Сайт «Абітурыент БДУ» стаў пераможцам штогадовай інтэрнэт-прэміі «TIBO–2015». Праект БДУ прызнаны найлепшым інтэрнэт-рэсурсам у намінацыі «Адукацыя і навука», падзяліўшы першае месца з сайтам «Электронныя часопісы і дзённікі. Школьны партал у Беларусі». Другое месца ў адукацыйнай платформы effor.by, трэцяе – у сайта факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР. Сайт для абітурыентаў БДУ распрацаваны спецыялістамі медыяцэнтра.
* * *
Міжнародны семінар «Удасканаленне сістэмы кіравання вышэйшай адукацыяй у Рэспубліцы Беларусь у кантэксце еўрапейскіх стандартаў» прайшоў у БДУ.
Удзельнікамі сталі міжнародныя эксперты з Казахстана, Літвы, Італіі, Вялікабрытаніі, Румыніі і ЗША, а таксама прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі, нацыянальных ВНУ, студэнцкіх арганізацый і камерцыйных прадпрыемстваў.
Абмяркоўваліся міжнародныя праграмы акадэмічнай мабільнасці; новыя стандарты і прынцыпы ў галіне забеспячэння якасці адукацыі; развіццё прадпрымальнасці ў Беларусі і роля ў гэтым працэсе ўніверсітэтаў. Арганізатарамі семінара выступілі БДУ, РІВШ, Еўрапейскі фонд адукацыі і Сусветны банк.
* * *
Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж БДУ і Інавацыйнай асацыяцыяй «Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій» (РЦТТ).
Яно скіравана на развіццё практыка-арыентаванага навучання студэнтаў эканамічнага факультэта. Адкрыты філіял кафедры эканамічнай інфарматыкі ў РЦТТ. Тут будучыя эканамісты змогуць прайсці практыкі, а супрацоўнікі арганізацыі будуць прыцягвацца для кіраўніцтва навуковымі і дыпломнымі працамі, правядзення лекцый і семінараў, майстар-класаў па выкарыстанні сучасных інфармацыйных сістэм і тэхналогій. Акрамя таго, студэнты змогуць удзельнічаць у рэалізацыі розных міжнародных праектаў РЦТТ.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ