Рух да прэстыжу. ВНУ СНД асвойваюцца ў глабальных рэйтынгах

4 Jun, 2015.

 БГУ  рейтинг газета "Поиск" АбламейкоРасійская газета “Поиск” у сваім аглядзе адзначае паспяховае прасоўванне ўніверсітэтаў краін СНД па шкале сусветнага ранжыравання і ўказвае на шматразовае павелічэнне колькасці расійскіх ВНУ ў QS World University Rankings by Subject у 2015 годзе (з 2 да 10). Пры гэтым асаблівую ўвагу яна надала ўпэўненаму ўмацоўванню пазіцый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прапануем вам гэты матэрыял.

Упэўнена прасоўвае свой брэнд у сусветнай адукацыйнай прасторы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). Па апошніх дадзеных аўтарытэтнага еўрапейскага рэйтынгу Webometrics Ranking of World Universities, на працягу шасці месяцаў БДУ падняўся на 61 прыступку і ўвайшоў у тройку найлепшых універсітэтаў СНД, саступіўшы толькі МДУ імя М. В. Ламаносава і СПбДУ. З лютага 2015 года вядучая ВНУ Беларусі займае 612 месца сярод 22 тысяч універсітэтаў, якія ўдзельнічаюць у даследаваннях агенцтва Webometrics. Пра тое, што спрыяе прасоўванню БДУ ў міжнародных рэйтынгах, распавёў рэктар універсітэта акадэмік Сяргей АБЛАМЕЙКІ.

Імідж ВНУ – імідж краіны

Для любога ўніверсітэта сёння вельмі важна годна выглядаць на міжнароднай адукацыйнай арэне, не страціцца ў параўнанні з іншымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Але трэба разумець, што гэтыя параўнанні бываюць рознымі.

Найбольш аўтарытэтнымі з’яўляюцца рэйтынгі газеты The Times у Прыкладанні па вышэйшай адукацыі (THE), Акадэмічны рэйтынг універсітэтаў свету Шанхайскага ўніверсітэта Цзяа Тун (SJTU) і брытанскі рэйтынг QS WUR. Гэтыя сістэмы ацэньваюць толькі “вышэйшую лігу” ўніверсітэтаў, дадзеныя па кожнай ВНУ апрацоўваюцца ўручную.

БДУ ўвайшоў у QS у 2011 годзе ў групу 501–550 (рэйтынг аналізуе 800 універсітэтаў) і з тых часоў прысутнічае там штогод. У 2015 годзе мы ўпершыню размясціліся ў групе 491–500.

Хачу заўважыць, што крытэрыі, якія выкарыстоўваюцца ў рэйтынгах, часам вельмі спецыфічныя – некаторыя з іх не ўніверсальныя, гэта значыць не да ўсіх ВНУ дастасоўныя. Напрыклад, калькасць выпушчаных нобелеўскіх лаўрэатаў ці меркаванне міжнароднай навуковай супольнасці. Атрымліваецца, што з больш як 30 тысяч цяпер існых універсітэтаў аналізуюцца далёка не ўсе, “за бортам” застаецца каля 98 %.

У іспанскім рэйтынгу Webometrics Ranking of World Universities, які з’явіўся ў 2004 годзе, ВНУ ацэньваюцца па вэбаметрычных параметрам, і тут крытэрыі зразумелыя і празрыстыя: уплыў на грамадства (цытаванне сайта), прысутнасць (колькасць старонак сайта), адкрытасць (колькасць файлаў па дадзеных пошукавай сістэмы Google Scholar) і якасць публікацый (колькасць публікацый супрацоўнікамі ўніверсітэта па дадзеных Scopus). Дадам, што да сваёй 612 пазіцыі ў гэтым рэйтынгу БДУ за пяць гадоў падняўся з 1916 месца.

Прыемна адзначыць, што наша ВНУ значыцца ў тройцы найлепшых універсітэтаў краін СНД.

БГУ рейтинги Гэта паказалі і расійскія рэйтынгі “Інтэрфакс” і “Эксперт-РА”, і па апошняй версіі агенцтва Webometrics Ranking of World Universities мы на трэцім месцы пасля МДУ імя М. В. Ламаносава і СПбДУ. А па параметры “адкрытасць” (даступнасць на сайце навучальных і навуковых матэрыялаў) у агульным 22-тысячным спісе БДУ размясціўся на 38 радку, і гэта пазіцыя ўсяго за пару крокаў ад Гарвардскага і Стэнфардскага ўніверсітэтаў, а таксама Масачусецкага тэхналагічнага інстытута. Паводле дзвюх незалежных шкал ацэнак (QS і Webometrics), мы ўвайшлі ў “вышэйшую лігу” і ў 2 % найлепшых універсітэтаў свету.

Уражваюць паказчыкі БДУ і ў рэйтынгах па асобных дысцыплінах. Напрыклад, у намінацыі “Алгарытмічнае праграмаванне” рэйтынгу анлайнавага праект-арганізатара спаборніцтваў па праграмаванні TopCoder (ЗША) на працягу некалькіх гадоў БДУ знаходзіцца ў пяцёрцы найлепшых ВНУ свету, абыходзячы Варшаўскі, Шанхайскі, Пекінскі і Стэнфардскі ўніверсітэты. У выніковым заліку праграмісты з розных ВНУ Беларусі забяспечылі нашай краіне шостую пазіцыю ў рэйтынгу TopCoder. Пяць гадоў таму Беларусь стаяла на 12 месцы, а БДУ – на 17.

Усё ж хачу падкрэсліць: экспертныя ацэнкі часта бываюць спрэчнымі. Так, навуковая праца прафесарска-педагагічнага складу ўніверсітэта колькасна і якасна адлюстравана ў публікацыях, але адукацыйную дзейнасць вымераць практычна немагчыма.

Пашыраем інтэграцыю

Фактар змены рэйтынгавых паказчыкаў, без сумневу, прыцягнуў увагу замежных студэнтаў да нашай ВНУ. Кажучы пра прыярытэты пры выбары БДУ, замежныя студэнты таксама называюць якасць, даступнасць адукацыі і спрыяльныя ўмовы знаходжання ў Беларусі. Акрамя таго, цікавасць абітурыентаў з Расіі, Казахстана і іншых краін да нашых ВНУ ўзрос пасля таго, як два гады таму Міністэрства адукацыі краіны дазволіла грамадзянам краін ЕўрАзЭС паступаць у беларускія ўніверсітэты без падавання сертыфікатаў па цэнтралізаваным тэсціраванні.

За апошнія сем гадоў колькасць замежных студэнтаў у БДУ вырасла ўдвая. Сёння тут навучаюцца каля 2,5 тысяч замежнікаў з 50 краін свету, у тым ліку з СНД – 50 %, Азіі – 41,8 %, Афрыкі – 1 %, Еўропы – 4 %, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі – 0,3 %. СНД прадстаўлены студэнтамі з Расіі, Туркменіі, Казахстана і Таджыкістана. Большасць навучэнцаў з Азіі – кітайцы, ёсць таксама і в’етнамскія, карэйскія, турэцкія, іракскія і іранскія грамадзяне.

У нас навучаюцца 300 расейцаў, кожны пяты – на бюджэтным аддзяленні. Часцей за ўсё яны едуць з рэгіёнаў, дзе ёсць беларуская дыяспара, – са Смаленска, Масквы, Мурманска, з Сібіры, Стаўрапальскага і Краснадарскага краёў. Выкладанне вядзецца на рускай мове, што не ў апошнюю чаргу прыцягвае шматлікіх студэнтаў. Паверце, і ў Беларусі нямала ахвотнікаў атрымаць адукацыю на рускай.

Арыентуючыся на інтэграцыю ў сусветную навукова-адукацыйную прастору, БДУ падпісаў больш за 400 дамоў пра супрацоўніцтва з арганізацыямі 60 краін. Экспарт адукацыйнай і навуковай дзейнасці ўніверсітэта ў 2013 і 2014 гадах знаходзіцца ў межах 9,5 млн долараў ЗША, за апошнія шэсць гадоў ён практычна падвоіўся.

Цалкам тэкст чытайце ў свежым нумары расійскай газеты “Поиск” http://www.poisknews.ru/theme/edu/14667/

Падрыхтавала Жанна ВАСАНСКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: