Выкладчык, намеснік дэкана Інстытута журналістыкі БДУ Таццяна Сіліна-Ясінская: “Свавольствам хлеба не здабудзеш”

25 мая, 2015.

 бгу силина-ясинская журфак

Набліжацца час летняй практыкі ў Інстытуце журналістыкі БДУ. У будучых журналістаў узнікае мноства пытанняў: якое месца было б найлепшым для практыкі, якія правы і абавязкі ў практыкантаў, ці можна праходзіць практыку не ў адпаведнасці са сваёй спецыялізацый? На гэтыя і іншыя пытанні адказала старэйшы выкладчык кафедры перыядычнага друку, намеснік дэкана па творчым супрацоўніцтве са СМІ Таццяна Уладзіміраўна СІЛІНА-ЯСІНСКАЯ.

— Таццяна Уладзіміраўна, пятнаццаць гадоў таму вы скончылі факультэт журналістыкі БДУ, прапаную ўспомніць мінулае. Ці памятаеце вы сваю першую практыку? Дзе вы яе праходзілі?

— Так, я памятаю сваю першую практыку. Яна ў нас была ўлетку, як і ў вас, у ліпені. Я праходзіла яе на тэлеканале “Беларусь-1” Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь у праграме “Калыханка”.IMG_6712

— Атрымліваецца, вы вучыліся на спецыяльнасці “аўдыявізуальныя СМІ”?

— Раней не было такога дзялення на спецыяльнасці, як цяпер. У нас была агульная спецыяльнасць “журналістыка”, і нас дзялілі па кафедрах. Першая практыка была азнаямленчай, і большасць ішла на радыё, а асабліва адораныя – на тэлебачанне (смяецца). Мы пісалі сцэнарыі для “Калыханкі”, далей былі больш сур’ёзныя заданні – мы рабілі сюжэты. Праходзіць практыку на радыё было лягчэй, таму што там было больш магчымасцяў штосьці апублікаваць, зрабіць сюжэт, прадставіць навіну. Практыка на радыё не была звязана з такім працэсам, як здымкі, таму было нашмат прасцей.

— Ці было ў вас такое ўражанне на першай практыцы, што ва ўніверсітэце вас вучылі не таму? Што паняцця пра рэальную працу ў сферы журналістыкі вы не маеце?

— Трэба ўлічваць, што мэта першай практыкі – пазнаёміцца з працай у рэдакцыі. Вядома, гэта далёка ад матэрыялу шматлікіх прадметаў, якія вывучалі студэнты першага курса. Але вывучаліся і асновы паліграфіі, выпуск навучальнай газеты, асновы фотажурналістыкі, асновы журналістыкі. Вось на практыку студэнты і паглядзелі як гэта ўсё ўзаемазвязана. Калі я ўпершыню прыйшла на практыку, мне было вельмі цікава паглядзець на ўсю гэту пабудову. З нецярпеннем чакала сустрэчы з цікавымі і знакамітымі людзьмі, але, тым не менш, мы сутыкнуліся з такімі пасрэднымі буднямі, як звычайны кабінет, у якім сядзяць усе рэдактары і выпраўляюць нашы тэксты. Камп’ютараў тады яшчэ не было. Упершыню мы скарысталіся імі, калі абаранялі дыпломныя працы. Ніхто нават не глядзеў на афармленне, таму што ўсё было жудасна. А да дыплома ўсё набіралася на друкаванай машынцы ў 5 асобніках праз капірку. Няшчасным рэдактарам даводзілася сядзець і ўсё гэта вычытваць. Нам, з аднаго боку, было прасцей, таму што шматлікія памылкі, якія ўзнікаюць ад чалавечага фактару, нам дараваліся. Сёння ўжо такое немагчыма.

— Калі ўявіць, што цяпер вы студэнтка нашага факультэта і вырашаеце, куды пайсці на практыку, куды б вы пайшлі? Улічваючы, што цяпер вам знаёмы працэс працы шматлікіх рэдакцый і арганізацый.

— Я б, напэўна, абрала такую арганізацыю, як агенцтва “Мінск-навіны”, у якой спалучаюцца некалькі кірункаў працы.

IMG_6680-Чаму менавіта яно?

-Там ёсць дзве газеты, інфармацыйнае агенцтва, радыё. Адным скокам можна забіць некалькі зайцаў, хоць у любым выпадку рэдакцыя сама вырашае, у якое падраздзяленне накіраваць студэнта. І, знаходзячыся там, можна назіраць за працай розных падраздзяленняў. Гэта дапамагае вызначыцца, дзе б вы хацелі працаваць у далейшым. Ну, інфармацыйнае агенцтва добрае і тым, што яно дазваляе прачуць усю мабільнасць працы журналіста.

— Але, напэўна, гэта і складаней?

— Так, гэта складаней. Калі на працягу трох гадзін трэба напісаць матэрыял, адрэдагаваць яго і здаць – гэта няпроста.

— Хочацца задаць адно актуальнае для многіх пытанне: ці можна нашым студэнтам праходзіць практыку за мяжой?

— Насамрэч, практыка за мяжой у нас не прадугледжана. Лічыцца, што вы вывучаеце беларускія СМІ, беларускую журналістыку. Такім чынам, павінны практыкавацца ў беларускіх СМІ – гэта адзін пункт гледжання. З іншага боку, універсітэт не проста адпраўляе вас на практыку. За вас нясе адказнасць і ўніверсітэт, і тая арганізацыя, куды мы вас адпраўляем. У нас ёсць такі дакумент, як палажэнне пра практыку студэнтаў БДУ. Паводле гэтага дакумента, за мяжой могуць праходзіць практыку толькі замежнікі. У прыватнасці, кітайскія студэнты, вы ведаеце, што ёсць такое паняцце як моўны бар’ер, таму большасць кітайскіх студэнтаў, туркмены, украінцы, яны могуць ехаць за мяжу. Завочнікі могуць праходзіць практыку ў сябе на радзіме, па месцы пражывання. Быў эксклюзіўны выпадак, калі ў нас адна студэнтка афіцыйна праходзіла практыку ў Маскве ў міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір”. Мы вельмі доўга дакументальна афармлялі, узгаднялі дамовы, гэта быў складаны працэс. Я спадзяюся, у рамках саюза Расія – Беларусь – Казахстан ў хуткім часе сістэма стане прасцейшай.

— Ёсць яшчэ такі тэхнічны момант. За некалькі месяцаў перад практыкай вы выдаяце студэнтам бланкі, у іх трэба запісаць месца праходжання практыкі. У сувязі з гэтым пытанне: гэта павінна быць месца, у якое студэнт хоча пайсці, ці месца, у якое студэнта стопрацэнтна возьмуць?

— Пытанне зразумелае (усміхаецца). Зараз такое, напэўна, існуе толькі на нашым факультэце. Мы даём студэнтам права выбару. Усё-такі журналістыка творчая прафесія: камусьці цікавая газета, камусьці радыё, тэлебачанне. У шматлікіх студэнтаў ёсць пастаянныя ўзаемасувязі з рэдакцыямі – усё гэта потым вядзе да размеркавання. Гэта сур’ёзна. Таму мы прапануем студэнтам, калі даём гэтыя формы, запісаць тое месца практыкі, дзе яго гарантавана возьмуць. Натуральна, калі першакурснік захоча ў “Савецкую Беларусь” ці “Камсамольскую праўду”, мы ведаем, што туды яго не возьмуць. Традыцыйна кожны год у нас складаюцца дамовы з такімі кангламератамі, як холдынг “Савецкая Беларусь”, холдынг “Звязда”, агенцтва “Мінск-навіны”, “БелТА”, Белтэлерадыёкампанія, у нас вельмі шмат студэнтаў туды накіроўваецца. Усё прадумана, каб не перагружаць рэдакцыі, асабліва ў адпускны перыяд. Таму прапануюць вам самім знайсці месца, дзе вам цікава. Напэўна, так правільней.

— Так, не магу не пагадзіцца з вамі. Яшчэ цікавы момант, калі мы тэлефанавалі ў рэдакцыі розных газет, у тым ліку “7 дзён”, “Савецкая Беларусь”, нам казалі адно і тое ж. Мы пыталі: “Ці можна прайсці ў вас практыку?”, і нам адказвалі: “Ваш універсітэт павінен адправіць запыт”. Што гэта за запыт?

— Гэта не запыт. Справа ў тым, што вы як раз траплялі ў тыя арганізацыі, з якімі ў нас складзены дамовы. Мы пішам ліст з просьбай прыняць на практыку студэнтаў, але паколькі рэдакцый шмат, ёсць шэраг нарматыўных дакументаў, якія вызначаюць парадак адпраўкі студэнтаў. Вось некаторыя рэдакцыі вельмі педантычна ставяцца да гэтых дакументаў. Тым не менш для таго, каб вы пайшлі на практыку нам трэба аформіць дамову.

— А якія патрабаванні прад’яўляюць рэдакцыі, з якімі вы складаеце дамовы?

IMG_6760

— У кожнай арганізацыі свае патрабаванні: хтосьці не бярэ першакурснікаў, хтосьці не бярэ не па спецыяльнасці. Напрыклад, тэлеканал АНТ не бярэ нашых “друкароў”. Для таго, што б патрапіць на практыку на тэлеканал СТБ, трэба запоўніць анкету ці ледзь не на 4 лістах, прайсці сумоўе і толькі пасля гэтага, дарэчы, выключаючы першы і другі курс, можна патрапіць на практыку на СТБ.

— З нагоды спецыялізацыі: атрымліваецца, што, у прынцыпе, можна праходзіць практыку і не па сваёй спецыяльнасці?

— Наогул, шчыра кажучы, раней у нас не было такой разнастайнасці СМІ. Былі газеты, тэлебачанне, радыё і два кірункі: аўдыявізуальная журналістыка і друкаваныя СМІ. Адпаведна, друкары ішлі ў газеты, а “аўдыявізы” ішлі ў “аўдыявіз”. А што цяпер адбываецца? Цяпер адбываецца наступнае: з аднаго боку ў нас вельмі шмат разнавіднасцяў кірункаў і спецыяльнасцяў. У прыватнасці, пытанне паўстала з менеджментам. Шматлікія арганізацыі, бачачы слова “менеджмент” кажуць: “А што ж мы будзем там з імі рабіць?” Яны не разумеюць, што менеджары такія ж журналісты, як і друкары, ім патрэбны такі ж аб’ём працы на практыку. Яны не павінны сядзець дзесьці ў кабінеце і паперкі перакладаць, а павінны пісаць матэрыялы. Палітыка нашай кафедры такая: калі кірунак –друкаваныя СМІ, то мы павінны закрываць практыку ў друкаваных СМІ. Я ведаю, што шматлікія “аўдыявізы” таксама ідуць у друкаваныя СМІ. Там больш месцаў, дзе можна разгарнуцца. Шмат сайтаў, якія прымаюць інтэрнэт-публікацыі. “Друкарка” ідзе ў інтэрнэт, і “аўдыявіз” ідзе ў інтэрнэт, таму што там ёсць інтэрнэт-радыё, інтэрнэт-каналы.

— Вось яшчэ такое пытанне з нагоды пераносу практыкі. Бывае, што практыку можна прайсці датэрмінова. Па якіх прычынах адбываецца такі перанос? Калі можна гэтым скарыстацца?

— Паводле палажэння пра практыку студэнтаў БДУ, можна пераносіць практыку на навучальны час, выключаючы перыяд сесіі. Пры гэтым практыка павялічваецца ў два разы, таму што студэнты дзённага аддзялення маюць права працаваць не больш за тры гадзіны ў суткі. Зараз пра тое, у якіх выпадках гэта адбываецца. Вядома, мы падыходзім да кожнага студэнта індывідуальна, але часцей за ўсё гэта звязана з летнім перыядам практыкі ў 1 і 2 курсаў. Улетку вельмі шмат супрацоўнікаў у рэдакцыях сыходзяць у адпачынкі, у сувязі з гэтым складана прызначаць куратара, асабліва для першакурснікаў, з якімі трэба павазіцца. Яшчэ адзін момант – наплыў студэнтаў, усім трэба даць магчымасць апублікавацца, а чым больш студэнтаў, тым большая канкурэнцыя паміж імі. Акрамя таго, калі казаць пра летні перыяд, то хтосьці хоча з’ехаць адпачыць, хтосьці едзе ў будатрад, хтосьці працуе, шмат каго бацькі вывозяць на поўдзень, хтосьці жэніцца, таму мы дазваляем студэнтам пераносіць час практыкі. Для гэтага трэба напісаць заяву на імя дырэктара Інстытута журналістыкі, прыкласці дакументы, абгрунтаваць прычыну. Яшчэ ёсць магчымасць пераносу практыкі ў студэнтаў, якія навучаюцца па 5-гадовай праграме, у іх практыка ў верасні. У іх ёсць магчымасць перанесці практыку на летнія месяцы, што таксама спалучана з шэрагам фактараў.

— Распавядзіце, што адбываецца, калі студэнт прайшоў практыку дрэнна, яму паставілі нездавальняльную адзнаку, напісалі дрэнны водгук? Што далей?

— Такое бывае вельмі часта, хоць вісусаў і гультаёў мы выяўляем і адразу выкараняем. Бывае, што студэнт не прайшоў практыку, і мы даведваемся пра гэта з вуснаў арганізацыі, якая прымае. У прыватнасці, на спецыяльнасці “літаратурная работа” летась студэнт не прайшоў практыку. Прычым ён праходзіў яе ў такім цікавым ведамстве як “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва “Ваяр”. Там усё строга, “упал-отжался”, парушэнне дысцыпліны недапушчальнае. А ён прыйшоў пару разоў і “забіў”. У выніку прыйшлося паўторна адпраўляць яго на практыку, таму што арганізацыя адмовілася падпісваць яму паперы, бо аб’ём практыкі не быў выкананы. Чалавек праходзіў практыку паўторна ў перыяд вучобы. Бывае такое па розных прычынах, напрыклад, студэнт захварэў, ляжаў у бальніцы. Усякае бывае.

— А калі, наадварот, у самай рэдакцыі апынулася, што ты там нікому не патрэбны і ніхто не хоча з табой працаваць?

— Так, і такое бывае. Тут такая справа, у нас практыка вельмі спецыфічная, таму што ў нас творчая прафесія і вынікі практыкі ацэньваем мы самі. Усё роўна, займаюцца вамі ў рэдакцыі ці не. Ваша мэта – напісаць матэрыял, ініцыятыва можа зыходзіць як ад вас, так і ад рэдактара. І хай гэты матэрыял не патрапіць у друк, але гэты вынік мы бачым. Таму тут складанасцяў узнікаць не павінна. Іншая справа, калі адбываецца канфлікт паміж супрацоўнікамі рэдакцыі і студэнтам. Вось тут ужо пачынаюцца праблемы. Як правіла, студэнты маладыя яшчэ пораху не нюхаўшы, жыцця не ведаюць, і пачынаецца нейкае псіхалагічнае адарванне. Яны перастаюць хадзіць у рэдакцыю, і, калі практыка заканчваецца, яны не здаюць нам матэрыялы. Мы пачынаем пытаць, што здарылася, і даведваемся, што адбыўся канфлікт. Студэнт баіцца падысці да кіраўніка. Бывае, што і адлічваюць з-за практыкі. Як жа так? Вы ж будучыя журналісты: вас у дзверы, а вы ў акно!

— І ў якіх менавіта выпадках адлічваюць? Можна ж адправіць на паўторную практыку?

— Вядома, можна на паўторную практыку. Ну, па-першае студэнт павінен, прынамсі, з’явіцца, каб яго адправілі на гэту паўторную практыку. А так атрымліваецца, адразу зацягваецца сам працэс здачы практыкі. Практыку трэба здаць у першы тыдзень заняткаў, таму што праз 2 тыдні пасля пачатку заняткаў вас павінны атэставаць. Не прыйшлі ў прызначаны дзень – прызначаецца пераздача. Усе аб’явы вывешваюцца на стэндах. Праходзіць два тыдні, праходзіць пераздача – студэнт не з’явіўся. Затым трэцяя пераздача. І калі чалавек не з’яўляецца наогул, проста не з’яўляецца, мы ставім адзінку. Гэта значыць незалік, і мы не можам адправіць на паўторную практыку, таму што перыяд абароны і пераздач прайшоў. Вось тады і адлічваюць. Былі такія выпадкі. У прыватнасці, і цяпер студэнтка, па-мойму, дзённага аддзялення не прайшла практыку. Летась яе адлічылі, сёлета мы яе перанакіравалі. Ужо ўсе тэрміны прайшлі, а ад яе ні слыху, ні дыху. Тут вялікая доля адказнасці кладзецца на вас, студэнтаў.

— Не маглі б вы праліць святло на яшчэ адно пытанне, якое цікавіць многіх? Што да размеркавання, часта студэнт праходзіць практыку ў адной рэдакцыі і там ужо застаецца на размеркаванне? Ці гэта такія ўдалыя выпадкі? Што трэба рабіць цяпер, каб размеркаванне было як мага менш балючым?

— Насамрэч, студэнт, калі пачынае супрацоўнічаць з рэдакцыяй, не заўсёды збіраецца там застацца. Сёння ў гэтыя пытанні вельмі моцна ўмешваюцца эканамічныя фактары. Нездарма ўсе газеты аб’ядноўваюцца ў холдынгі, таму што вельмі складана выжыць ва ўмовах самаакупнасці, ва ўмовах канкурэнцыі і рынкавай эканомікі. У СМІ ідзе скарачэнне штату, таму, каб гарантавана патрапіць туды, куды ты хочаш, трэба вельмі моцна папрацаваць, паспрабаваць і сябе зарэкамендаваць. Іншае пытанне пра рэгіянальныя СМІ, там кадраў бракуе. На жаль, туды з вельмі вялікім “рыпаннем” хочуць ехаць нашы выпускнікі. Гэта звязана з шэрагам праблем: адсутнасць жылля, невысокі ўзровень заработнай платы і гэтак далей. Але, тым не менш, гэта забяспечанасць першым працоўным месцам, што вельмі важна. Да нас прыязджалі калегі з Расіі. Там няма размеркавання, і студэнты просяць: дайце нам працу, хоць якую-небудзь. Калі вам даецца першае працоўнае месца, трэба казаць дзякуй. Яшчэ прыемны момант: можна пабудаваць жыллё па льгоце. Калі вас размяркоўваюць не па месцы жыхарства бацькоў, вы маеце права на льготы па будаўніцтве жылля. У тым ліку прасцей зрабіць кар’еру, набрацца досведу. Маленькая рэдакцыя дае больш магчымасцяў для развіцця. Гэта шанец уносіць інавацыі, новае мысленне ў састарэлы калектыў. У раёнках працуе шмат людзей, не звязаных з журналістыкай: філолагі, гісторыкі і гэтак далей.

— Хадзіла шмат чутак пра папярэдняе размеркаванне. Не было заявак, і шмат хто таемна спадзяваўся на вольны дыплом. Ці магчыма гэта?

— Няхай не спакушаюцца, вольны дыплом не дадуць. Ёсць заяўкі заўсёды, проста не такія, на якія разлічваюць студэнты. Паўтаруся, каб гарантавана паехаць у той горад, у які хочаш, трэба пачынаць супрацоўнічаць з першага курса ці раней. Трэба рабіць сабе імя. Друкавацца, удзельнічаць у конкурсах, у канферэнцыях, вось тады будзе толк.

— З размеркаваннем разабраліся. Вось вы казалі пра канфлікты ў рэдакцыях са студэнтам. А бывае, што ўзнікае канфлікт у студэнта з кіраўніком практыкі ва ўніверсітэце? Што рабіць у такіх сітуацыях?

— Бывае ўсякае. Кіраўнік практыкі прытрымліваецца дакумента, праграмы практыкі і патрабуе ў студэнта выканання праграмы. Бвывае, што студэнт прынёс практыку не ў тэрмін, а да таго прынёс дзённік без пячатак ці подпісаў. Бывае, стаіць у праграме 5 публікацый, а ён прыносіць 3, якія яшчэ і з памылкамі, паказваеш на памылкі, а студэнт не хоча слухаць крытыкі. І тады, натуральна, узнікае канфлікт, пачынаецца “памяняйце мне кіраўніка”. У такіх выпадках мы спрабуем згладзіць канфлікты, але не мае рацыі, вядома, студэнт.

— У завяршэнне нашай гутаркі хочацца спытаць пра справаздачныя канферэнцыі па практыцы. Як выбіраюць найлепшых практыкантаў? Гэта студэнты, якія атрымалі вышэйшы бал?

— Як правіла, удзельнікі канферэнцыі выбіраюцца з тых, хто атрымаў найлепшы бал і ў каго практыка была цікавейшай і неардынарнай. Бывае, студэнты самі выклікаюцца, хочуць падзяліцца досведам. Летась у рэспубліцы праходзіў чэмпіянат свету па хакеі, мы не маглі абысці гэту падзею. Студэнты распавядалі, як праходзілі практыку падчас чэмпіянату. Практыка ў Швецыі – таксама цікавая падзея.

— Выдатна! А як яны туды патрапілі?

— Напэўна, з’ездзілі па праграме абмену, і шведскі інстытут прапанаваў прайсці ў іх практыку. Затым студэнты праходзілі адбор. Важны крытэрый адбору – веданне англійскай мовы, бо пісалі яны на англійскай. Вяртаючыся да пытання пра канферэнцыі: як правіла, кафедры самі прапануюць студэнтаў на ўдзел. Мы не робім нейкага суперадбору.

— Дзякуй вялікае, Таццяна Уладзіміраўна, за выдаткаваны час. Было вельмі прыемна з вамі размаўляць.

— Калі ласка, спадзяюся, я задаволіла вашу цікаўнасць.

Гутарыла Яўгенія ВІННІК

Фатаграфавала Дар’я Коўза

IMG_6679

 

print

Вам таксама можа спадабацца: