Нервовая анарэксія – паталагічны стан, які выяўляецца ў свядомым, упартым абмежаванні прыёму ежы аж да адмовы ад ежы з мэтай пахудання.
Дзяўчаты захворваюць часцей за юнакоў; суадносіны мужчын і жанчын 1:10. Нервовая анарэксія часцей адзначаецца ва ўзросце 14–18 гадоў, але магчымы яе пачатак у асоб 20–28 гадоў.
Нервовая анарэксія разглядаецца як захворванне, ва ўзнікненні якога ўдзельнічаюць як біялагічныя, так і псіхагенныя моманты. Спадчынная абцяжаранасць аналагічным захворваннем бывае рэдка. Аднак частата іншых псіхічных захворванняў сярод крэўных сваякоў дасягае 17 %, акрамя таго, сярод іх частыя розныя анамаліі характару, алкагалізм.
Вылучаюць два тыпы харчовых паводзін пры нервовай анарэксіі, і абодва яны могуць назірацца ў аднаго і таго ж чалавека ў розныя перыяды. Першы тып – абмежавальны – выяўляецца ў валявым выкананні вельмі строгай дыеты, пастоў, галадання.
Другі тып – ачышчальны – нароўні з абмежаваннем прыёму ежы назіраюцца эпізоды некантраляванага пераядання з наступным ачышчэннем (выкліканне ваніт, прыём слабіцельных сродкаў). Часта ў абодвух выпадках прадпрымаюцца ўзмоцненыя, залішнія нагрузкі.
Агульныя прэмарбідныя рысы хворых (незалежна ад назалагічнай прыналежнасці сіндрому): пунктуальнасць, педантызм, зацятасць у дасягненні мэты, стараннасць, акуратнасць, хваравітае самалюбства, коснасць, рыгіднасць, бескампраміснасць, схільнасць да звышкаштоўных і паранаяльных утварэнняў. У дзяцінстве яны празмеру прывязаны да маці, цяжка перажываюць расстанне з ёй. У структуры прэмарбіда магчымыя і істчныя рысы.
Захворванне часта правакуюць траўматычныя заўвагі навакольных адносна поўнасці падлетка ці гутаркі пра выродлівасць тлустай фігуры.
Асноўны сімптом нервовай анарэксіі – адмова ад ежы – звязаны са звышкаштоўнай, радзей дакучлівай, ідэяй пра залішнюю паўнату з жаданнем выправіць гэты “дэфект” ці не дапусціць яго.
Клініка нервовай анарэксіі цесна звязана з іншай разнавіднасцю юнацкай паталогіі – дысмарфафобіяй. Думка пра залішнюю паўнату і імкненне схуднець хворыя старанна хаваюць. Спачатку абмежаванні ў ежы бываюць эпізадычнымі. Падлеткі выключаюць толькі тыя харчовыя прадукты, якія здаюцца ім найбольш пажыўнымі, і выяўляюць незвычайную цікавасць да каларыйнасці ежы. У далейшым карэкцыя “залішняй поўнасці” становіцца ўсё больш упартай. Апетыт не згублены, устрыманне ад ежы суправаджаецца пакутлівай барацьбой з голадам. Бацькі вымушаюць іх есці, але падлеткі хаваюць, выкідваюць ежу ці ўпотай выклікаюць у сябе ваніты пасля ежы, робяць прамыванне страўніка, прымаюць слабіцельныя. Імкненне галадаць узрастае па меры памяншэння вагі. Інакш кажучы, скажонае ўспрыманне свайго цела становіцца тым больш выяўленым, чым больш вагі губляецца.
Пры гэтым самаацэнка асобы таксама скажаецца і становіцца наўпрост звязанай са здольнасцю адмовіцца ад ежы і дамагацца зніжэння вагі. Страта вагі разглядаецца як прыкмета поспеху і самадысцыпліны, тады як павелічэнне вагі ўспрымаецца як няўдача і страта самакантролю. Хворыя імкнуцца да безупыннай фізічнай актыўнасці. Яны займаюцца гімнастыкай, бегам, вельмі ахвотна выконваюць хатнюю працу, якая патрабуе фізічнай нагрузкі, імкнуцца менш ляжаць і нават сядзець, могуць рабіць урокі, ходзячы па пакоі. Дзяўчаты часам сцягваюць талію, носяць тугі бандаж, аддаюць перавагу адзенню, якое “не таўсціць”.
Адчуваючы непрыязнасць да тоўстых людзей і сваякоў з добрым апетытам, яны любяць удзельнічаць у гатаванні ежы, карміць малодшых братоў і сясцёр.
Па меры прагрэсавання хваробы разам з фізічным знясіленнем нарастаюць другасныя саматаэндакрынныя зрухі.У выяўленых выпадках знясіленне можа дасягаць кахексіі, маса цела змяншаецца на 10–50 % ад зыходнай. Скура сухая, лупіцца, бледная, з зямлістым адценнем. Канечнасці халодныя. Адзначаюцца прыкметы гіпавітамінозу. Тоны сэрцы прыглушаны, брадыкардыя, гіпатэнзія. Адзначаюцца запоры, пасля ежы болі ў жываце. У дзяўчат магчымыя аменарэя, узмоцнены рост валасоў на целе, у юнакоў – гіпаплазія палавых органаў, фемінізацыя. Неўралагічнае абследаванне можа выявіць рассеяную мікрасімптаматыку.
Хвароба часцей працякае хвалепадобна, рэцыдывуючы на працягу ўсяго падлеткавага перыяду.
У асоб мужчынскага полу прагноз менш спрыяльны.
Смяротны зыход пры нервовай анарэксіі на сёння дасягае 20 %. Часцей за ўсё прычынай смерці становяцца знясіленне, парушэнне абмену электралітаў. Прыкладна ў палове выпадкаў прычынай смерці з’яўляецца самагубства – гэта яшчэ раз кажа пра тое, што пры нервовай анарэксіі маюць месца выяўленыя эмацыйныя расстройствы. Свядомасць гэтых людзей становіцца настолькі скажонай, што яны аддаюць перавагу смерці перад павелічэннем вагі.
Анарэксію галоўным чынам лечаць амбулаторна. Толькі пры ўпартай адмове ад ежы і нарастальным заняпадзе харчавання (кахексіі) звяртаюцца да стацыянарнага лячэння.
Тэрапія можа складацца з лекавых сродкаў для карэкцыі дэфіцыту жалеза і цынку, а таксама антыдэпрэсанты. У стацыянары прызначаюць дадатковае каларыйнае харчаванне, пры ўпартай адмове ад ежы – парэнтэральнае харчаванне (унутрывенна).
Паколькі нервовая анарэксія аказвае значны ўплыў на псіхіку чалавека, на яго склад думак і паводзіны, аднаўленне ідзе надзвычай цяжка, нават калі хвораму аказваюць неабходную дапамогу. У рэдкіх выпадках аднаўленне становіцца зусім немагчымым. З гэтай прычыны ў праграму рэабілітацыі хворых на анарэксію неабходна ўключаць не толькі аднаўленне звычайнай вагі і вяртанне да здаровага стылю харчавання, але і псіхатэрапію, якая павінна складацца са змены стэрэатыпаў мыслення і паводзін пры дадзеным расстройстве. На ўсім працягу курса лячэння павінна праводзіцца індывідуальная тэрапія і, пажадана, сямейная тэрапія.
Інга Сяргееўна СВЯТОШЧЫК, урач-псіхатэрапеўт установы аховы здароўя “Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер”
Кантактны тэлефон (017) 327 89 55