Спаборніцтвы завяршыліся 21 мая ў Марока. Удзельнікамі фіналу сталі каманды 128 універсітэтаў свету.
У склад каманды БДУ ўвайшлі пяцікурснікі Яўген Грыцкевіч, Аляксей Колесаў і чацвёртакурснік Аляксандр Некрашэвіч.
Па ўмовах спаборніцтваў камандам былі прапанаваны 13 тэкставых задач і адзін камп’ютар. На працягу 5 гадзін яны мусілі распрацаваць матэматычную мадэль, вылічальны алгарытм і камп’ютарную праграму і прайсці аўтаматычнае тэсціраванне праграмы. Нашы правільна вырашылі 8 задач!
Паводле рэгламенту чатыры каманды атрымліваюць залатыя медалі, па столькі ж – сярэбраныя і бронзавыя.
Залатыя медалі заваявалі каманды Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Такійскага ўніверсітэта і Універсітэта Цынхуа (Пекін).
Беларусь на гэтым прэстыжным спаборніцтве прадстаўлялі зборныя БДУ, БДУІР і БДЭУ. Усяго ў адборачных турах чэмпіянату ўдзельнічалі каманды 2534 ВНУ са 101 краіны.
Міхаіл МАШЧЭНСКІ
Зноў на прэстыжных пазіцыях: студэнты ФПМІ БДУ заваявалі 15 месца на чэмпіянаце свету па праграмаванні.
29 мая, 2015.