Гэта навуковае спаборніцтва ўпершыню праходзіла з 4 па 8 мая на пляцоўках БДУ і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Першае месца заваявала каманда Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя В. Н. Каразіна. Другімі сталі студэнты МДУ імя М. В. Ламаносава. «Бронзавым» прызёрам прызнана зборная Белгарадскага ўніверсітэта. У фінале каманды за адну гадзіну, карыстаючыся рознымі крыніцамі інфармацыі, аператыўна распрацавалі план па абароне насельніцтва ад наступстваў маштабнага выкіду радыеактыўных ізатопаў у асяроддзе. У турніры выступілі 14 каманд універсітэтаў Беларусі, Расіі і Украіны.
На працягу чатырох дзён маладыя даследчыкі вырашалі задачы, абапіраючыся на міждысцыплінарныя веды па хіміі, фізіцы і біялогіі. У прыватнасці, удзельнікі паспрабавалі разгадаць дзіўныя ўласцівасці ціхаходак. Гэта прадстаўнікі тыпу мікраскапічных бесхрыбтовых. Ціхаходка можа пражыць да 200 гадоў, з якіх больш за 10 гадоў здольная абыходзіцца без ежы і пітва. Да некалькіх тыдняў яна можа правесці і без паветра. Аднак самая дзіўная ўласцівасць ціхаходак – гэта іх здольнасць «уваскрасаць». Зараз навукоўцы спрабуюць зразумець, якім чынам ціхаходцы ўдаецца падтрымліваць жыццядзейнасць у экстрэмальных умовах.
Акрамя таго, маладыя навукоўцы вырашалі канкрэтныя вытворчыя задачы, прапанаваныя беларускімі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Гэта былі не акадэмічныя заданні, а праблемы прыкладнога характару. Напрыклад, аднаму з вядучых айчынных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці студэнты распрацавалі недарагі і эфектыўны метад аб’ектыўнай экспертызы былога ва ўжыванні тэкстыльнага вырабу на прадмет адпаведнасці яго эксплуатацыі спажыўцом паказаным інструкцыям. Прынятыя рашэнні студэнты прадэманстравалі на стэндавай канферэнцыі, дзе заказчык ацэньваў перспектыўнасць дадзеных прапаноў. Арганізатарамі турніру выступілі БДУ і НАН Беларусі. Накіравана мерапрыемства на развіццё навукова-пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.
Дар’я КОЎЗА