27 мая каманда валанцёраў прафкама студэнтаў БДУ адправілася ў цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў са сваёй адукацыйна-забаўляльнай праграмай. Ахвотнікаў прыняць удзел у гэтай паездцы апынулася вельмі шмат. “Мы былі прыемна здзіўлены такой колькасцю дзяцей, гатовых прыйсці на дапамогу, – дзеліцца арганізатар паездкі Марыя Барыс. – Больш за ўсё сярод валанцёраў было студэнтаў хімфака”.
Нягледзячы на тое, што ў некаторых быў досвед валанцёрства, усё ж хваляванне не пакідала да самага пачатку працы са сваімі падапечнымі. “Я ўжо даўно валанцёр, але гэтым разам не магла схаваць свае перажыванні, – прызнаецца Марыя. – А што, калі нашы падапечныя, да якіх мы едзем, з намі не загавораць?”
Але ўсё выйшла зусім наадварот. Спачатку валанцёраў з БДУ ветліва сустрэла кіраўнік цэнтра. “Мы вельмі ўдзячныя Алене Іванаўне за цёплы прыём. Яна была рада бачыць нас, што дужа прыемна”, – працягвае распавядаць арганізатар паездкі. А далей вынікала прадуктыўная, вясёлая і поўная светлых эмоцый праца з людзьмі, дзеля якіх і адбылася дадзеная паездка.
У цэнтры дзённага знаходжання дарослых інвалідаў знаходзяцца людзі з асаблівасцямі разумовага развіцця ад 18 да 38 гадоў. Валанцёры прафкама студэнтаў БДУ падрыхтавалі для іх цікавую праграму. “Разам з нашымі падапечнымі мы рабілі для іх памятныя майкі з самымі рознымі малюнкамі, – распавядае Марыя Барыс. – Працэс дайшоў да таго, што мы пачалі аздабляць адзін аднаго! Было вельмі весела! Яшчэ мы спявалі песні і арганізавалі спаборніцтвы па запуску папяровых самалётаў. Нашы новыя сябры распавядалі нам, як трэба рабіць ідэальны папяровы самалёцік. І мы зрабілі. Усё гэта прынесла ўсім нам неверагодныя эмоцыі!”
І сапраўды, валанцёры прафкама студэнтаў БДУ за адносна нядоўгі час знаходжання ў цэнтры моцна пасябравалі з яго пацыентамі. Новыя сябры распавядалі адзін аднаму пра свае захапленні і падзяліліся сваімі фактамі з жыцця. У канцы адукацыйна-забаўляльнай праграмы валанцёры падарылі ўсім сувеніры. Гэта кулоны ў выглядзе сэрца. “Іх вырабіла Дар’я Свяцілава, за што ёй велізарнае дзякуй! – кажа Марыя Барыс. – Можна нават сказаць, што разам з гэтымі сэрцайкамі кожны з нас падарыў часцінку свайго сэрца”.
Дар’я КОЎЗА