Проста дзяржаўны чалавек… Да 60-годдзя члена-карэспандэнта НАН Аляксандра Данілава

4 Jun, 2015.

Біяграфія Аляксандра Міка­лаевіча ДАНІЛАВА можа служыць бліскучым прыкладам жыццёвага поспеху. Нарадзіўся ў простай працоўнай сям’і ў Віцеб­ску ў гады цяжкага паваеннага ліха­лецця. Жылі цяжка, як большасць у тыя гады, але сумленна – усе трое сыноў дружнай сям’і Данілавых выйшлі ў людзі. Аляксандр у свае 38 стаў доктарам навук, а ў 41 – членам-карэспандэнтам НАН Рэспублікі Беларусь. Ці гэта не крытэрый поспеху?

Данилов А.Н.(+)
Пасля сярэдняй школы – тэр­мі­новая служба, і ніякіх патуранняў! Бацька-франтавік быў жывым прыкладам армейскай доблесці, муж­насці і гонару, прайшоў праверку не на словах, а ў баях за Радзіму. Вышэйшую адукацыю А. М. Данілаў атрымаў у родным горадзе. Ра­шэнне, куды пайсці вучыцца, пры­малі на сямейнай нарадзе ў адпа­веднасці з працоўным духам сям’і: бліжэй да дома, да зямлі. Таму абралі Віцебскую ве­тэры­нарную акадэмію. Можа, алгарытм поспеху А. М. Данілава як кіра­ванца, з яго непадробным клопатам пра лю­дзей, якраз і звязаны з тым, што базавыя асновы школы гуманізму яму атрымалася асвоіць ужо на самым пачатку жыццёвага шляху?
Але лёс распарадзіўся інакш. Бясспрэчныя лідарскія якасці Аляксандра заявілі пра сябе яшчэ ў перыяд армейскай службы, а ў студэнцкія гады праявіліся яшчэ больш. Агульным сходам калектыву яму былі дэлегаваны паўна­моцтвы вызваленага сакратара камсамольскай арганізацыі. Так пачалася доўгая самастойная дарога працы ў камсамоле з моладдзю, спачатку ў роднай акадэміі, затым – у Віцебскім абкаме, і да­лей – у ЦК ЛКСМБ.
Яго ад прыроды дапытлівы розум, працавітасць і метадычная любоў да чытання, плюс паўся­дзённая практыка зносін з моладдзю, сталі магутным энергетычным зарадам, які стымуляваў навукова-даследчы патэнцыял. Абароненая ім у 1990 г. кандыдацкая дысертацыя «Сацыялагічны аналіз духоў­ных запатрабаванняў моладзі (па матэрыялах Беларускай ССР)» вызначалася наватарскім падыходам.

Данилов А. Н.

А. М. Данілаў з акадэмікам НАН Беларусі Яўгенам Бабосавым і акадэмікам РАН Вячаславам Сцёпіным

Сёння нельга ўявіць айчынную сацыялагічную навуку без прызнання вядучай ролі ў ёй А. М. Да­нілава. Нягледзячы на далёка не аптымістычны этап у гісторыі гума­нітарнага цыкла дысцыплін, менаві­та дзякуючы высілкам А. М. Даніла­ва сацыялогіі ёсць чым ганарыцца.

Такім значным фактарам раз­віцця айчыннай сацыялогіі стаў ініцыяваны А. М. Данілавым выхад прафесійнага часопіса «Сацыя­логія», які даў свае старонкі ўсім кірункам гуманітарных ведаў. Шчыра кажучы, без энергіі, якая зара­джае ўсіх, і ініцыятывы галоўнага рэдактара, больш за тое – без яго самаадданасці складана сказаць, што стане з часопісам у далейшым. Цяжка нават уявіць сёння альтэрнатыву А. М. Данілаву на па­­садзе галоўнага рэдактара. Гэта не кампліментарны рэверанс у бок юбіляра. Гэта, на жаль, суровая праўда нашай штодзённасці, у якой знайсці чалавека, здольнага на голым запале рабіць справу, нават калі яна адзначана маштабнай значнасцю і прэстыжнасцю, зусім не проста.

Значны ўклад унёс юбіляр у развіццё кафедры сацыялогіі (якую А. М. Данілаў узначаліў на гра­мадскіх пачатках у 2005 г.) і яе сцвярджэнне ў якасці вядучай у краіне адукацыйнай структуры па падрыхтоўцы прафесійных кадраў. За час яго кіраўніцтва творчы патэнцыял кафедры сацыялогіі па­двоіўся. Досыць сказаць, што па сваім кадравым складзе кафедра сацыялогіі, дзе працуюць больш за 10 дактароў навук, г. зн. практычна кожны другі – з’ява не ардынарная для БДУ. Па колькасці апублі­каваных прац кафедра сацыялогіі ўпэўнена трымае першае месца ў рамках факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Ініцыяваная А. М. Данілавым серыя кніг пад лагатыпам «Кафедра сацыялогіі» фак­тычна не пакінула без адпаведнага метадычнага забеспячэння (пад­ручнік ці дапаможнік) ніводнага чытанага курса ці спецкурса. Трэба прызнаць, што ў падобных фактах, а не ў голай начальніцка-паву­чаль­най рыторыцы, якраз і раскрываецца сапраўднасць барацьбы за якасць адукацыі.
Немагчыма не заўважыць і намаганняў па інтэграцыі прад­стаўнікоў міжнароднай гумані­тарнай (пераважна філасофскай і сацыялагічнай) інтэлектуальнай эліты ў адзінай дыялогавай пра­сторы. Натхняльнікам ідэі і яе непасрэдным арганізатарам стаў із­ноў жа Аляксандр Данілаў. Колькі памятных сустрэч нам усім давя­лося перажыць! З акадэмікамі РАН – В. С. Сцё­­піным, А. А. Гусейнавым і У. А. Лектарскім, а таксама пра­фе­сарамі Е. Вятрам (Польшча), І. І. Антановічам (Масква), Ж. Ц. То­ш­чанкам (Масква) і інш. Непасрэдныя зносіны з лі­да­рамі гума­нітарных навуковых ведаў спрыяюць салідарызацыі нашых гума­ні­тарных высілкаў для асэнсавання праблемнай сучаснасці ў барацьбе за будучыню.

А. Н. Данілаў

А. М. Данілаў з расійскімі акадэмікамі

А. М. Данілаў не любіць зна­ходзіцца ў кадры, прыцягваючы да сябе святло сафітаў. Яго ўпада­баная пазіцыя – закадравае пра­цоўнае становішча і хвалюючая атмасфера чакання таго, што атрымаецца ў выніку ўсіх гэтых творчых ініцыятыў. У кадры ён пазіцыянуе іншых, больш тале­навітых, з яго пункта гледжання. Яркім пацвярджэннем гэтаму стала выдадзе­ная ім у 2013 г. кніга «Слова пра сучаснікаў: эсэ, інтэрв’ю». Кніга – адкрыццё, якая дазволіла не толькі па-новаму адкрыць для сябе цэлую плеяду ўжо вядомых і не вельмі дзеячаў сучасных гуманітарных ведаў, але і маральны пазітыў самога аўтара, пакінутага, як звычайна, за кадрам.
Не дзіўна, што гэта ўсве­дам­ленне адноснасці нашага быцця, з яго ідэаламі, каштоўнасцямі, да­сягненнямі, званнямі не зламала, а наадварот – умацавала характар Аляксандра Данілава – прад­стаў­ніка таго паваеннага пакалення, драматызм маральнай пера­загрузкі якога супаў з пікам іх прафесійнай кар’еры і лёсу.

Таму душэўны стан нашага юбіляра прадбачыць нескладана. Яго ілюс­труюць паэтычныя радкі аднаго з нашых сучаснікаў, адкарэктаваныя з дадзенай нагоды зусім у дані­лаўскім духу:

– Мне тот столик с видом на мечту… и мудрости заката!
А больше ничего, поверь, не надо!

Нам, яго сябрам і калегам, застаецца толькі прызнаць гэта права на мару нашага юбіляра, якая, як святло далёкай зоркі, сагравае душу і зараджае нас усіх апты­мізмам. І яшчэ пажадаць Аляк­сандру Данілаву – «дзяржаўніку» і чалавеку – здароўя і волі да пе­рамогі на карысць беларускай навукі і адукацыі.
Д. Г. Ротман, дырэктар ЦСПД БДУ,
доктар сацыялагічных навук, прафесар
Ж. М. Грышчанка,
кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: