У спаборніцкую частку алімпіяды ўваходзіў конкурс эсэ. Аб’яднаўчай тэмай стаў «Феномен нязгоды ў культуры і філасофіі ў самых разнастайных яго варыянтах «Disagreements» (англ. рознагалоссе)», а абавязковай умовай з’яўляўся выбар мовы, якая мусіла быць замежнай для ўдзельніка.
Пра сэнс быцця мы пагутарылі з кандыдатам філасофскіх навук дацэнтам кафедры філасофіі культуры Андрэем ДУДЧЫКАМ.
– Андрэй Юр’евіч, што здабывае пераможца алімпіяды па філасофіі?
– Паколькі ў алімпіядзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных краін з Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Азіі, Афрыкі, то стаўленне будзе змяняцца ў залежнасці ад нацыянальнай спецыфікі. У цэлым, не толькі медаль ці дыплом, але і проста ўдзел у алімпіядзе лічыцца вельмі статусным і прэстыжным дасягненнем. У шматлікіх заходнееўрапейскіх краінах філасофія вывучаецца ў якасці асобнага прадмета ў школах. Дзеці нават іспыт здаюць, што ўлічваецца пры паступленні ва ўніверсітэт. Таму поспехі ў галіне філасофіі ў шэрагу краін з’яўляюцца добрай заяўкай на паступленне ў прэстыжную ВНУ. Прычым не абавязкова на філасофскую спецыяльнасць – філасофскія веды шануюцца як аснова для далейшай адукацыі ў галіне эканомікі, біялогіі, праграмавання і г. д. Да такой высновы можна прыйсці пасля зносін на міжнародных спаборніцтвах з удзельнікамі алімпіяды і выкладчыкамі. Дарэчы, некаторыя студэнты заканчваюць філасофскае аддзяленне, а потым атрымліваюць ступень у іншай галіне. Значыць падрыхтоўка ў гэтай сферы – добры падмурак для паспяховай адукацыі і кар’еры ў самых розных сферах.
– А якія справы ў нас?
– У Беларусі сітуацыя троху іншая, бо прадмет «філасофія» ў школах не вывучаецца, іспыт не здаецца, і нейкіх фармальных пераваг, напрыклад, палёгкі пры паступленні, паспяховы ўдзел у алімпіядзе па філасофіі не дае. Тым не менш, сам факт таго, што школьнікі цікавяцца філасофіяй, здольныя напісаць эсэ на высокім узроўні на замежнай мове, сведчыць пра пэўны ўзровень падрыхтоўкі. Мы разлічваем, што паступова папулярызацыя алімпіяды па філасофіі, прызнанне яе вынікаў, у тым ліку і фармальнае, будзе ўзрастаць. Можна адзначыць і сувязь з поспехамі ў іншых дысцыплінах. Напрыклад, Вячаслаў Верашчагін, чыя праца атрымала пахвальны водгук на алімпіядзе па філасофіі, з’яўляецца пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Таму, у любым выпадку, вывучэнне філасофіі будзе карысным.
– Ці існуе ў БДУ штаб па адборы ўдзельнікаў на міжнародныя спаборніцтвы па філасофіі?
– Карыстаючыся выпадкам, нагадаю: цяперашняй восенню, недзе ў кастрычніку–лістападзе, плануецца правядзенне чарговага адборачнага этапу міжнароднай алімпіяды па філасофіі. Сачыце за абнаўленнямі на сайце ФФСН у раздзеле «Філасофія для школьнікаў».
– Наколькі актуальная сёння ў моладзевым асяроддзі, скажам так, навука інтэрпрэтавання?
– Магчыма, гэта звязана са спецыфікай майго кола зносін, але з устойлівай цікавасцю да філасофіі я сутыкаюся досыць часта. Існуе вялікая колькасць мастацкіх твораў, коміксаў, відэаролікаў, камп’ютарных гульняў, прысвечаных ідэям тых ці іншых філосафаў. Вядома, гэта не зусім акадэмічная навука, якой займаюцца ва ўніверсітэце, але сам факт наяўнасці падобнай прадукцыі сведчыць пра сур’ёзную цікавасць да філасофіі. Дарэчы, гэта тычыцца не толькі моладзі. Часта такая цікавасць выяўляецца і ў больш сталых людзей, якія ўжо валодаюць пэўным жыццёвым досведам.
Пры гэтым хачу заўважыць: цікавасць і вывучэнне філасофіі не абавязкова азначаюць, што ў далейшым прыйдзецца займацца навуковай працай ці выкладаннем. Многія з людзей з філасофскай адукацыяй працуюць у самых розных сферах. У гэтым і заключаецца спецыфіка добрай філасофскай адукацыі: яна дапамагае самастойна і ўсвядомлена працаваць з ведамі, адаптоўвацца да сітуацыі, якая хутка змяняецца.
– Філосафамі нараджаюцца ці становяцца пад уплывам пэўных умоў?
– Многія з маіх калегаў не вельмі любяць выкарыстоўваць тэрмін «філосаф», магчыма, з прычыны крытычнага стаўлення да сябе і сваіх ведаў. Хутчэй, філосафамі можна назваць сапраўды выбітных мысляроў, чые ідэі істотна паўплывалі на развіццё чалавечай культуры: Арыстоцель, Кант і шматлікія іншыя. Сюды ж можна дадаць лад жыцця, стаўленне да свету і г. д. У гэтым сэнсе мы хутчэй тыя, хто займаецца філасофіяй у меру сваіх сіл. У такой фармулёўцы няма нічога крыўднага, бо цікавасць да філасофіі, на мой погляд, уласцівая практычна кожнаму чалавеку. У кагосьці яна выяўляецца відавочна, у кагосьці пакуль «дрэмле». І розныя акалічнасці могуць спрыяць, або, наадварот, перашкаджаць развіццю гэтай цікавасці.
Вядома, для паспяховых заняткаў гэтай навукай пажаданыя спрыяльныя ўмовы: знаёмства з адпаведнай літаратурай, наяўнасць камунікатыўнага асяроддзя – людзей, з якімі можна абмеркаваць пэўныя пытанні. Але ўсё ж важнейшы сам досвед філасофскага мыслення. З аднаго боку, досвед існуе ў вялікай колькасці інтэлектуальных стэрэатыпаў, догмаў, забабонаў, а з іншага – ажыццяўляецца па пэўных уласных правілах. Магу толькі прапанаваць нашым чытачам рана ці позна паспрабаваць самім вывучаць філасофію. Незалежна ад таго, дзе і як гэта будзе адбывацца – ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, пры чытанні кнігі, у гутарцы, сам-насам з сабой. Думаю, у любым выпадку будзе цікава і карысна.
Гутарыла Жанна ВАСАНСКАЯ
Платон ім сябар, але праўда даражэйшая. Навучэнцы Ліцэя БДУ Вячаслаў Верашчагін і Вячаслаў Войніч плённа паўдзельнічалі ў XXIII Міжнароднай алімпіядзе па філасофіі сярод школьнікаў, якая прайшла ў Эстоніі
12 Jun, 2015.