Зараз у Беларусі ёсць айчынная замена Foursquare. І завецца яна “У саюз з сябрамі”

9 Jun, 2015.

pavel_bacylev_100_idejПрэзентацыя вышэйназванага мабільнага прыкладання адбылася ў студзені бягучага года, на 42 з’ездзе БРСМ. А яшчэ на Рэспубліканскім моладзевым інтэрнэт-форуме. Але, мабыць, самае важнае тое, што пркладанне “У саюз з сябрамі” ацанілі на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, а яго стваральнік Павел Бацылеў атрымаў грант.

Пісалася прыкладанне каля двух месяцаў. Па мерках дасведчаных людзей, вельмі хутка. Аўтары прызналіся, што эканомілі час на тэсціраванні праграмы. Магчыма, менавіта з-за гэтага прыкладанне атрымалася не без багаў. Дарэчы, так, аўтар быў не адзін, як заўсёды казалі іншыя СМІ. Павел Бацылеў, студэнт БДУ механіка-матэматычнага факультэта, адзначыў, што прыкладанне ён ствараў не адзін: “Рабілі разам з Антонам Філіповічам (1 курс мехмата). На мне быў дызайн і кліенцкае праграмаванне, на Антону – сервернае праграмаванне”.

Прыйшоў час распавесці пра тое, што ж у выніку атрымалася і што ўяўляе сабою гэта Android-прыкладанне. Аўтар апісвае праграму як мабільны сэрвіс, які дазваляе быць у курсе падзей сяброў у радыусе 300 метраў ад цябе. Для выкарыстання прыкладання неабходна інтэрнэт-злучэнне і ўключэнне геалакацыі. З дапамогай гэтай праграмы можна даведацца, хто знаходзіцца недалёка ад цябе, дзе твае сябры. За кошт таго, што прыкладанне забяспечана функцыяй абмену паведамленнямі (бясплатнымі, дарэчы), заўсёды можна пазнаёміцца з тымі, хто адзначаны на карце. Для зручнасці акаўнт у прыкладанні сінхранізуецца з асабістай старонкай сеткі Укантакце.

Па меркаванні Паўла Бацылева, фішка прыкладання ў беларускай мове: “Я, напрыклад, мабільных прыкладанняў на беларускай не сустракаў, хоць не спрачаюся, што, можа, яны і ёсць. Пры гэтым беларуская мова вельмі добра ўпісваецца ў інтэрфейс нашага прыкладання, усё глядзіцца хораша”.

Што да водгукаў, якія ёсць і ў GooglePlay і паведамляюцца стваральнікам асабіста, ёсць добрыя, але хапае і негатыўных: “не ўсе любяць БРСМ, ды і ў прыкладанні ёсць яшчэ багі, якія замінаюць карыстальнікам, на жаль, хутка іх выпраўляць не атрымліваецца: вельмі шмат іншых праектаў на мне”, – дзеліцца Павел.

Лагічна, што для водгукаў патрэбныя карыстальнікі. І іх, мяркуючы па спампоўках у GooglePlay, даволі шмат. Але паўстае заканамернае пытанне: а як пра гэта прыкладанне наогул даведаліся? Падчас гутаркі высветлілася, прыкладанне было нядрэнна прапіярана на папулярных беларускіх сайтах, на з’ездзе БРСМ. А сам Павел на Рэспубліканскім моладзевым інтэрнэт-форуме дэталёва апісаў сваю стратэгію бясплатнай рэкламы.

Як высветлілася, гэта не адзінае мабільнае прыкладанне Паўла Бацылева:

— Першае і пакуль найлепшае маё мабільнае прыкладанне – “Хімія X10”. Гэта першае мабільнае прыкладанне, якое ўмее вырашаць разліковыя хімічныя задачы і тлумачыць іх. Яно таксама ўключае ў сябе мноства шпаргалак і вялікі набор карысных для спісвання функцый – гэта выратаванне для ўсіх школьнікаў-гультаёў, якія не хочуць нічога рабіць. Гэта значыць амаль для ўсіх школьнікаў. Яго я пачаў пісаць у 10 класе і апублікаваў у 11. Чаму пакуль яно маё найлепшае мабільнае прыкладанне? Таму што яго запампавала ўжо больш за 100 тысяч чалавек у СНД, і гэта без рэкламнай кампаніі і фінансавых укладанняў.

 

Дзякуючы гэтаму прыкладанню, я перамог у “Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе”, у “100 ідэях для Беларусі”, стаў фіналістам Intel ISEF (буйны міжнародны конкурс у Лос-Анджэлесе) і шэрагу іншых канферэнцый.

Яшчэ пісаў мабільнае прыкладанне-візітоўку для БРСМ. Яно і называецца “БРСМ”. Там набор інфармацыі пра БРСМ: зніжкі, гісторыя, статут, навіны, падгружаныя з сайта. Плюс музыка БРСМ, каляндар падзей, невялікая гульня-віктарына.

Паралельна ідзе праца над некалькімі сайтамі, тут ужо не мае праекты, а замовы.

Нягледзячы на негатыўныя водгукі, ёсць і тыя людзі, хто ацаніў прыкладанне “У саюз з сябрамi”. І асабліва карыстальнікі дзякуюць за тое, “што на роднай мове”. Распрацоўшчыкі ж не пакінулі сваё стварэнне без апекі: у апісанні праграмы на GooglePlay значыцца, што баг “Не атрымалася загрузіць прыкладанне” выпраўлены на шэрагу прылад.

Яніна РАМАНЮК

RU4FMBQyzfk

print

Вам таксама можа спадабацца: