Пераможца “PR-кветкі-2015” Хрысціна Дарапей: “Гэта яшчэ не поспех, гэта пакуль што шанцаванне” (+музыка)

11 Aug, 2015.

 Кристина ДоропейМы сустрэліся на ўнутранай тэрасе адной мінскай кавярні, дзе ў той вечар праходзіў сумесны канцэрт гуртоў Re1ikt і Maze. Але размова зараз пойдзе не пра імпрэзу, а пра арганізатарку — студэнтку журфака БДУ, спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя” Хрысціну Дарапей. Дзяўчына сёлета скончыла трэці курс, але працуе на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара музычнага партала “Тузін хітоў”. Акрамя іншага, Хрысціна некалькі разоў узыходзіла на п’едэстал міжнароднага адкрытага студэнцкага камунікацыйнага форуму “PR-кветка”. Летась, на другім курсе, дзяўчына са сваім праектам узяла другое месца, а сёлета ў сакавіку атрымала кубак за першае месца ў секцыі PR-праектаў. Дарэчы, па гэта мы і завіталі, каб даведацца, як жыве і працуе даволі паспяховая студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ, якую гэтак адзначылі на міжнародным студэнцкім форуме.

Хрысціна, як чалавек, які сапраўды працуе па спецыяльнасці, можаш адказаць, ці адпавядае адукацыя на інфакаме журфака патрабаванням рэальнасці?

— Ці цалкам адпавядае, не магу сказаць, бо мая адукацыя яшчэ не скончаная. Але мяркую, курс дае слушны. Два гады я вучылася і думала: а дзе PR? Тры літаратуры? Ок, але я і так чытаю! А ўсё ж дзе мой PR? І вось на трэцім курсе пачаўся “экшн” — дысцыпліны па профілі. І я табе скажу, што тыя веды, якія мне даў гэты год, спатрэбіліся. Планаванне PR-кампаніі, напрыклад, камунікацыя з органамі ўлады, GR. У прынцыпе, зараз, скончыўшы трэці курс, магу сказаць, што не шкадую, што на журфаку выбрала менавіта гэту спецыяльнасць. Калі мяне раптам чытаюць абітурыенты, і калі вы дакладна хочаце ісці на журфак ды адчуваеце схільнасць да PR і рэкламы, то інфакам мусіць вам пасаваць.

А як адчуць схільнасць? Ведаю, што інфакам — дзіўная спецыяльнасць. Мае аднагодкі, першакурснікі, правучыўшыся год, нават не ведалі, чым яны будуць займацца ў жыцці.

— Ты ведаеш, я таксама не ведала. Першыя два гады я паслухмяна адхадзіла на пары, але цьмяна разумела, як функцыянуе PR. Цяпер жа я дакладна ўсведамляю, што такое журналістыка, што такое PR, што такое рэклама і (самае галоўнае) чаму PR — карысны для грамадства. Таму не шкадую, што тады яшчэ малой патрапіла туды!

Дарэчы, канцэрт, на якім мы сустрэліся, якраз ладзіцца ў межах праекта “Заспявай 2.0”, таго самага, пра PR-прасоўванне якога Хрысціна распавядала на “PR-кветцы”.

zaspyavay_loga Цягам лета запланаваныя канцэрты дванаццаці фіналістаў. Іх выступы падтрымаюць знаныя і паважаныя беларускія гурты. Сённяшняя творчая пара — маладыя Maze і прафесійныя Re1ikt. Уверасні адбудзецца гала-канцэрт, на якім будзе абвешчаны пераможца і ўручана грашовая ўзнагарода для рэалізацыі творчых планаў маладых музыкаў. Як бачна, “Заспявай 2.0” мае мэту адкрыць новыя імёны, і ў Хрысціны атрымалася давесці яго карысць да журы “PR-кветкі”.

А чаму ты даслала работу на конкурс? Што ты планавала атрымаць ад “PR-кветкі”?

— Яшчэ на першым курсе я была валанцёрам у help-team’e “PR-кветкі”. І тады мне гэта здавалася такім “міжсабойчыкам”. Але зараз я вельмі шкадую, што тады не ўдзельнічала ў “PR-кветцы” з праектам. На другім курсе “PR-кветка” якраз прыпала на мой трэці месяц працы на “Тузіне”. І тады я вырашыла, што ў мяне ёсць шмат ідэй, і не даваць жа ім знікнуць — іх трэба аформіць у праект і прэзентаваць. Тады я ўзяла другое месца. Але я па жыцці перфекцыяніст, і гэтае другое месца — гэта была для мяне не перамога, а, хутчэй, ганьба. Я зразумела, што мушу атрымаць першае месца на “PR-кветцы”, бо адчуваю, што час ужо цікае і што на чацвёртым курсе шанцаў ужо не будзе.

Тады, у сакавіку, на камунікацыйным форуме у секцыі PR-праектаў Хрысціне адной давялося канкураваць з 34 іншымі праектамі, большасць з якіх вялі цэлыя каманды да 8 чалавек.

— “PR-кветка” дала мне дакладнае ўсведамленне таго, што тваё аратарскае майстэрства і якасць тваёй прэзентацыі вельмі часта вырашае. У сваю другую прэзентацыю я уставіла нават кавалак з промароліка, дзе адзін з маіх найулюбёнейшых паэтаў, пераможца прэміі “Дэбют” 2011 года, плюецца агнём. То бок рэальна набірае ў рот газы і… І вось я гэта паказваю, і у журы такія: “Ваў! Прыкольна! І ўсё гэта зрабіла дзяўчынка, якая была на другім курсе!” Калі ты выступаеш на “PR-кветцы”, ты мусіш ведаць, што паказаць і чым здзівіць, — кажа Хрысціна і дадае, чаму, на яе думку, перамога дасталася менавіта ёй. —Гэта быў цудоўны конкурс, які мне даручылі прасоўваць, мае высілкі па прасоўванні і адэкватная прэзентацыя. Вось гэта тры складнікі, якія прынеслі перамогу. Але, калі ты прэзентуеш абсалютна ніякавы праект, але з класнай прэзентацыяй, ну… будзем шчырыя, журы ты не падманеш. То бок мусяць быць усе гэтыя тры складнікі, каб нешта атрымалася

“PR-кветка” — гэта студэнцкі форум, але, зразумела, туды прыходзяць і ўжо сталыя спецыялісты. Нарэшце ў нас з Хрысцінай зайшла размова пра тое, што да студэнтаў, пераможцаў конкурсу, мусіць быць прыкавана ўвага патэнцыйных працадаўцаў. Цікава, ці атрымалася Хрысціне зачапіцца за якую-небудзь цікавую стажыроўку.

— Канкрэтна мне ў гэтым плане не шанцуе. Але пры гэтым шмат маіх знаёмых, маіх калег, якія таксама прэзентавалі свае праекты, атрымалі стажыроўкі, атрымалі магчымасць практыкі. То бок “PR-кветка” — гэта рэальны шанц увайсці на рынак PR. Але мяне чамусь не заўважылі — значыць гэта не быў мой шлях.

На жаль…

Ну, чаму? Я ж працую ўжо. Мне «норм».

Акрамя “Заспявай”, Хрысціна называе яшчэ і іншыя цікавыя праекты. Не так даўно яна дапамагала апытаць 100 музычных экспертаў, каб скласці топ-100 найвялікшых песень Беларусі. А ў межах праекта “Тузін. Перазагрузка” ў сталіцу завітаў Андрэй Макарэвіч і перазапісаў сваю песню “Снег” на беларускай мове.

Музыку слухайце тут:

http://www.gazeta.bsu.by/wp-content/uploads/2014/02/%D1%81%D1%82%D1%80%D0%B5%D0%BB%D0%BAa.jpg

Ганарыцца дзяўчына сваёй працай з украінскім паэтам Сяргеем Жаданам, які таксама прыязджаў у Мінск, каб спець па-ўкраінску песню “Я рок-музыкант” Лявона Вольскага і гурта “Мроя”.

Кристина Доропей

— Ці магла ты ўявіць два-тры гады таму, што пачнеш ладзіць канцэрты і будзеш асабіста знаёмая з Жаданам, Макарэвічам і добрай паловай беларускай музычнай сцэны?

— Хм, сапраўды, нават не пералічу ўсіх, з кім я знаёмая. На беларускай прасторы з вельмі многімі. Багата каго ведаю на ўкраінскай прасторы, напрыклад, “Океан Ельзи”, “Карна”, “Роллікс”, “Колір”, “Собаки в космосі”.

GH3TQ5u3AGc Напэўна, на першым курсе я не магла ўявіць, што гэта будзе канкрэтна Макарэвіч, Жадан, Вольскі, Варашкевіч і гэтак далей.

Кристина Доропей Макаревич Андрей

Хрысцiна разам з Андрэем Макарэвiчам

Але неяк я заўсёды верыла, што калі працаваць, калі імкнуцца да нейкай высокай мэты, то гэта атрымаецца. Не магу сказаць, што лічу сябе паспяховым чалавекам. Гэта яшчэ не поспех, гэта пакуль што шанцаванне. Але спадзяюся, што надалей будзем працаваць і, магчыма, дойдзем да чагосьці лепшага.

Можа якія парады маладым інфакамаўцам?

— Інстытут — гэта не ўсё. Я пазнаёмілася са сваім рэдактарам на курсе арт-менеджараў — то бок на досыць альтэрнатыўнай “тусовачцы”. Шмат хто з маіх калег, якія там былі, таксама зараз працуюць у беларускай культурнай прасторы, ладзяць праекты. Дзень беларускай стужкі, вышымайкі, тату-фэст робяць людзі, якія пачыналі тады са мной. Парада ў тым, што ўніверсітэт — гэта важна, але пры гэтым ніколі не грэбуйце магчымасцямі. Зараз такі ўзрост, калі можна ездзіць па неверагоднай колькасці праграм за мяжу (напрыклад, мне давялося пажыць у Германіі і Польшчы). Ну, таму што зараз нас хочуць павесці, нам хочуць паказаць, заахвоціць нас у працы і еўрапейцы, і беларусы. Таму не грэбуйце магчымасцямі, актыўнічайце, дзе толькі магчыма. Бо калі пачняце працаваць, столькі часу не будзе. А зараз ёсць і час і магчымасці. Таму наперад!

Размову вёў Віталій АРЭШКА

Фота з сацыяльных сетак

print

Вам таксама можа спадабацца: