Споўнілася 70 гадоў выбітнаму навукоўцу, таленавітаму арганізатару і педагогу, акадэміку НАН Беларусі, прафесару кафедры матэматычнай кібернетыкі механіка-матэматычнага факультэта Віктару КАРЗЮКУ.
В. І. Карзюк нарадзіўся 4 красавіка 1945 г. у вёсцы Петрашунцы Валожынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1961 г. паступіў на матэматычны факультэт БДУ. Ён ужо ў студэнцкія гады пачаў навуковыя даследаванні ў галіне агульнай тэорыі ўраўненняў з частковымі вытворнымі пад кіраўніцтвам Н. І. Брыша – аднаго з заснавальнікаў навуковай школы па дыферэнцыяльных ураўненнях з частковымі вытворнымі ў Беларусі.
У 1971 г. Віктар Іванавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1994 – доктарскую на тэму «Метад энергетычных няроўнасцяў і аператараў асярэднення ў тэорыі лінейных межавых задач для дыферэнцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі».
Віктар Карзюк – вядомы спецыяліст у сферы дыферэнцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі і матэматычнай фізікі. Тэматыка яго навуковых інтарэсаў звязана з актуальным кірункам у тэорыі краявых задач для дыферэнцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі: адшуканнем карэктна пастаўленых задач і доказамі з вырашальнасці, заснаванымі на выкарыстанні метадаў функцыянальнага аналізу. Па выніках даследаванняў ім апублікавана звыш 200 навуковых прац. Гэтыя вынікі дазволілі даць адказ на пытанні пра карэктную пастаноўку шматлікіх новых задач, на рашэнне якіх былі накіраваны высілкі многіх матэматыкаў.
В. І. Карзюк валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, уменнем прадбачыць і вялікай мэтанакіраванасцю. Ён зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ плённай працай на ім з дня яго заснавання ў 1970 г., пачаўшы з пасады асістэнта, затым старшага выкладчыка, дацэнта і прафесара кафедры матэматычнай фізікі, з 1982 г. і па 1996 г. – дэкан ФПМІ. З 1996 па 2001 год займаў пасаду прарэктара па вучэбнай рабоце. З 1984 па 2014 год працаваў загадчыкам кафедры матэматычнай фізікі. В. І. Карзюк на працягу 20 гадоў вёў вялікую працу па станаўленні факультэта і арганізацыі навуковых даследаванняў усяго калектыву, па падрыхтоўцы спецыялістаў і арганізацыі новых спецыяльнасцяў. Ім таксама быў арганізаваны спецыяльны факультэт бізнесу і інфармацыйных тэхналогій БДУ, у наш час на ім вядзецца перападрыхтоўка кадраў па дэфіцытных спецыяльнасцях і сучасных тэхналогіях. В. І. Карзюка неаднаразова запрашалі для чытання лекцый і абмену досведам на Кубу, у Югаславію, В’етнам, Алжыр, Польшчу, ЗША, ФРГ і Францыю.
В. І. Карзюк правёў вялікую працу па стварэнні Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук, які стаў першай установай адукацыі ў складзе НАН Беларусі. З 2001 па 2005 год ён – рэктар гэтага інстытута.
В. І. Карзюк выдатна спалучае сваю навуковую дзейнасць з педагагічнай. Віктар Іванавіч дапамагае адораным студэнтам раскрыць іх талент, стаць сапраўды высокакваліфікаванымі спецыялістамі, абраць правільны кірунак у навуцы, пры гэтым захоўваючы і прымнажаючы навуковыя традыцыі. Ён спалучае ў сабе такія якасці, як патрабавальнасць, разважлівасць, лагоднасць, спагадлівасць і разуменне. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана 9 кандыдатаў і 2 дактары фізіка-матэматычных навук.
В. І. Карзюк дабратворна спалучае шматгранную навуковую і арганізатарскую дзейнасць з грамадскай працай у навуцы. З’яўляецца ўдзельнікам рэдкалегій часопісаў: «Весцi НАН Беларусi», «Веснік БДУ», «Працы Інстытута матэматыкі НАН Беларусі», «Mathematical Modelling and Analysis».
За паспяховую працу В. І. Карзюк неаднаразова адзначаўся шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1982 г.), медалём «За працоўную доблесць» (1986 г.), мае званне «Заслужаны работнiк адукацыi РБ» (1996 г.), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996 г.). У 1974 г. адзначаны дыпломам Мінвуза СССР і ЦК ВЛКСМ за навуковае кіраўніцтва студэнцкай працай, ушанаваны медалём Усесаюзнага конкурсу.
У 2014 г. В. І. Карзюку прысвоена званне акадэміка НАН Беларусі.
Жадаем Віктару Іванавічу дужага здароўя, творчых поспехаў, таленавітых вучняў і новых дасягненняў у навуковых даследаваннях.
Калегі і вучні