй школе Заходняй чыгункі. Пасля сярэдняй школы ў 1935 г. паступае на фізіка-матэматычны факультэт БДУ. У студэнцкія гады А. Брыш акрамя навучальных заняткаў наведвае навуковы гурток, дзе выступае з рэфератамі, выконвае першыя даследаванні. Акрамя таго ён актыўна займаецца ў спартыўных секцыях (спачатку ў веласіпеднай, затым у лыжнай). У перыяд летніх вакацый працуе важатым у пія­нерскім лагеры, сумяшчаючы працу, якая дае матэрыяльную пры­баўку ў бюджэт сям’і, педа­га­гічную практыку і адпачынак.
У 1940 г. дыпламаваны фізік Аркадзь Брыш пачынае навуковую працу ў Акадэміі навук БССР. Ма­ладога спецыяліста-фізіка накіроў­ваюць у Інстытут хіміі АН БССР з заданнем: рэнтгенаграфічнымі ме­та­­дамі  даследаваць структуру  і фа­­за­вы  склад розных рэчываў. Аднак малодшаму навуковаму супра­цоў­ніку А. А. Брышу, які з захапленнем паглы­біўся ў навуковую працу, не атрымалася выканаць нават най­блі­жэй­шыя задачы. Пачалася вайна, і прыйшлося адмовіцца ад планаў.
Вайна. Гэта асобная старонка ў жыцці Аркадзя Адамавіча, якая не проста пакінула свой незгладжальны след у яго памяці, але і, думаецца, у нейкай ступені прадвызна­чыла яго жыццёвы шлях. У Мінску і яго наваколлі адразу ж пасля прыходу нямецка-фашысцкіх захопні­каў пачалі фарміравацца падпольныя групы і партызанскія атрады. У адну з такіх падпольных груп, якую ўзначальвала Анастасія Верамейчык, увайшоў Аркадзь Брыш. Гэта група здабывала і перадавала ў партызанскі атрад разведвальныя дадзеныя, зброю, боепрыпасы і медыкаменты. На яе рахунку выманне і захаванне сейфа з архівам народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа, арганізацыя нелегальнага праслухоўвання радыёперадач з Масквы, распаў­сюд­жанне ўлётак. Аркадзь Брыш браў самы актыўны ўдзел у дзейнасці падпольнай групы. Ён арганізаваў вываз з Мінска абсталявання і ма­тэрыялаў для падпольнай друкарні, быў сувязным, разведчыкам, а затым увай­шоў у разведгрупу штаба брыгады імя К. Варашылава, якая дзейні­чала ва Уздзен­скім раёне. Хадзіў на баявыя заданні, удзель­нічаў у шмат­лікіх баях з акупантамі. У пры­ватнасці, у снежні 1943 г. спры­чыніўся да разгрому буйной калоны фашысцкіх аўтамашын, якія ахоў­валіся бра­невікамі, на шашы Мінск – Слуцк. За ўдзел у баявых аперацыях у тыле ворага ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені.
У 1944 г. рашэннем штаба партызанскага руху Беларусі А. А. Брыш быў адкамандзіраваны для працягу навуковай працы ў Ін­сты­тут машыназнаўства АН СССР у Маскву. У 1947 г. А. А. Брыш ува­ходзіць у лік першых супрацоўнікаў КБ-11, так званы «Арзамас–16».

На пасадзе галоўнага канструктара ядзерных боепрыпасаў СССР працаваў з 1964 да 1993 г., затым 12 гадоў – на пасадзе галоўнага канструктара ядзерных боепры­пасаў Расіі. З 1996 г. ён з’яў­ляецца ганаровым кі­раў­ніком Расійскага федэральнага НДІ авія­цыйнай аўтаматыкі імя М. Л. Духава ў  Маскве. Вынікі прац Аркадзя Ада­мавіча адзначаны высокімі ўзнага­родамі.
За паспяховае выкананне спецыяльных заданняў урада, за адвагу, устойлівасць і мужнасць, выяў­леныя ў партызанскай барацьбе супраць нямецка-фа­шысцкіх за­хоп­нікаў, за заслугі перад дзяржавай, вялікі асабісты ўнёсак у развіццё атамнай прамысловасці і баяздольнасці краіны А. А. Брыш быў ганараваны шматлікімі дзяр­жаўнымі узнагародамі:
залаты медаль «Серп і Молат» (1983), чатыры ордэны Леніна (1955, 1962, 1966, 1983 гг.), ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі (1976 г.), ордэн Пашаны (1999), два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1951, 1954 гг.), ордэн Айчыннай вайны II ступені (1985 г.), ордэн Чырвонай Зоркі (1948 г.), медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені (1944 г.), медаль «За перамогу над Гер­маніяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1945 г.), каля 20 іншых медалёў за значны ўнёсак у ратныя і працоўныя справы.
Беларусь не толькі месца, дзе прайшлі 27 гадоў жыцця, месца, дзе нарадзіўся, рос, вучыўся, ваяваў Аркадзь Адамавіч. Тут аднапалчане, знаёмыя лясы, хаты і вуліцы, сябры юнацкасці і новыя знаёмыя. Тут была бацькоўская хата. Тут магіла бацькі, які прапра­цаваў настаўнікам у школах Мінска 56 гадоў, памёр у 1961-м, магіла  маці, якая толькі на пяць гадоў перажыла свайго мужа, бацьку Аркадзя Адамавіча.
Неяк позняй восенню мы разам з Аркадзем Адамавічам шукалі пад зацярушанай лістотай магілы яго бацькоў. Калі знайшлі і змялі тоў­сты пласт кляновага і бярозавага лісця, Аркадзь Адамавіч доўга стаяў з непакрытай галавой ля магіл блізкіх і дарагіх яму людзей. Каб не замінаць, я адышоў. Потым, ужо ў машыне, Аркадзь Адамавіч сказаў: «Штосьці злучае нас з тым светам. Пабыў на магілах і як бы пагаварыў. Я фізічна адчуваю неабходнасць прыязджаць сюды. Пабываю на магілах, становіцца лёгка. Пройдзе нейкі час, адчуваю: трэба зноў ехаць».
Кожны раз пры сустрэчах Аркадзь Адамавіч горача цікавіўся ўніверсітэтам, з вялікім задавальненнем сустракаўся са студэнтамі, выкладчыкамі, навукоўцамі, пры гэтым не толькі распавядаў, але цікавіўся ўзроўнем падрыхтоўкі, задаваў шмат пытанняў студэнтам. Што іх хвалюе? Якія курсы лекцый іх найболей цікавяць? Чаму? Якія віды прызаробку лепшыя? Як праводзяць канікулы? Які працэнт студэнтаў падчас вучобы стварае сем’і? Дзе збіраюцца выкарыстоў­ваць атрыманыя ва ўніверсітэце веды? Як шмат ахвотнікаў з’ехаць працаваць за мяжу? Ці шмат ахвотнікаў ісці ў навуку? Паступаць у аспірантуру?
З вялікай радасцю Аркадзь Адамавіч сустракае гасцей з Мінска ў маскоўскай кватэры. Заўсёды пачастункі, сярод якіх большасць прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, і роспыты пра справы вашы асабістыя і вашых блізкіх, агульных знаёмых, пра фі­зічны факультэт універсітэта, пра кі­раўнікоў рознага ўзроўню, пра агульнае становішча ў горадзе і кра­іне, пра фінансаванне навукі і г. д. Памятаецца, Аркадзь Адама­віч і яго жонка (цяпер ужо нябожчыца) Любоў Сямёнаўна (выпускніца геафака БДУ) заўсёды пачастуюць разнасоламі, аточаць увагай, знойдуць цікавую тэму, зробяць усё, каб госць адчуў сябе нязмушана і, колькі дазваляе час, сам не жадаў сыходзіць.
Аркадзь Адамавіч Брыш мае звыш 300 навуковых прац і 30 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.

ИТМО-15 Яму ёсць што распавесці, што ўспомніць. Да таго ж, ён выдатны апавядальнік. Жалезная ло­гіка, вобразнасць выразаў, шчырасць эмоцый, стрыманыя, упэўне­ныя жэсты, мэтанакіраваны погляд проста зачароўваюць слухачоў. Не верыцца, што яму вось-вось будзе 98. Ён прыцягвае асабістай абаяльнасцю, якая выпраменьвае цеплыню, тонкі гумар, выразнасць меркаванняў, накіраванасць у будучыню. І сёння ён выглядае жыццярадасным, поўным сіл і нейкай унутранай энергіі, неверагодна дзейным, маладжавым, станістым.
Навуковыя распрацоўкі А. А. Брыша былі звязаны са стварэннем спецыяльнай апаратуры, якая дазволіла істотна ўдасканаліць працу атамнага зараду. У сваёй працы па стварэнні вакуумных пры­­бораў Аркадзь Адамавіч паказаў сябе як першакласны эксперыментатар і вялікі знаўца электрычных працэсаў у вакууме. Пасля рашэння электравакуумных пытанняў ён прыняў удзел у распрацоўцы комплексу спецыяльнай апаратуры, якая забяспечвае больш поўны распад радыё­актыўных рэчываў пры ядзерным  выбуху, гэта значыць стварэнне так званага «чыстага зараду». Паспяховае развіц­цё гэтай галіны ў значнай меры звязана з вялікай навуковай працай, якую выканаў Аркадзь Ада­мавіч Брыш і калектыў пад яго кі­раўніцтвам. Ён з’яўляўся ўдзель­нікам шматлікіх паветраных і падземных ядзерных выпрабаванняў на Сяміпалацінскім і Новазямель­скім выпрабавальных палігонах мі­ністэрства абароны. Яго імя  доб­ра вядомае ў ядзерных нацыянальных лабараторыях ЗША, Вялі­ка­бры­та­ніі, Францыі, Кітая. Ён карыстаецца велізарным аўтарытэ­там сярод замежных калегаў.

ИТМО-21
Сёння, з’яўляючыся ганаровым навуковым кіраўніком Усерасій­скага навукова-даследчага інсты­тута аўтаматыкі імя М. Л. Духава,  Аркадзь Адамавіч актыўна працуе па новых кірунках: забеспячэнне бяспечнага захоўвання ядзерных зарадаў, выкарыстанне ядзерных  баегаловак у мірных мэтах (у пры­ватнасці, для барацьбы з астэро­ідамі), займаецца рэдактарскай  справай. Ён актыўна працуе над парадкаваннем навуковай спадчыны  і захаваннем айчыннага прыярытэту ў такой сакрэтнай раней га­ліне навукі. Яго выдавецкую дзейнасць красамоўна ілюструюць уні­кальныя кнігі «Ваенная моц Са­вецкага Саюза: ад Сталіна да Гарбачова», «Чалавек стагоддзя Юлій Бары­савіч Харытон», у якіх не толь­кі вялікія артыкулы Аркадзя Ада­ма­віча, але і яго навуковае рэдагаванне і арганізацыйная праца як члена рэдкалегіі. Ён працягвае пра­цаваць у Міжведамаснай камі­сіі па радыяцыйнай устойлівасці ядзерных боепрыпасаў.
Аркадзь Адамавіч часта сустракаецца са студэнтамі, выступае ў розных калектывах, адстойваючы і абараняючы цяжкае, але высокамаральнае  і, можна сказаць, шчас­лівае мінулае нашай вялікай краі­ны. Як ён кажа, «узнавіць правіль­ную карціну нашага недалёкага мінулага ў моладзі, абараніць ад нагаворшчыкаў, якія ўзялі гатовыя заходнія карыкатуры на савецкі час і выдаюць іх за рэчаіснасць».
У апошні прыезд Аркадзя Брыша ў Мінск у сакавіку 2012 г. ён выступаў з 2-гадзіннай лекцыяй, адказваў на мноства пытанняў у Інстытуце цепла- і масаабмену НАН Беларусі. Некаторым з прысутных дастаўся падарунак: кніга «Аркадзь Адамавіч Брыш», выда­дзеная  ў серыі «Творцы ядзернага стагоддзя» маскоў­скім выдавецтвам «Атамная тэх­ніка». Кніга змяшчае ўступнае слова кіраўніка Федэральнага агенцтва па атамнай энергіі Расіі С. У. Кірыенкі з высокай ацэнкай дзей­насці А. А. Брыша.
«Адной з найважнейшых умоў прызнання за Расіяй статусу вялі­кай дзяржавы з’яўля­ецца надзейнасць і бяспека яе ядзернага арсенала, эфектыў­насць ядзерна-зброевага комплексу. Сучасны стан ядзернай зброі і ЯАК «Расатам» быў дасягнуты шмат у чым дзякуючы найвышэйшаму ўзроўню патрыятызму, адданасці сваёй справе людзей, якія ў ім працуюць. Да такіх абраных як па прафе­сійных, так і па чалавечых якасцях людзей, без сумневу адносіцца Аркадзь Адамавіч Брыш. Яго самаадданае служэнне атамнай галіне Расіі, якое працягваецца больш за 60 гадоў, пачуццё найглыбейшай грамадзянскай адказ­насці за здзей­сненае выклікаюць у мяне каласальную павагу».
Усё далей і далей час адлучае нас ад краіны, якая насіла назву Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэс­пуб­лік. Для многіх прад­стаў­нікоў старэйшага пакалення гэта назва непа­рыўна звязана з гонарам, магутнасцю і  росквітам Айчыны – СССР, з гонарам за Вялікую перамогу над фашызмам, за першы спа­дарожнік, за Гагарына, за шмат­лікія навуковыя адкрыцці су­светнага значэння і маштабу. Ядзер­ная зброя, стварэнню якой пры­свяціў многія гады наш зямляк Аркадзь Брыш, выпускнік фізмата БДУ, хоць і была пэўным паўторам, зму­шанай мерай, дазволіла нашай краіне ацверазіць заўзятых зма­га­роў кіраваць іншымі народамі і распараджацца іх лёсам.
Агульнапрызнана, што на­яў­насць магутнай ядзернай зброі, у першую чаргу ў вялікіх дзяржаў, з’явілася стрымальным фактарам, які забяспечыў на працягу дзеся­цігоддзяў захаванне жыцця на Зямлі, хоць утрымаць ад лакаль­ных кровапралітных войнаў не атрымалася. Ядзерная зброя шматлікія гады служыла шчытом для народаў свету, у самы небяспечны перыяд «халоднай вайны» стрымала «гарачыя» галовы ад амбіцый, сквапнасці  і безразважных загадаў.
Думаецца, што ў гэтым і заключаецца вялікая роля стварэння ядзернай зброі, што апраўдвае датычных да яе вынаходства людзей у вачах тых, хто яшчэ сумняваецца ў мэтазгоднасці і людскасці маты­ваў яе прызначэння. Калі б не было ў СССР ядзернай зброі, свет сёння размаўляў бы пра «волю» не толькі на іншай мове, але і ў іншым сэнсе.
14 мая 2015 г. Аркадзю Брышу спаўняецца 98 гадоў. З днём нараджэння, Аркадзь Адама­віч! Здароўя Вам  і творчых поспе­хаў !!!
Эдуард ШПІЛЕЎСКІ,
вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута цепла-  і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі

ОТЕЛЬ МИНСК  15. 15.03.2012

print

Вам таксама можа спадабацца: