З усёй сям’ёй у партызанах. Нарыс пра ветэрана ВАВ прафесара юрфака Мікалая Юркевіча

13 мая, 2015.

Юркевич_Николай_Григорьевич

Спазнаў ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны яшчэ хлапчуком Мікалай Рыгоравіч Юркевіч, доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры грамадзянскага працэсу і права юрыдычнага факультэта БДУ.

Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга (1948) і Вялікай Айчыннай вайны II cтупені (1985), медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» I і II ступені, «За перамогу над Германіяй», юбілейнымі медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978). Сёння Мікалай Юркевіч з’яўляецца заслужаным юрыстам Рэспублікі Беларусь.

Нарадзіўся Мікалай Рыгоравіч у 1928 го­дзе. Вайна напаткала яго, калі ён толькі скончыў шэсць класаў Сярге­евіцкай няпоўнай сярэдняй школы Рудзенскага (цяпер Пухавіц­кага) раёна. Хлопчыку споў­нілася ўсяго 13 гадоў.

Нямецкая танкавая калона ішла да Сяргеевічаў з боку Шацка. Пасля таго, як яна сутыкнулася з салдатамі Чырвонай Арміі, немцы абстралялі вёску з гармат і кулямётаў. Калі Мікалай вылез з бліндажа, у якім схаваў яго разам з бацькамі сусед, то замест хат убачыў абвугленыя печы. Родная хата ў той раз на дзіва ўцалела.

Восень 1941 года, калі праз Сяргеевічы зноў прайшлі па дарозе Шацк – Рудзенск варожыя аўтамашыны, таксама ледзь не стала апошняй для вёскі. Немцаў каля суседняй Прыстані зноў абстралялі. За гэта жыхароў Сяргеевічаў сагналі да будынка былога сельсавета і паставілі пад кулямёты. Выра­таваў іх стараста. Ён змог упэўніць фа­шыс­таў, што аднавяскоўцы не вінаватыя. А праз тыдзень хлапчук даведаўся, што вёска Прыстань была спалена разам з жыхарамі.

Людзі пасля гэтага выпадку добраахвотна пачалі ісці ў партызаны. Пайшоў у мсціўцы і яго бацька Рыгор. Удзел самога Мікалая ў партызанскай барацьбе пачаўся са збору ў навакольных лясах кінутай зброі і перадачы яе праз сувязных бацьку і іншым партызанам. Пазней, са снежня 1942 года, ён стаў служыць радавым у партызанскім атрадзе імя Суворава 2-й Мінскай чырвонапарты­занскай брыгады. Разам з іншымі хадзіў у разведку, удзельнічаў у дывер­сійных апе­рацыях, вёў «рэйкавую вайну». У гэтым жа партызанскім атрадзе былі маці Еўдакія Кузьмі­нічна і малодшая сястра Ганна.

Напярэдадні наступальнай аперацыі «Баграціён» брыгада імя Панамарэнкі, у якой на той момант ваявалі Мікола з бацькам (Рыгор Юркевіч быў прызначаны камісарам гэтай брыгады), была перадыслацыравана ў Заходнюю Беларусь (Беластоцкае злучэнне). Партызаны руйнавалі лініі сувязі, утрымлівалі да прыходу Чырвонай Арміі пераправы на рэках, шукалі варожыя абарончыя збудаванні. Мікалай Рыгоравіч быў сведкам, як партызаны зрабілі засаду і знішчылі 15 нямецкіх салдат, якія накіроўваліся на будаўніцтва дзота.

Пасля вайны Мікалай Юркевіч зноў вярнуўся ў родную вёску. Хату ў Сяргеевічах вайна ўсё ж не пашкадавала. Зноў пайшоў у школу, але ўжо ў рудзенскую. Чатыры класы, з 7 па 10, прай­шоў за два гады. Скон­чыўшы школу з залатым медалём, ён мог паступіць у любую вышэйшую навучальную ўстанову Савецкага Саюза.

Спачатку разам з сябрамі адвёз дакументы ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Сябрам пашанцавала менш, і Юркевіч за кампанію з імі вярнуўся ў Мінск. Думаў нават пра жур­налістыку. Аднак, дзякуючы свай­му баявому камандзіру, спы­ніўся на Мінскім юрыдычным інсты­туце. І сёння пра гэта не шкадуе.

Мінскі юрыдычны інстытут Мікалай Юркевіч скончыў у 1950 г. Кандыдацкую дысертацыю на тэму «Праваздольнасць гра­мадзяніна СССР па савецкім грама­дзянскім праве» абараніў у 1955 г. З 1974 па 1978 гг. і з 1981 па 1994 гг. быў загадчыкам кафедры грамадзянскага працэсу і працоў­нага права.

Першы невялікі перапынак у працы на юрыдычным факультэце звязаны з пад­рых­тоўкай доктарскай дысертацыі падчас працы старшым навуковым супра­цоў­нікам у аддзеле прававых навук АН БССР (1960–1963 гг.). А другі – з тым, што ў 1978 г. ён узначаліў сектар праблем сям’і праблем­най навукова-даследчай лабара­торыі са­цы­я­лагічных даследаванняў БДУ, а потым – і саму лабараторыю.

Паспяхова сумяшчае навукова-педа­га­гічную дзейнасць з юрыдычнай практычнай і выдавецкай дзейнасцю. Займаўся праблемамі сацыялогіі, сямейнага, працоў­нага права, грамадзянскага працэсуальнага і трацейскага судаводства.

IMG_6535-1Фактычна кіраваў працэсамі арга­нізацыі Міжнарод­нага арбі­траж­нага суда пры Беларускай ган­длёва-прамысловай палаце і ўзна­чальваў яго з моманту стварэння (з красавіка 1994 да 2005 г.). Зна­ходзіцца ў рэкамендацыйным спіс­е арбітраў Міжнароднага арбі­тражнага суда і з’яўляецца членам яго прэзідыума. Застаецца галоў­ным рэдактарам створанага ім часопіса «Прамыслова-гандлёвае права» (выдаецца з 1996 г.).

Мікалай Рыгоравіч уваходзіў у склад групы па распрацоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г., ім распрацавана канцэпцыя новага Грамадзянскага працэ­суальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пад яго кіраў­ніцтвам распрацаваны таксама пер­­шапачатковы тэкст праекта новага ГПК Рэспублікі Беларусь і праекта Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 г. «Аб міжнародным арбітражным (трацейскім) судзе». Член Савета па абароне дысерта­цый БДУ, а раней і член спецыя­лізаванага савета НАН Беларусі.

Мікалай Рыгоравіч мае ўзна­гароды і за сваю прафесійную дзей­насць: нагрудны знак Міні­с­тэр­ства юстыцыі «За адзнаку» II ступені (2009), у 2008 годзе ў намінацыі «Юрыдычныя навукі» ўзнагароджаны вышэйшай юрыдычнай прэміяй «Феміда», а ў 2009 годзе – памятным знакам «Ex lege» у сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З’яўляецца ганаровым работнікам юстыцыі (2004), ганаровым работнікам гаспадарчага суда (2005).

Ён аўтар звыш 200 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, і суаўтар 10 калектыўных кніг, выдадзеных пад яго рэдакцыяй ці пад агульнай рэдакцыяй і з яго удзелам, па праблемах сацыялогіі сям’і, сямейнага права, грамадзянскага працэсуальнага права і працоўнага права. Мікалай Юркевіч надае шмат увагі падрыхтоўцы выданняў, якія прызначаны для паўсядзённага выкарыс­тання юрыстамі-прак­тыкамі рэспублікі. Пад яго кіраў­ніцтвам падрыхтавана і абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый у га­ліне права і сацыялогіі не толькі ў Беларусі, але і спецыялістамі з Польшчы і В’етнама.

Ганна ЛАГУН

print

Вам таксама можа спадабацца: