Запрашэнне для “халявы”. Студэнты распавялі пра надзейныя спосабы здачы іспытаў

5 Jun, 2015.

халява студент

Пры здачы экзаменаў, як і на вайне, усе сродкі добрыя. Падчас сэсіі студэнты часта пачынаюць верыць ў Бога і забабоны, перастаюць грэбаваць народнымі прыкметамі і імкнуцца прывабіць поспех, як могуць. Крыўдна, калі выдатную адзнаку і пераздачу раздзяляе адзін няслушна выцягнуты білет. Каб пазбегнуць такога расчаравання, можна вывучыць усё ці пайсці па больш простаму шляху.

Калі вы не баіцеся прыцягнуць да сябе ўвагу і абудзіць суседзяў, то можаце адкрыць у поўнач фортку і гучна пракрычаць «Халява, прыйдзі». Наступствы такога ўчынку непрадказальныя, а магчымасць далучыцца да самай вядомай студэнцкай традыцыі — неацэнная. Больш «ціхія» навучэнцы, гатовыя рызыкнуць сваім іміджам, вытрываюць стары спосаб: пазбягаць цырульняў, не мыць галаву напярэдадні іспыту і прыходзіць у запаветны дзень а дзявятай гадзіне ў адной і той жа вопратцы. А можна прыдумаць што-небудзь сваё.

Акрамя класічных прыкмет і рытуалаў у многіх студэнтаў БДУ ёсць свае ўласныя, якія з году ў год дапамагаюць ім паверыць у сябе і добра здаць сесію.

Іна, механіка-матэматычны факультэт:
Аднойчы выкладчык параіў нам паглядзець мультфільм «Жыў-быў сабака» напярэдадні экзамену. Пасля гэтага ўся група абыйшлася без пераздач.

Кірыл, хімічны факультэт:
Гладжу сваю кошку перад тым, як ісці здаваць прадмет. Дапамагае лепш, чым любая трусіная лапка!

Варвара, гістарычны факультэт:
Перад пачаткам сесіі я заўсёды стараюся схадзіць у царкву, а непасрэдна на экзамены апранаю шчаслівы бранзалет, які купіла калісьці на моры. Ён з бірузы, а мусульмане лічаць, што біруза — камень шчасця.

Уладзіслаў, Інстытут журналістыкі:
Я б не назваў гэта прыкметай або рытуалам, але на экзамены стараюся не хадзіць у першай пяцёрцы. Мне здаецца, што гэта жудасць як важна: хочацца даведацца, у якім настроі знаходзіцца выкладчык, як ён прымае прадмет, каб не патрапіць пад гарачую руку. А яшчэ я веру, што ўсё будзе ў парадку, калі перад кабінетам экзаменатара пагаварыць з кім-небудзь на адцягненыя тэмы.

Уладзіслаў, факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі:
Па дарозе на іспыт я павінен пажадаць файнага дня выпадковаму мінаку. Веру, што любы добры ўчынак вернецца да мяне добрай ацэнкай.

Марыя, хімічны факультэт:халява студент
Каб не нервавацца і здаваць экзамены на “выдатна”, я заўсёды ўсміхаюся сабе ў люстэрку перад выхадам з хаты.

Сцяпан, факультэт радыёфізікі і электронікі:
Заўсёды адзначаем з сябрамі здачу кожнага іспыту.

Вікторыя, філалагічны факультэт:
Падчас сесіі я імкнуся нікому не паказваць сваю заліковую кніжку!

Аляксандра, Інстытут журналістыкі:
Я не забабонная, але ўвечары перад іспытам абавязковым рытуалам для мяне з’яўляецца “званок сябру”: аднагрупніцы. Усё роўна, пагаворым мы хвіліну ці гадзіну, пра вучобу або пра што-небудзь, што наогул не датычыцца ўніверсітэта. Калі раптам мы забываем гэта зрабіць, то тэлефануем адна адной раніцай. Сесію так здаем з другога курсу і свята верым у тое, што менавіта наша прыкмета дапамагае атрымліваць на іспытах толькі добрыя балы. :)

Зразумела, без ведаў далёка не пойдзеш. Але ўпэўненасць у сваіх сілах і пазітыўны настрой могуць стварыць сапраўдны цуд. Менавіта дзеля такой упэўненасці трэба ўсміхнуцца люстэрку, апрануць шчаслівы бранзалет ці зрабіць добры ўчынак. Не істотна, як спрацуе “халява”: прыгадае студэнт правильны адказ на пытанне яшчэ са школьных гадоў ці дойдзе да яго праз уласныя разважанні – галоўнае, што поспех будзе спадарожнічаць яму падчас іспыту. Калі вы таксама хочаце прывабіць удачу на свой лад, бярыце прыклад з герояў нашага матэрыяла!

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: