Подпісы пад дакументам паставілі ўдзельнікі: рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, дырэктар кітайскай кампаніі ZТЕ Тан Лухаа і дырэктар Цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі НАН Беларусі Віктар Дравіца. Лабараторыя ўвайшла у склад навукова-адукацыйнага кластара “Вялікія інфармацыйныя сістэмы”.
У гэтай навукова-даследчай лабараторыі будуць выконвацца вопытна-канструктарскія і тэхналагічныя працы ў сферы аўтаматычнай ідэнтыфікацыі і электроннага бізнесу. Дзейнасць новай структуры накіравана на развіццё сучасных інфармацыйна-камунікацыйных сістэм і сетак, заснаваных на тэхналогіях аўтаматычнай ідэнтыфікацыі і электроннага бізнесу; распаўсюджанне і выкарыстанне перспектыўных тэхналогій інтэрнэту рэчаў (Internet of Things) і інтэрнэту будучыні (Future Internet), а таксама спрыянне ў падрыхтоўцы спецыялістаў у профільнай галіне. Акрамя таго, плануецца правядзенне навукова-метадычных семінараў і канферэнцый з мэтай азнаямлення з найноўшымі сусветнымі дасягненнямі ў галіне аўтаматычнай ідэнтыфікацыі і электроннага бізнесу.
Развіццё інавацыйнай дзейнасці немагчыма без актыўнага ўдзелу прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі ў адукацыйнай і навукова-даследчай дзейнасці.
На працягу апошняга дзесяцігоддзя розныя зацікаўленыя бакі рабілі неаднаразовыя спробы па ўцягванні прадпрыемстваў айчыннага сектара ІКТ, галоўным чынам распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння, у навукова-даследчую і інавацыйную дзейнасць. Выкарыстанне розных падыходаў, прылад і механізмаў, уключаючы фінансавыя, не прывяло да актыўнага абуджэння ўласнай ініцыятывы ІТ-прадпрыемстваў (ІТ-бізнесу) да правядзення даследаванняў і інавацыйных распрацовак.
Вялікі досвед супрацоўніцтва кафедры тэхналогій праграмавання БДУ з ІТ-кампаніямі і ІТ-установамі паказаў, што дзейсным з’яўляецца падыход, калі ролю ініцыятара бяруць на сябе прадстаўнікі ўніверсітэцкага сектара, і перш за ўсё кафедра, уцягваючы ІТ-бізнес у навукова-даследчую і інавацыйную дзейнасць.
Улічваючы важнасць галіны ІКТ у фарміраванні інавацыйнай і высокатэхналагічнай эканомікі краіны (лічбавай эканомікі), а таксама досвед кафедры тэхналогій праграмавання БДУ па ўцягванні ІТ-бізнесу ў навукова-даследчую і адукацыйную дзейнасць, было прынята рашэнне па паскораным развіцці пад навукова-метадычным кіраўніцтвам кафедры тэхналогій праграмавання пілотнага праекта па стварэнні інавацыйнага навукова-адукацыйнага (навукова-тэхналагічнага) кластара, з далучэннем да навучальнага працэсу замежных і айчынных кампаній. Гэта дазволіць сфарміраваць новую мадэль працы ўніверсітэцкай кафедры, калі абавязковымі цесназвязанымі відамі дзейнасці кластара становяцца: адукацыя, навукова-даследчая, праектна-ўкараняльная і экспертная дзейнасць.
Такога роду кластары (інавацыйныя навукова-адукацыйныя навукова-тэхналагічныя) павінны актуалізаваць узаемадзеянне адукацыйных устаноў з кампаніямі, арганізацыямі, установамі сферы лічбавай эканомікі для рашэння дзвюх асноўных узаемазвязаных задач – прасоўванне новых тэхналогій і інавацыйных рашэнняў у вытворчасць і кіраванне і падрыхтоўка кадраў для такой дзейнасці. Кластар мае на ўвазе не механічнае аб’яднанне шэрагу адукацыйных, навуковых, вытворчых прадпрыемстваў у нейкую групу, а паказвае на іх цеснае ўзаемадзеянне і ўзаемасувязь.
Рэалізацыя пілотнага праекта па стварэнні інавацыйнага навучальна-навукова-вытворчага кластара пад навукова-метадычным кіраўніцтвам кафедры тэхналогій праграмавання БДУ дазволіць забяспечыць трансфер інавацыйнага досведу і ідэй ад вядучых айчынных і сусветных кампаній, больш гнутка і своечасова актуалізаваць навучальныя праграмы, пад патрабаванні рынка ІКТ-паслуг, забяспечыць удзел студэнтаў і магістрантаў у практычных праектах без адрыву ад навучальнага працэсу (на дадзены момант большасць студэнтаў пачынаюць працоўную дзейнасць на 2–3 курсах, што пагаршае якасць адукацыі). Рэальна ў нас практычна не рыхтуюцца кадры вышэйшай кваліфікацыі для рашэння наступных задач (актуальных галоўным чынам для дзяржавы). Сусветныя тэндэнцыі развіцця інфармацыйнага грамадства істотна паскорылі пераход да масавага стварэння складаных інтэграваных сістэм вялікага маштабу на аснове ІКТ. У прыватнасці, практычна любая электронная паслуга патрабуе пабудовы складанай інтэграванай інфармацыйнай сістэмы і забеспячэння яе бяспекі (задача праектавання, распрацоўкі, укаранення і суправаджэння бяспечных складаных інтэграваных інфармацыйных сістэм). Гэта становіцца вельмі актуальным для еўразійскай прасторы. І Рэспубліка Беларусь можа стаць свайго роду пілотнай зонай для прасоўвання такіх сістэм на еўразійскай прасторы. Наша праект дазволіць павялічыць прэстыж універсітэта на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза за кошт удзелу ў буйных інтэграцыйных ІКТ-праектах. Уласна, гэта адна з прычын узнікнення назвы кластара – “Вялікія інфармацыйныя сістэмы”.
Кластар будзе развівацца як сукупнасць сумесных навучальна-навукова-практычных лабараторый удзельнікаў кластара з вызначанай спецыялізацыяй і кола задач.
Першая такая сумесная лабараторыя ствараецца трыма ўдзельнікамі кластара: Белдзяржуніверсітэтам, кітайскай кампаніяй ZTE, Цэнтрам сістэм ідэнтыфікацыі НАН Беларусі. Асноўным кірункам навукова-тэхналагічнага развіцця гэтай лабараторыі з’яўляюцца тэхналогіі інтэрнэту рэчаў.
Інтэрнэт рэчаў (IoT) – гэта канцэпцыя глабальнай сеткі камп’ютараў, датчыкаў (сэнсараў), фізічных аб’ектаў (“рэчаў”) і выканаўчых прылад, звязаных сеткай перадачы дадзеных (інтэрнэт) пасродкам стандартызаваных пратаколаў. Канцэпцыя IoT разглядае арганізацыю такіх сетак як з’яву, здольную перабудаваць эканамічныя і грамадскія працэсы, якая выключае з часткі дзеянняў і аперацый неабходнасць удзелу чалавека. Па дадзеных вядучых аналітычных агенцтваў тэхналогіі IoT, у найбліжэйшай будучыні будуць іграць вызначальную ролю ў далейшым развіцці інфакамунікацыйнай галіны.
Кансалідацыя кампетэнцый карпарацыі ZTE, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі дазволіць дасягнуць сінэргетычнага эфекту і паспяховага ўкаранення IoT-тэхналогій як на рынках Беларусі і Кітая, так і ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Дасягненне гэтай мэты можа быць забяспечана за кошт актыўнага ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі лабараторыі і камерцыялізацыі атрыманых навукова-практычных вынікаў.
Аляксандр КУРБАЦКI, заслужаны дзеяч навукі РБ, прафесар БДУ