Музыка i духоўнасць. Прагучаў X форум студэнцкіх хароў “Папараць-кветка – 2015”

3 Jun, 2015.

Папараць-кветкаX Міжнародны форум студэнцкіх хароў “Папараць-кветка БДУ”, дзе выступілі 8 харавых калектываў і больш за 250 удзельнікаў з Беларусі, Літвы і Расіі, завяршыўся на сцэне канцэртнай залы “Верхні горад”.

У самы першы дзень форуму быў праведзены першы конкурс “Духоўная музыка”, дзе калектывы ў прамяністай атмасферы архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі выканалі такія шэдэўры, як “Ave Maria” Я. Аркадэльта, “Святы Божа” А. Ляхновіча, “Два полi” А. Вярцінскага і іншыя.

Ва ўрачыстай частцы прагучала пасланне рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі, які павіншаваў удзельнікаў з адкрыццём форуму:

“Сёлета для кагосьці выступленне ў спаборніцтве будзе дэбютам, для іншых – цёплая сустрэча са старымі сябрамі. Але ў адным я цвёрда перакананы: кожны харавы калектыў уносіць уклад у сусветнае мастацтва і захаванне нацыянальных традыцый”.

Другі дзень прайшоў пад эгідай конкурсу “Свецкая музыка”, дзе ўдзельнікі выявілі свае таленты ў выкананні песень Ігара Лучанка, Уладзіміра Кандрусевіча, Фрэдзі Мэрк’юры і іншых. Мерапрыемства прайшло ў сценах канцэртнай залы “Верхні горад”.

Папараць-кветка БДУ

На 16 мая прыйшліся галоўныя падзеі форуму – гала-канцэрт і узнагароджанне. У гэтай імпрэзе ўзялі ўдзел гаспадары — народная харавая капэла БДУ пад кіраўніцтвам Аляксандра і Вольгі Міненковых. Прагучала прэм’ера кампазіцыі “Каб памяталі”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Нягледзячы на тое, што ў нас харавыя спевы не такія папулярныя, як, напрыклад, у Літве, у канцэртнай зале “Верхні горад” сабралася больш за сотню гледачоў – нават не ўсім хапіла месцаў сесці.

Тут панавала сяброўская атмасфера, адчувалася, што ўсе ўжо раззнаёміліся і паспелі пагутарыць – і ўдзельнікі форуму, і назіральнікі. Некаторыя харысты перад пачаткам выступленняў сустракаліся са сваімі старымі знаёмымі, якіх не бачылі шмат гадоў, хтосьці гуляў у фрысбі каля будынка перад адкрыццём.

Кожны хор выклікаў у гледача палярныя эмоцыі – нельга з дакладнасцю сказаць, хто горшы, а хто – лепшы. Напрыклад, народная харавая капэла “Дзянніца” ГДУ імя Францыска Скарыны так дынамічна выканала “Zottelmarsh” Герберта Паседу, што ад танцаў не ўтрымаліся нават іх супернікі – усе ўдзельнікі фэсту рухаліся ў такт у розных кутках залы. А інтэрнацыянальны хор “Дамінанта” БДМУ так па-майстэрску выканаў рускую народную “Калінку”, што, здавалася, усім захацелася тут жа кінуцца ў скокі, але гледачы абмежаваліся бурнымі апладысментамі. Сімвалічна, што ў гэта ж час у Чэхіі праходзіў паўфінал ЧМ па хакеі, дзе зборная Расіі гуляла супраць ЗША, і там гледачы таксама на ўсю моц спявалі народныя “Кацюшу” і “Калінку”. Кожная песня ў выкананні любога хору даводзіла да мурашак. Кожная па-свойму. Пасля праграмы гала-канцэрта экспертнаму савету, у склад якога ўвайшлі Гедымін Раманаўскас (Літва), Майкл Доўсан (Ірландыя), Сямён Кліманаў (Беларусь) і Павел Шэпелеў (Беларусь), усё ж прыйшлося абраць найлепшых.

Папараць-кветка БДУ

Спецыяльнымі дыпломамі экспертнага савета ўзнагароджаны наступныя калектывы: за захаванне нацыянальных традыцый харавога выканальніцтва – народная харавая капэла “Дзянніца” ГДУ імя Францыска Скарыны” з Гомеля, за найлепшую мастацкую выразнасць – сталічны інтэрнацыянальны хор “Дамінанта” БДМУ, за бездакорную інтанацыю і ансамбль – народны акадэмічны хор Мазырскага дзяржаўнага каледжа. У самай галоўнай намінацыі “Найлепшы хор” перамог змяшаны аматарскі хор “Салютарыс” з Мінска. Найлепшым дырыжорам фэсту прызналі Андрэя Кунцэвіча з мінскага камернага хору “Светач”. Найлепшым у выкананні свецкай праграмы стаў камерны хор “Верналіс” музычнай школы для дарослах ім Рымскага-Корсакава з Санкт-Пецярбурга, у выкананні духоўнай праграмы – змяшаны акадэмічны хор Вільнюскага ўніверсітэта “Гаўдэамус”. Найлепшым творам форуму” стала “Ой, дабранач” Анастасіі Бяндзерскай (“Салютарыс”), дыплом за найлепшае сола ўручылі Марыі Яфрэмавай і Марыне Клемянцовай з таго ж хору.

Па традыцыі форум студэнцкіх хораў “Папараць-кветка БДУ” завяршыўся выкананнем усімі ўдзельнікамі міжнароднага гімна студэнцтва “Gaudeamus”.

Дар’я СПЯВАК

Фота Аляксандра Снапка

Папараць-кветка БДУ

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: