Першая пятніца месяца стала яшчэ больш доўгачаканай для беларусаў дзякуючы Дню Незалежнасці, які ў нашай краіне штогод адзначаюць 3 ліпеня.
Добрае надвор’е было на баку жыхароў сталіцы, таму, узброіўшыся добрым настроем, газета “Універсітэт” адправілася ў цэнтр горада, каб даведацца, чым ён жыў у гэты святочны дзень.
Нягледзячы на тое, што парада з удзелам ваеннай тэхнікі ў гэты раз не было (яго правялі 9 мая ў гонар 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне), мінчанам было чым падняць сабе настрой. Напрыклад, каля ратушы мы нацешыліся касцюмаваным канцэртам на гістарычную тэму, душэўнымі песнямі і танцамі. А яшчэ сустрэлі начальніка медыяцэнтра БДУ Паўла Леанідавіча Салаўёва з сям’ёй. Далей спусціліся да Палаца спорту і патрапілі ў сапраўдны эпіцэнтр падзей. Гандлёвыя палаткі, горад майстроў, Свіслач, запоўненая катамаранамі, канцэртная праграма. На сцэне выступалі як зоркі эстрады, так і студэнты БДУ. Напрыклад, Анжаліка Пушнова, студэнтка Інстытута журналістыкі. Дарэчы, пра студэнтаў БДУ. На працягу ўсяго дня ў розных частках горада мы сустрэлі вялікую колькасць навучэнцаў галоўнай ВНУ краіны. І не адмовілі сабе ў задавальненні з імі пагутарыць. Як адпачывалі студэнты БДУ 3 ліпеня?
Максім.Факультэт сацыякультурных камунікацый:
“Сёння я праводжу час з сям’ёй. Дзень Незалежнасці –гэта магчымасць сабрацца ўсім разам і прыгожымі выйсці ў горад, атрымаць асалоду ад добрага надвор’я, паглядзець на прыбраны Мінск”.
Насця. Факультэт міжнародных адносін:
“Я вельмі рада, што горад сёння такі прыгожы. Мы з сяброўкамі прыехалі ў цэнтр пагуляць і патрапілі ў самую віхуру свята. Зрабілі шмат прыгожых фотаздымкаў, купілі сабе прыгожых брошак “хэнд-мэйд” каля Палаца спорту, смачна паелі. І зараз будзем на набярэжнай атрымліваць асалоду ад сонца і свабоды”.
Артур. ДІКСТ:
“Сустрэў свята на трэніроўцы з улюбёнай футбольнай камандай. Гуляю і ў зборнай свайго факультэта. Прыемна бачыць шмат моладзі сёння ў горадзе. Гэта лепш, чым піць піва ў пад’ездзе. Я за здаровы адпачынак, за здаровы лад жыцця”.
Аня. Механіка-матэматычны факультэт:
“Мы з маладым чалавекам кожны год гуляем у горадзе на Дзень Незалежнасці. І чакаем салюту.
Гэта вельмі аб’ядноўвае гараджан, я лічу. Адчуваеш сябе беларусам. Усе ўсміхацца, адпачываюць, шмат моладзі. Прыгажосць”.
Шчаслівых і бесклапотных мінчан можна было сустрэць і ў парку Перамогі. Ля галоўнага ўваходу знаходзілася сцэна, на якой выступалі народныя калектывы. Прайшоўшы крыху далей, можна было схавацца ад пякучага, але доўгачаканага сонца, прагуляцца па прыбраных і прыгожых алеях.
Студэнтаў БДУ мы сустрэлі і тут. І вырашылі даведацца, дзе ім больш за ўсё падабаецца бавіць вольны час 3 ліпеня?
Даша. Факультэт журналістыкі:
“Адназначна Лошыцкі парк. Толькі што адтуль. Прыехалі ў парк Перамогі падтрымаць сяброўку. Яна ўдзельнічае тут у канцэрце. А ў Лошыцкім надзвычай утульна. І сёння праходзіў міні-фестываль фарбаў “Холі”. Гэта калі ўсе кідаюцца фарбамі, дзеляцца радасцю і шчасцем адзін з адным”.
У індыйскай культуры існуе адмысловая традыцыя, якая аб’ядноўвае ўсіх індусаў ў адно яркае шматколерны грамадства — гэта свята вясны Фестываль Фарбаў «Холi». Яно праходзіць па ўсім свеце, дорачы людзям — жыхарам, выхадцам з Індыі і не толькі — свабоду і разняволенне. У ім прымаюць самы непасрэдны ўдзел людзі ўсіх узростаў і народаў. Свята існуе ўжо больш двух тысячагоддзяў.
Вікторыя. Гістарычны факультэт:
“Сёння ўзброілася фотаапаратам і вырашыла зняць усё свята. Пачала з Кастрычніцкай плошчы і дайшла да парку Перамогі. Больш за ўсё мне спадабалася ў ратушы. Там народу не шмат, але так утульна. І як гісторыка мяне гэта месца вельмі прыцягвае”.
Артур. Эканамічны факультэт:
“Я не люблю натоўп. Лепей невялікія кампаніі людзей, але тое, што адбываецца каля Палаца спорту, вельмі крута. Шкада, што не часта людзі так аб’ядноўваюцца. А наогул, зараз еду да сяброў на вадасховішча Дразды. Будзем плаваць, ратавацца ад спёкі”.
Святочны дзень праляцеў непрыкметна. І вось ужо сонца пачало павольна садзіцца, а мінчане і не збіраюцца разыходзіцца па дамах. Ля музея ВАВ людзей станавілася ўсё больш. Жыхары сталіцы чакалі святочны салют. Іх чаканне суцяшаў святочны канцэрт. Сярод натоўпе, які танчыў і спяваў, мы зноў жа сустрэлі сваіх людзей. Студэнты БДУ падзяліліся сваімі ўражаннямі ад салюту.
Аляксандр. Геаграфічны факультэт:
“Салют – гэта крута і эфектна. Дзяўчаты ад захаплення нават пішчаць. Я сабе такога дазволіць не магу, але захаплення не хаваю. Вельмі выдатна”.
Кацярына. Хімічны факультэт:
“Класна было, калі перад тым, як у небе з’явіліся першыя залпы салюту, усе людзі спявалі гімн. У мяне нават мурашкі пабеглі. Люблю нашу краіну”.
Дзень Незалежнасці нашай краіны прайшоў па-сапраўднаму сонечна і цёпла. І вялікая колькасць моладзі, не абыякавай да гэтага свята, не можа не радаваць. Бо менавіта гэтая моладзь і ёсць светлая будучыня нашай Беларусі.
Ренат МУХІЯНАУ