Мінск у першыя дні вайны (з дзённіка студэнта БДУ Міколы Лобана)

6 Jul, 2015.

Копия 15_samolety_700

Германскія бамбавікі над Мінскам у раёне ўніверсітэцкага гарадка 24-26 чэрвеня 1941 (у 1940 годзе адзін з карпусоў БДУ быў перададзены штабу БВА)

22 чэрвеня – змрочная дата для Беларусі. У гэты дзень мірнае жыццё нашых гарадоў і вёсак раптоўна было парушана. Наперадзе будзе мужнае народнае супраціўленне ворагу на фронце, у партызанах, у падполлі, але першыя дні вайны для ўсёй краіны – гэта толькі прадчуванне вялікай трагедыі, усведамленне масштабаў узніклай пагрозы. Пра гэтыя дні нам сведчаць успаміны ўдзельнікаў тых падзей, аднак найбольшую цікавасць уяўляюць асабістыя дзённікі, якія фіксавалі падзеі непасрэдна ў той час і на тым месцы. Адным з такіх унікальных дакументальных помнікаў з’яўляецца ваенны дзённік Міколы Лобана – беларускага пісьменніка, навукоўца, педагога, удзельніка баёў на Волхаўскім фронце. Сёння гэты дзённік захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Копия 16_das_brennende_minsk

Палаюць дамы па вуліцы Бабруйскай. Выгляд з даху ўніверсі­тэц­кага корпуса

Ніколай Лобан

Мікола Лобан

Запісы дзённіка тады яшчэ студэнта трэцяга курса філфака БДУ Міколы Лобана пачынаюцца непасрэдна ў першыя дні вайны, якія ён сустрэў у Мінску. Гэтая частка дзённіка ніколі не публікавалася.
22 чэрвеня 1941 года Мікола Лобан з самага ранку накіраваўся ў гарадскі парк, каб рыхтавацца да іспыту па гісторыі. Пра тое, як для яго пачалася вайна, ён напісаў наступнае: «Быў выхадны дзень. Я ад­шукаў ёмкае месца і размяс­ціўся. Лес шумеў ад халоднага паў­ночна-ўсходняга ветру і агалош­ваўся пес­нямі моладзі. Моладзь ішла атра­дамі па лесе. Сяды-тады прах­одзілі звеннямі чырвонаармейцы з він­­тоў­камі наперавес у поўнай баявой гатоўнасці. Па загаду лейтэнанта да мяне падбег чырвонаармеец і папрасіў дакументы. Я здзіўлена паказаў яму свой пашпарт. Чырвонаармеец зверыў фотакартку з тва­рам і вярнуў пашпарт.
Штосці не чыталася. Я выму­ша­ны быў пакінуць лес і ехаць назад. На трамвайным прыпынку сабра­ла­ся некалькі вагонаў, і яны не рухаліся. У пярэднім вагоне я спат­каў Сазоніка. Ён мне расказаў, што быў на дапрызыўным зборы і што рабілі паход у бок парка.
Мы прайшлі некалькі прыпынкаў і затым селі на падышоўшы трам­вай. Я злез каля бібліятэкі, каб убачыць каго са сваіх студэнтаў. У бібліятэцы знайшоў толькі трох чытачоў. Мяне здзівіла гэта, заў­сёды тут былі запоўнены ўсе сталы і кабінеты.
На вуліцы Карла Маркса стаяла міліцыя. Загудзела сірэна, абвяш­чаючы трывогу. Усе беглі па вуліцы, абмінаючы міліцыянераў, якія за­га­нялі ў пад’езды. Так ледзь даб­раўся да ўніверсітэта. На сходнях стаяла некалькі чалавек і сярод іх наш выкладчык гісторыі Шабуня з проці­вагазам. На лаўцы я ўбачыў Вальштэйна.
– Як вам гэта падабаецца? – запытаў ён мяне.
– Звычайна, – адказваю я, – патрэбна рыхтаваць насельніцтва.
– Як рыхтаваць? Вы нічога не знаеце? Вайна!
Я адчуваў сябе, як зваліўшыся з месяца. Вальштэйн расказаў мне пра прамову т. Молатава па радыё наконт пачатку вайны…».
Ужо на наступны дзень, 23 чэрвеня, вайна накрыла Мінск смерцю і разбурэннямі, якія неслі варожыя авіяналёты. У гэты дзень Мікола Лобан запісаў наступнае: «Дзень пачаўся сігналам ВТ2. Мы саскочы­лі з коек і хутка апрануліся. Праз некалькі хвілін пачуліся стрэлы зенітак. Мы выбеглі да расчыненага акна. Скрозь шэрань росвітку відны былі ўспышкі шэрага дыму…
У гадзіны 2 дня назіралі за паветраным боем над аэрадромам. Пачуліся званкі пажарных. У баку аэрадрома стаяў дым…
Агню не было відна, толькі вялікі дым стаяў лявей аэрадрома. Прый­шлося вярнуцца. Прыехаў­шыя цягніком расказалі, што гараць Асіповічы, Слуцк і Пухавічы.
На Савецкай3 вялікі аўтама­більны рух. У аўтобусах і грузавіках праязджалі бежанцы, з чамаданамі і клумкамі. Да нас у пад’езд таксама пад’ехала машына з бежанцамі. Яны расказвалі пра жудасныя бамбардзіроўкі Гродна. Разнесліся чуткі, што немцы ўшчэнт зруйнавалі Брэст і Гродна, разбамбілі Беласток і Вільнюс…».
На наступны дзень, 24 чэрвеня, інтэнсіўнасць бамбёжак павялічы­лася, у дзённіку адзначана наступнае: «А палове дзясятай я і Шкраба сабраліся ісці ў бібліятэку, каб здаць кніжкі. Мы не дайшлі і да вугла, як пачулі стрэлы зенітак. З-пад Маскоўскай вуліцы ўсталі самалёты. Кругом іх рваліся баранкі зенітных узрываў. Чутно было, як свісцяць асколкі. Уперадзе пра­гучаў узрыў і падняўся слуп чорнага дыму. Самалёты прайшлі над намі. Калі самалёты зніклі, па вуліцы беглі людзі з клумкамі, з дзецьмі на руках. Ля нас спынілася фурманка. На дошкі былі накіданы падушкі, клумкі, пасярэдзіне ся­дзела маладая жанчына і крычала: «Гарыць фабрыка «Акцябр», узарваны Заходні мост, гарыць Мас­коўская вуліца!»
Хадзілі са Шкрабам ва ўнівер­сітэт. Па Камсамольскай, Савецкай, Рэвалюцыйнай, Інтэрнацыя­нальнай, Свярдлоўскай бомбавыя варонкі, вывернутыя рэйкі ў не­калькіх месцах, скрозь па тратуарах бітае шкло.
Разнесліся слухі пра падазроных асоб. Стоячы ў чарзе па хлеб, жанчына расказвала, што бачыла, як атрад чырвонаармейцаў абкру­жыў групу вайкоўцаў, сярод якіх былі жанчыны, і загадалі падняць рукі ўгару. Група вайскоўцаў была абяззброена. Студэнт рас­казваў, што быццам ва ўніверсі­­тэц­кім бомбасховішчы таксама затры­малі падазронага. Па Савецкай вялі падазронага ў рваным кажусе.
Бамбардзіроўкі былі настолькі частыя, што працягваліся праз кожныя 3-10 хвілін. К вечару інтэр­нат апусцеў. Засталося толькі некалькі чалавек».
Як бачна, ужо на трэці дзень вайны горад напоўнілі бежанцы, паўсюль былі пажары і разбурэнні, а галоўнае – людзі не ведалі, што рабіць, горад напаўнялі супя­рэч­лівыя чуткі. Спрабуючы разабрацца ў сітуацыі, студэнты накіроў­валіся ва ўніверсітэт. Так, 25 чэрвеня Мікола Лобан адзначыў у дзённіку: «Ва ўніверсітэцкім гарадку я спаткаў двух мужчын, адзін з іх быў рэктар універсітэта Парфён Пятровіч Савіцкі.

Парфён Пятровіч Савіцкі

Парфён Пятровіч Савіцкі

– Што чуваць? – запытаў Савіцкі.
Я паказаў на пажар горада.
– Што на Нямізе?
Пакуль што цэлы. Фрунзенскі інтэрнат згарэў.
Савіцкі паказаў мне бомба­сховішча. Я пастукаў, і мне адчынілі ўваход у двор. На двары стаяла група студэнтаў. Некаторыя з іх былі ўзброены малакаліберкамі. Сярод іх была Ніна Казлоўская. Як я рад быў спаткацца з ёю. Я запы­таў, куды накіроўваецца гэты атрад на чале са Шнеерсонам. Мне ад­казалі, што пойдуць лавіць пара­шутыстаў. Я здзіўлена пазіраў на іх. На парашутыстаў? З малакалі­бер­камі? Супраць аўтаматычнай зброі?
Аднак я быў рад прыстаць хоць да такога атраду. Я пабег знайсці Шкрабу, каб пакінуць каля яго свае рэчы і ісці з атрадам. Шкрабу не знайшоў, і, калі выбег на двор, атрада ўжо не было. Я запытаўся, у якім напрамку адышоў атрад. Мне няўпэўнена паказалі на Ляхаўку. Мне не хацелася расставацца з Нінай, у якой цераз плячо быў на­дзеты процівагаз і санітарная сумка. Гэтым часам падышоў Вальштэйн, і мы пайшлі ў бок Магі­лёўскай шашы ў спадзяванні нагнаць атрад. Нідзе нікога не было, вуліцы былі пустыя, і толькі сяды-тады праязджалі на машынах раз’езды і спяшаліся запозненыя прахожыя. Было гадзін пяць раніцы. Мы ішлі далей. Па да­розе пападаліся варонкі ад выбухаў бомбаў. Ля адной з іх, якраз супраць завода «Бальшавік», ляжаў забіты мужчына, нейкі ўвесь сіні, і тварам, і вопраткай. Гэта, бадай, першая ахвяра вайны, якую я ўбачыў. На пераездзе чыгункі стаяў патрульны. Мы выйшлі за межы горада. Пакуль што было спакойна, і мы маглі працягваць сваю дарогу. Па дарозе спаткалі студэнтаў. Ніхто нічога не ведаў, што трэба рабіць. Я вырашыў ісці ў Матарова, дзе была сям’я Івана Бранаўца, майго сябра. Я разлічваў, што я перабуду дзён колькі ў Матарове, пакуль што-небудзь праясніцца. Астатнія таварышы, што былі са мною, вярнуліся ў Мінск…».

18_abitura_1942

“Абітурыенты–1942”. Нямецкія салдаты на прыступках галоўнага корпуса БДУ

На наступны дзень Мікола Лобан вырашыў ісці на прызыўны пункт, для гэтага яму прыйшлося разам з таварышамі пехатой прайсці больш за 300 кіламетраў да горада Клімавічы, дзе ён і быў нарэшце прызваны ў армію. 27 верасня 1941 г. у баях на Волхаўскім фронце Мікола Лобан быў цяжка паранены асколкам гранаты ў шыйны пазванок, а праз тыдзень – у санітарны эшалон, на якім тэр­мінова эвакуявалі шпіталь, трапіла бомба, яму раструшчыла косці абедзвюх ног. Ён адзіны з усяго вагона, хто цудам выжыў. Пасля доўгага лячэння ў шпіталях Кірава і Іркуцка Мікола Лобан быў камі­саваны і накіраваны на працу настаўнікам у Казахстан. Восенню 1943 г. яго адклікаюць у БДУ, які аднавіў сваю працу пад Масквой на станцыі Сходня. У 1945 г. Мікола Лобан нарэшце дачакаўся Пера­могі і скончыў універсітэт.
У пасляваенныя гады Мікалай Паўлавіч займаўся навуковай і літа­ратурнай дзейнасцю. Многія з занатаваных у дзённіках падзей ляглі ў сюжэтныя лініі яго твораў, а лю­дзі, якіх ён сустрэў на вайне, склалі непаўторныя вобразы персанажаў.

1.Вальштэйн – студэнт фізмата, сусед М. Лобана па пакоі ў інтэрнаце па вул. Няміга, 21
2. ВТ – паветраная трывога (воз­душ­­ная тревога)
3. Пр. Незалежнасці
Уладзімір КУЛАЖАНКА, дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ
Фота з фонду музея гісторыі БДУ

БГУ Университетский дворик 1930-е года

Універсітэцкі гарадок, 1930-я гады


print

Вам таксама можа спадабацца: