ДАМОВА пра ўзаемнае супрацоўніцтва падпісана паміж БДУ і Універсітэтам «Business Academy» (Нові-Сад, Сербія). Прадугледжваецца ўзаемадзеянне ў адукацыйнай, педагагічнай і навукова-даследчай дзейнасці. Дакумент падпісалі рэктар БДУ Сяргей Абламейка і віцэ-прэзідэнт Савета Універсітэта «Business Academy» Марка Царыч.
* * *
ДЗЯРЖАЎНЫМІ ўзнагародамі ўшанаваны супрацоўнікі БДУ. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны загадчык кафедры інфармацыйных сістэм кіравання ФПМІ Віктар Краснапрошын. Медалём «За працоўныя заслугі» ўзнагароджаны дырэктар НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі Пётр Кучынскі. Званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» прысвоена загадчыку лабараторыі фізіка-хіміі палімерных матэрыялаў і прыродных арганічных злучэнняў НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі Міхаілу Ксенафонтаву.
* * *
ПАДЗЯКІ Прэзідэнта Беларусі абвешчаны загадчыку кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта БДУ Сяргею Калініну за плённую навукова-педагагічную дзейнасць, а таксама пяцікурсніку Інстытута журналістыкі БДУ Дзмітрыю Нікановічу за выдатныя поспехі ў вучобе і ўдзел у грамадскім жыцці. Усяго ў спісе ўзнагароджаных восем выкладчыкаў і 14 студэнтаў ВНУ.
* * *
СУМЕСНЫ факультэт інфармацыйных тэхналогій адкрылі БДУ і Таджыкскі нацыянальны ўніверсітэт (ТНУ). Дамову падпісалі 12 чэрвеня ў Душанбэ Сяргей Абламейка і Махмадзюсуф Імомаў. Рыхтаваць студэнтаў будуць па спецыяльнасцях прыкладная інфарматыка, камп’ютарная бяспека, матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі. Два гады таджыкскія студэнты будуць навучацца ў ТНУ, а наступныя два – у БДУ, дзе і адбудзецца абарона дыпломных прац. Пры факультэце таксама будуць працаваць падрыхтоўчае аддзяленне і падрыхтоўчыя курсы для абітурыентаў.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ