На гэту імпрэзу былі запрошаны каля 600 чалавек. Усяго сёлета дыпломы БДУ атрымалі звыш 4,5 тыс. маладых людзей. З іх больш за 3 тыс. скончылі дзённае аддзяленне і каля 1,3 тыс. – завочнае.
З віншавальным словам выступіў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка. Асаблівую святочнасць вядучаму ўніверсітэту Беларусі надаў парад дэканаў у мантыях і канфедэратках.
Ва ўрачыстай атмасферы самым годным выпускнікам рэктар уручыў ганаровыя дыпломы і памятныя падарункі за адмысловыя заслугі ў спартыўным, навуковым, культурным і грамадскім жыцці ўніверсітэта. У ліку ўзнагароджаных – 23 уладальнікі звання «Студэнцкі лідар» і 20 юнакоў і дзяўчат, прызнаных «Найлепшымі выпускнікамі БДУ».
Акрамя таго, яшчэ нядаўнія студэнты далі клятву «Годна служыць прынцыпам дабра і справядлівасці на карысць чалавеку, Айчыне і сусветнай цывілізацыі; захоўваць і прымнажаць хвалебныя традыцыі альма-матар, быць узорам высакароднасці, сумленнасці і працавітасці; усе сілы, розум, імкненні накіраваць на павышэнне аўтарытэту БДУ і з гонарам насіць званне выпускніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».
Эстафету святочнай праграмы прынялі артысты беларускай эстрады. На сцэне актавай залы Ліцэя БДУ выпускнікоў павіншавалі Юзары і Аляксей Грос.
Арганізатар мерапрыемства – упраўленне па справах культуры БДУ – здзівіў выпускнікоў і гасцей разнастайнасцю танцавальных стыляў і кірункаў, прыгажосцю і арыгінальнасцю строяў і зрабіў гэты дзень незабыўным у жыцці кожнага дыпламанта.
Выхаванцы БДУ для 21 краіны
А 26 чэрвеня адбыўся выпускны баль для студэнтаў – грамадзян замежных дзяржаў.
Павіншавалі выпускнікоў прарэктар па навуковай рабоце БДУ акадэмік Алег Івашкевіч і дэканы факультэтаў. На гэта студэнцкае свята былі запрошаны таксама кіраўнікі пасольстваў дзяржаў, грамадзяне якіх навучаліся ў БДУ. Сярод іх – кіраўнікі дыпламатычных місій КНР, В’етнама, Турцыі, Лівіі, Азербайджана, Туркменістана і Казахстана. Адзначым, прадстаўнікі пасольстваў заўсёды ўважліва сочаць за поспехамі сваіх суайчыннікаў.
Героямі міжнароднай і адначасова шматнацыянальнай імпрэзы сталі звыш 470 высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія прадстаўляюць 21 дзяржаву. Дарэчы, у мінулым годзе дыпломы атрымалі 272 студэнты з 14 краін.
Найлепшым выпускнікам за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у грамадскім і спартыўным жыцці былі ўручаны ганаровыя граматы і фірмовыя значкі.
Ад імя бацькоў маці адной з выпускніц выказала альма-матар шчырыя словы падзякі і падарыла нашаму прарэктару туркменскі нацыянальны строй.
Самыя папулярныя ў замежных грамадзян факультэты: эканамічны – 202 дыпломнікі, міжнародных адносін – 80, філалагічны – 74.
У БДУ прыехала моладзь па прафесійныя веды з Кітая, Туркменістана, В’етнама, Казахстана, Турцыі, Нігерыі, Азербайджана, Грузіі, Ірака, Лівіі, Узбекістана, Сірыі, Рэспублікі Карэя, Емена, Расіі, Малдовы, Венесуэлы, Эквадора, Эстоніі, Украіны, Таджыкістана, Індыі, Ірана, Арменіі.
Для гасцей і ўдзельнікаў імпрэзы была падрыхтавана святочная праграма. Яна ўключала віктарыну і розыгрышы, групавыя сэлфі ў фотазоне і танцавальны вечар.
У наш час у БДУ навучаецца больш за 2300 студэнтаў з 47 краін свету.
Ларыса ПЕТРАВЕЦ
Фота Аляксандра СНАПКА і Генадзя КРАСКОУСКАГА
ВІДЭА