70 гадоў таму 9 мая свет святкаваў дзень перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Цяпер, больш як праз паўстагоддзя, у нашай краіне памятаюць пра подзвіг беларускага народа. Па ўсёй Беларусі праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар тых, хто ваяваў за нашу радзіму. Ушанаваў подзвігі ўдзельнікаў вайны і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
7 мая, нягледзячы на непагадзь, у рэктараце БДУ сабраліся выкладчыкі і студэнты. У гэты дзень галоўнымі героямі былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – былыя студэнты і супрацоўнікі БДУ.
Для іх быў падрыхтаваны святочны канцэрт. З урачыстай прамовай да ветэранаў звярнуўся рэктар БДУ Сяргей Уладзіміравіч Абламейка. Таксама з вітальным словам выступіў святар Мінскага Свята-Духавага кафедральнага сабора, начальнік аддзела адукацыі Беларускага Экзархата, протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. У канцэртную праграму ўвайшлі песні ваенных гадоў, а артысты тэатральных калектываў ВНУ выканалі літаратурную кампазіцыю, заснаваную на творах Аляксандра Твардоўскага, Сямёна Гудзенкі і іншых аўтараў.
Усе прысутныя прасякнуліся атмасферай мінулых дзён вайны, ад жаласлівасці сказаных слоў у шмат каго наварочваліся слёзы. Памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны ўсе, хто сабраўся, ушанавалі хвілінай маўчання. Пасля гэтага ветэраны, кіраўніцтва ВНУ і студэнты ўсклалі кветкі да помніка загінулым на вайне выкладчыкам і студэнтам БДУ. Урачыстым маршам па алеі дворыка БДУ прайшлі курсанты ваеннага факультэта.
Адзін з вядучых гэтага мерапрыемства Уладзіславаў Макарэвіч (студэнт 2 курса эканамічнага факультэта) распавёў нам пра сваё стаўленне да Дня Перамогі: “Свята Перамогі важнае для моладзі, яна павінна ведаць мінулае, памятаць усё, што звязана з подзвігам нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Без мінулага няма сучаснасці, не будзе будучыні. Мая сям’я лічыць гэта свята вельмі важным. Мая прабабуля перажыла гады вайны дзяўчынкай, ёй было тады 10 гадоў, а прадзед ваяваў у партызанскім атрадзе. Я думаю, трэба, каб моладзь брала ўдзел у гэтых імпрэзах, можа, тады яна будзе больш беражліва ставіцца да гэтага свята, да ветэранаў, да людзей старэйшага пакалення. Мне было вельмі прыемна весці гэта мерапрыемства. Я быў шчаслівы, што мне быў аказаны такі гонар. Было ўрачыста, да слёз радасна, што нашы ветэраны яшчэ могуць прыйсці да нас, распавесці пра сябе, пра тую страшную вайну”.
Традыцыйна ўсе ахвотнікі змаглі пакаштаваць смачную салдацкую кашу.
Ветэранаў запрасілі на святочны абед, дзе яны змаглі пагутарыць, успомніць пра перажытае і ў прыўзнятым настроі выказаць словы падзякі за праяўленую павагу, пажадаць усім здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Мы пагаварылі з Надзеяй Барысаўнай Львовай, якая ў 17 гадоў апынулася на фронце, а пасля вайны выкладала на факультэце журналістыкі БДУ:
“Кожны год мяне запрашаюць на такія мерапрыемствы, і я заўсёды прыязджаю. Напэўна, у кожнай сям’і былі франтавікі, падпольшчыкі, якія ваявалі за сваю зямлю. Таму, я думаю, хто хоча, будзе памятаць пра тых, хто ваяваў. Дзякуй ім за гэту памяць. Я б хацела сказаць моладзі, што пакуль вы маладыя і ёсць у вас добрая памяць, авалодвайце ведамі. Тое, што вы прапусціце, потым ужо не атрымаецца папоўніць”.
Яўгенія ВІННІК
Дар’я КОЎЗА
ВІДЭА