Пад такім слоганам прайшла з 5 па 7 мая XIХ Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”. Свой уклад у яе ўнеслі Інстытут журналістыкі і рэдакцыя газеты “Універсітэт”.
Сёлета больш за 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Індыі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Швецыі кампактна размясціліся на 60 стэндах у Нацыянальным выстаўным цэнтры “БелЭкспа”. На пляцоўцы НВЦ былі прадстаўлены друкаваныя і аўдыявізуальныя СМІ, інфармацыйныя агенцтвы, аб’яднаныя медыяструктуры, інтэрнэт-правайдары, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі і рэкламныя арганізацыі, выдавецтвы і друкарні.
Тут жа журналістам і гасцям выставы паказалі і новы інтэрнэт-партал “БелСМІ”, які дазволіць націскам адной кнопкі пазнаёміцца з усімі друкаванымі выданнямі Беларусі.
– Інфармацыйная прастора Беларусі – адкрытая і дынамічна развіваецца. Пры гэтым яна патрабуе нястомнай і штодзённай працы ўсіх удзельнікаў. Нельга спыняцца ні на секунду. У той жа час важна не проста першым знайсці навіну, але адшукаць якасную, карысную інфармацыю. Задача прэсы – фарміраваць асобу чалавека, пачынаючы з малых гадоў пасродкам дзіцячых газет, працягваючы дарослымі выданнямі, якія выхоўваюць грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны, – адзначыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Па яе меркаванні, галоўнай тэмай для СМІ было і застаецца развіццё нашай краіны, умацаванне беларускай дзяржаўнасці.
Выстава “СМІ ў Беларусі” гэтага года прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі. Як дадала намеснік прэм’ер-міністра нашай краіны Наталля Качанава:
– Кожнаму грамадзяніну Беларусі важна захаваць памяць пра герояў вайны, пра подзвіг нашых продкаў. І сродкі масавай інфармацыі іграюць у гэтым важную ролю. Дзякуючы СМІ мы даведваемся нават малавядомыя факты тых страшных часоў.
XIХ Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМI ў Беларусi” прадставіла гасцям разнастайную праграму: прэс-дыялогі, дыскусіі, прэзентацыі праектаў, сустрэчы з вядомымі журналістамі, вядучымі, мастакамі, пісьменнікамі і паэтамі. І, вядома ж, друкаваную прадукцыю на любы густ.
Ваеннае інфармацыйнае агенцтва “ВоенТВ” зрабіла тэматычную фотазону, а стэнд газеты “Аргументы і факты ў Беларусі” – бяспройгрышную стаўку на жывёл. Усе ахвотнікі маглі сфатаграфавацца ў абдымку з няўрымслівым джэк-расэлам ці з рахманым і спакойным лабрадорам. Ажыўленая атмасфера была на стэндзе “Студэнцкія СМІ Рэспублікі Беларусь”, дзе заваблівалі публіку рознымі перфомансамі прадстаўнікі газет і відэацэнтраў сталічных і рэгіянальных ВНУ. Актыўныя размовы вяліся і ля стэнда Інстытута журналістыкі БДУ.
Тут жа быў разгорнуты плакат газеты “Універсітэт”, і ішла бойкая раздача нумароў выдання, а на вялікім маніторы дэманстравалася прэзентацыя медыяцэнтра БДУ.
Экспаненты выставы прадставілі новыя тыпы кантэнту, шляхі рашэння пытанняў па арганізацыі вяшчання праз новыя каналы перадачы інфармацыі, стылістычнай спецыфікі анлайн-журналістыкі і іншых аспектаў. На першае месца выходзіць рэалізацыя запатрабаванняў грамадства ў атрыманні рознапланавай, якаснай, а галоўнае аператыўнай інфармацыі пасродкам усіх даступных каналаў камунікацыі.
Падрыхтаваў Міхаіл МАШЧЭНСКІ
Фота 1, 5, 6, 7 Ганны Занковіч