Беларусь далучылася да Балонскага працэсу. Што гэта за выратавальны круг?

29 мая, 2015.

болонскій процесс

Беларусь стала 48-й краінай, якая далучылася да Балонскай канвенцыі. Такое рашэнне прынялі міністры адукацыі дзяржаў агульнаеўрапейскай прасторы на саміце ў Ерэване.

Беларускую дэлегацыю ўзна­ча­ліў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. У яе склад уваходзіў і рэктар БДУ Сяргей Абламейка.
Адзначым, з моманту падачы за­яўкі Беларусі для ўдзелу ў гэтай агуль­наеўрапейскай адукацыйнай праграме прайшло амаль пяць гадоў. Айчынныя эксперты гэтым часам бралі ўдзел у шэрагу між­народных семінараў, якія рэалі­зуюцца ў рамках дзейнасці Ба­лонскага сакратарыята. Распачы­нанні, звязаныя з укараненнем прын­цы­паў Балонскай дэкларацыі, знай­шлі сваё адлюстраванне ў шмат­лікіх афіцыйных дакументах: у загадах Міністэрства адукацыі нашай краіны, Дзяржаўнай праграме развіцця вышэйшай аду­кацыі на 2011–2015 гады, праграме дзей­насці ўрада Беларусі на 2011–2015 гады і г. д.
За час абмеркавання новай мадэлі адукацыі выявіўся шэраг прыхільнікаў і не менш яе супер­нікаў. Што ж гэта за выратавальны круг – Балонскі працэс?
Мяркуецца, што з далучэннем да Балонскага працэсу актыві­зу­юццца стажыроўкі студэнтаў у еўрапейскія ВНУ. Мабільнасць з’яўляецца ключавым імператы­вам гэтай мадэлі, і розныя паездкі – частка студэнцкага жыцця.
Даведачная інфармацыя паказвае, што Балонскі працэс – гэта збліжэнне і гарманізацыя сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай еўра­пей­скай прасторы вышэйшай адука­цыі. Для таго, каб да яго далучыцца, краіна-ўдзельніца бярэ на сябе абавязальніцтвы: бясплатна выдаваць усім выпускнікам універ­сітэтаў еўрапейскія дадаткі да дыпломаў бакалаўра і магістра (адзінага ўзору), рэфармаваць нацыянальную сістэму адукацыі ў адпаведнасці з асноўнымі пала­жэннямі Балонскай дэкларацыі, якая была падпісана ў 1999 годзе ў Італіі, і г. д.
Правядзенне адукацыйных рэ­формаў выгаднае любой еўрапей­скай дзяржаве. Гэта прадыктавана ў першую чаргу свабодным пера­соўваннем працы (працоўнай сі­лы), тавараў і капіталу. Адгэтуль і паўстала неабходнасць у параў­нальнасці кваліфікацый у галіне вышэйшай адукацыі.
Наша краіна далучаецца да Балонскага працэсу зыходзячы з відавочных матываў. Сістэма аду­кацыі Беларусі мае еўрапейскія карані. Узаемадзеянне з адзінай адукацыйнай прасторай Еўропы мяркуе агульнапрынятыя правілы, якія павялічваюць прывабнасць і канкурэнтаздольнасць нашай нацыянальнай адукацыі ў сучасным свеце. У прыватнасці, у Беларусі рэалізавана двухступеньчатая сіс­тэма навучання, ёсць бакалаўрыят (3–5 гадоў навучання ў залежнасці ад спецыяльнасці) і магістратура. Плануецца, што ў будучыні значная частка магістар­скіх курсаў у краіне будзе выкладацца на англійскай мове. Увогуле, інтэграцыя Беларусі ў Балонскі працэс спросціць кантакты нашага ўніверсітэта з еўра­пейскімі партнёрамі ў галіне аду­кацыі і культуры.
Што дасць далучэнне да Еўра­пейскай прасторы вышэйшай адукацыі? Прызнанне ў еўрапей­скіх краінах дыпломаў і кваліфі­кацый, атрыманых у Беларусі, магчымасць вучыцца ў іншых універ­сітэтах, а таксама аўтано­мію і непахіснасць акадэмічных свабод.
Як вядома, ідэальнай адпа­веднасці прынцыпам Балонскага працэсу няма ні ў адной краіне. Усюды ўлічваюцца спецыфічныя асаблівасці дзяржавы, пранцыпы пабудовы яе адукацыйнай сістэмы.

763f3526+
Ідэі стварэння еўрапейскай універсітэцкай супольнасці і адзі­най Еўрапейскай прасторы вы­шэйшай адукацыі зыходзяць ад найстарэйшага ў Італіі Балонскага ўніверсітэта. Яшчэ ў 1986 годзе, рыхтуючыся да 900-гадовага юбі­лею, кіраўніцтва ВНУ звярнулася да ўсіх універсітэтаў Еўропы з прапановай прыняць Вялікую хартыю ўніверсітэтаў – Magna Charta Universitarum. Ідэя была з запалам падхоплена, і падчас юбілейных імпрэз у 1988 годзе гэты дакумент, які абвяшчае ўніверсальныя і не­пераходныя каштоўнасці ўнівер­­сі­тэцкай адукацыі, а таксама неабходнасць цесных сувязяў паміж імі, быў падпісаны рэктарамі 80 вышэйшых навучальных устаноў. У 1999 годзе на радзіме Magna Charta, у Балонні, адбылася гіс­тарычная Першая канферэнцыя трыццаці еўрапейскіх міністраў адукацыі. Прынятая імі дэклара­цыя «Зона еўрапейскай вышэйшай адукацыі» вызначыла асноўныя мэты, якія вядуць да дасягнення супастаўнасці і, у канчатковым выніку, гарманізацыі нацыянальных адукацыйных сістэм вышэйшай адукацыі ў краінах Еўропы. З гэтай дэкларацыі і пачынаецца Балонскі працэс.
Жанна ВАСАНСКАЯ

 

Дзесяць асноўных кірункаў Балонскага працэсу

(10 Bologna Action Lines):

  1. Прыняцце сістэмы агульназразумелых, параўнальных кваліфікацый (ступеняў).
  2. Укараненне двухступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят – магістратура).
  3. Выкарыстанне сістэмы заліковых адзінак (акадэмічных крэдытаў), колькасць якіх залежыць ад аб’ёму гадзін па дысцыпліне, і адлюстраванне навучальнай праграмы ў дадатку да дыплома, узор якога распрацаваны ЮНЕСКА.
  4. Развіццё акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, выкладчыкаў і адміністрацыйна-кіраўнічага персаналу.
  5. Узаемнае прызнанне кваліфікацый і адпаведных дакументаў у галіне вышэйшай адукацыі, забеспячэнне аўтаномнасці ВНУ.
  6. Развіццё еўрапейскага супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі.
  7. Навучанне на працягу ўсяго жыцця.
  8. Актывізацыя ўдзелу ВНУ і студэнтаў у развіцці Балонскага працэсу.
  9. Узмацненне еўрапейскага складніка ў сістэме вышэйшай адукацыі Еўропы.
  10. Увядзенне дактарантуры ў агульную сістэму вышэйшай адукацыі (у якасці трэцяга ўзроўню); аб’яднанне Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і Еўрапейскай прасторы навуковых даследаванняў.
print

Вам таксама можа спадабацца: