Сцэнарый гэтага асаблівага першага дня восені ўключае разнастайныя па стылі і жанры мерапрыемствы: ад «фірмовага» парада дэканаў БДУ да запуску ў неба паветраных шароў. Галоўнае – па традыцыі гэты першы восеньскі дзень прысвечаны нашым першакурснікам!
Афіцыйная частка адбудзецца ва ўнутраным дворыку ВНУ. Тут прагучыць віншаванне ад рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі, а таксама пажаданні ад дэканаў, выкладчыкаў і лідараў студэнцкіх арганізацый. Урачыстае ўшаноўванне папаўнення студэнцкай моладзі БДУ пачнецца ў 10.30.
У гэты дзень таксама для першакурснікаў будуць арганізаваны экскурсіі па рэктараце, навучальных карпусах і музеі гісторыі ВНУ. Не застанецца без увагі і вясёлае новаўвядзенне сучаснасці – групавое «сэлфі». Як правіла, «фотасесія» праходзіць у родных «дэкарацыях» на фоне гістарычнага будынка рэктарата.
У гонар пачатку навучальнага года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адслужыць набажэнства ў Мінскім кафедральным Свята-Духавым саборы. Удзел у ім прымуць кіраўнікі і выкладчыкі БДУ, а таксама нядаўнія абітурыенты. Пачатак службы ў 12.00.
Святочнае дзейства працягнецца ўвечар гэтага дня ў Палацы спорту. Праграма «Віват, студэнт!» пачнецца ў 17.00.
Дзея адкрыецца ўрачыстым парадам дэканаў, занясеннем штандараў факультэтаў і ВНУ. У Палацы спорту прагучыць клятва першакурснікаў: «…высока несці, захоўваць і памнажаць слаўныя традыцыі БДУ, ва ўсім быць узорам сумленнасці, высакароднасці, працавітасці і дысцыпліны, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім, навуковым і культурным жыцці alma mater».
Для іх на велізарным святлодыёдным экране прадэманструюць асноўныя шляхі развіцця найстарэйшай ВНУ нашай краіны, пазнаёмяць з адукацыйнымі магчымасцямі БДУ.
Кульмінацыйным акордам стане ўручэнне сімвалічнага студэнцкага квітка з наступным выкананнем гімна Белдзяржуніверсітэта. А працягнецца вечар выступленнем вядомых эстрадных выканаўцаў. На сцэне Палаца спорту гледачы ўбачаць вядомы фальклорны гурт «Тутэйшая шляхта», гурт «Лепрыконсы», танцавальны калектыў «Крыжачок», удзельніка «Еўрабачання» спевака Тэа, народны хор «Неруш» і пераможцаў фэсту эстрады БДУ, а таксама рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Вячэрняя частка імпрэзы працягнецца ў канцэртнай зале «Прайм хол» (пр. Пераможцаў, 65). Тут студэнтаў старэйшых курсаў БДУ чакае неспадзеўка – забаўляльная праграма «Мы – студэнты», якая пачнецца ў 22.00.
Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца ўпраўленне па справах культуры і ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю.
Жанна ВАСАНСКАЯ
P.S. Заняткі ў БДУ пачнуцца ўжо на наступным тыдні. Але перад імі першакурснікаў чакае маштабнае свята! Давайце ўспомнім, як гэта было ў мінулым годзе!
ВIДЭА