У канцы мая зборная БДУ вярнулася са сусветнай алімпіяды па інфарматыцы з 15 месцам. Міжнародная студэнцкая алімпіяда па праграмаванні, у англійскім варыянце ACM/ICPC, аформілася ў 1977 годзе. За амаль 40 гадоў працы яна ператварылася ў самую буйную падзею ў алімпіядным свеце праграмавання і стала рэальным паказчыкам прэстыжу ВНУ ў гэтым кірунку. Так, летась патрапіць у фінал прэтэндавалі 30 000 удзельнікаў з 2 300 універсітэтаў свету.
Каманды складаюцца з трох чалавек. Ім прапаноўваюць 10–12 заданняў, якія яны павінны вырашыць за 5 гадзін. На траіх даецца ўсяго адны камп’ютар, таму перамога часта залежыць ад умення размяркоўваць нагрузку ў камандзе. Залічваецца колькасць вырашаных задач і выдаткаваны час. Па выніках вылучаецца абсалютны лідар, наступныя тры каманды таксама атрымліваюць золата, і па чатыры каманды атрымліваюць серабро і бронзу.
Беларусі з году ў год атрымліваецца прабіцца ў фінал хоць бы адной, а часам нават некалькімі камандамі. Заваяваць медалі ўдавалася чатыры разы. У 2004 годзе золата, у 2008 – бронзу, у 2012 – серабро і бронзу.
Апошнія 15 гадоў з лідараў не выходзяць каманда Санкт-Пецярбургскай ВНУ ІТМО (шэсць абсалютных перамог з 2000 года), СПбДУ і Шанхайскі транспартны ўніверсітэт (па 3 абсалютныя перамогі).
БДУ ў 2014 і 2015 гадах у Екацярынбургу і ў Марока выстаўляў каманду з трох студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Яўгена Грыцкевіча, Аляксея Колесава, Аляксандра Некрашэвіча.
Хлопцы ўзялі 14 і 15 месцы адпаведна, заняўшы ў турнірнай табліцы месца перад Гарвардскім універсітэтам. Гэта апошняя ICPC для хлопцаў. Па правілах алімпіяды адзін і той жа чалавек можа праходзіць у фінал толькі двойчы да 24 гадоў. Пра вынікі размаўляем з удзельнікам каманды Аляксеем Колесавым.
— Аляксей, распавядзі, як гэта было. Да чаго быў гатовы, што ўбачыў?
— Насамрэч мы чакалі, што выступім горш. У нас былі шанцы, але мы трошку не справіліся з хваляваннем. Калі ўсе каманды ў адным зале, уключаецца такі мандраж. І ў выніку, калі ў апошнія паўгадзіны трэба больш за ўсё сабрацца, часам уключаецца такое моцнае хваляванне.
Гэта значыць, мы добра вырашалі пачатак алімпіяды, але трошку недаціснулі ў канцы. Калі мы ехалі ўжо сёлета, мы былі больш расслабленыя. Як мінімум Марока – гэта такі шанец адпачыць. І здаецца, што ў гэты раз мы саступілі больш прафесійна, хоць вынікі меншыя.
— Як будуецца праца каманды? Ці ёсць у каманды капітан?
— Такой намінальнай пасады, як капітан каманды, няма. Але, вядома, звычайна ў камандзе вылучаюць такога чалавека, які больш або менш вырашае, што мы зараз будзем рабіць. Часам я выступаў гэтым звяном, таму што вось Аляксандр Некрашэвіч – першапачаткова алімпіяднік па матэматыцы. У яго добрыя вынікі яшчэ ў школе былі, і зараз ён удзельнічае ў студэнцкіх алімпіядах па матэматыцы. І ён больш такі вось мозг нашай каманды, які адказны за нейкія складаныя, нікому іншаму ў гэтым свеце не зразумелыя формулы. А Яўген Грыцкевіч – чысты праграміст, яму скажаш “напішы гэта” – ён напіша гэта. Яўген з гэтым добра спраўляецца.
А я як бы так, “сярэдзінка на палавінку”. Я больш люблю думаць, але ў нейкія моманты магу і праграмаваць. І таму я як бы служыў такім злучным звяном паміж Аляксандрам і Яўгенам. Ну, вось такую ролю, хутчэй за ўсё, іграў я.
— Каго вы лічыце сваімі канкурэнтамі?
— І у тым, і ў гэты годзе вельмі моцны быў Піцер. У тым годзе была каманда СПбДУ. Вельмі моцная. Яна на ўсіх спаборніцтвах выйгравала літаральна ва ўсіх і кожнага. І было досыць прадказальна, што яны выйграюць. Хоць за гадзіну да канца алімпіяды склалася неверагодная сітуацыя, калі каманда МДУ вяла дзве задачы ў СПбДУ. Ніхто не чакаў, што так будзе, але ўсё-такі ў апошнюю гадзіну хлопцы з Піцера сабрадіся, пацвердзілі свой клас і вырвалі тады перамогу. А сёлета… Напэўна, усе, хто сочыць за светам алімпіяд, ведаюць Генадзя Караткевіча, ён з Гомеля. І пасля школы ён паехаў вучыцца ў піцерскі ўніверсітэт, ІТМО. Гэты вось універсітэт самы тытулаваны, ён шэсць раз выйграваў на чэмпіянатах свету.Там вельмі сур’ёзны трэнер, Андрэй Станкевіч.
— Гэта значыць, у піцерскай камандзе некалькі гадоў выступае беларус?
— Так. Гэты беларус, Генадзь Караткевіч – гэта ўнікальная асоба. Нават не ведаю, якія эпітэты падабраць. Ён у другім класе ўзяў на рэспубліканскай алімпіядзе школьнікаў дыплом. Мне гэта толькі ў дзявятым класе заваявалася, але вось ён узяў у другім. І ён з пятага-шостага класа ездзіў на міжнародныя алімпіяды школьнікаў. Я баюся схлусіць, але ў яго ці то адно, ці то два сярэбраныя і пяць залатых медалёў. І потым ён з’ехаў у ІТМО. Я не магу за яго разважаць, але падаецца, што з мэтай выйграць алімпіяду вось гэтую (ACM/ICPC – заўв. аўт.). А без моцнай каманды цяжка выступаць нават такім унікамам, таму што заўсёды ёсць каманда з Кітая, якая набярэ там трох моцных чалавек, цэлы год іх трэніруе. Потым з’яўляюцца такія віртуозныя каманды. У тым годзе (неверагоднае дасягненне) ён (Караткевіч — заўв. аўт.) выйграў усе пяць алімпіяд, якія праводзяцца буйнымі кампаніямі: Яндэксам, Facebook, Google, TopCoderOpen. Гэта раней нікому не ўдавалася, але ён гэта зрабіў, быўшы студэнтам другога курса. І ён на сваім першым курсе выйграў (ACM/ICPC – заўв. аўт.), паехаўшы з камандай, дзе два чалавекі ўжо былі чэмпіёнамі свету, вось зараз на трэцім курсе сваім, ён таксама паехаў і выйграў.
— Не атрымлівалася пагутарыць з ім?
Атрымлівалася. Я ўдзельнічаў у алімпіядзе школьнікаў у сваім апошнім класе. Мы жылі з ім у адным пакоі, і насамрэч ён вельмі сціплы чалавек. Вельмі просты ў зносінах. Проста звычайны хлопец. Гуляе ў баскетбол, у пінг-понг вельмі добра.
— Ці ёсць карысць ад алімпіядных навыкаў за межамі алімпіяды?
Я не магу сказаць, пра алімпіяды па іншых прадметах, але алімпіяды па інфарматыцы вельмі дапамагаюць знайсці працу. Напрыклад, я працую ў кампаніі Яндэкс ужо трэці год. Вельмі любяць задаваць у “айцішных” кампаніях нейкія задачкі, падазрона падобныя да таго, што мы вырашаем падчас алімпіяд. Зрабіць першы крок у кар’еры, вядома, алімпіяды дапамагаюць. Потым яны, хутчэй, больш замінаюць. У кожнай задачы, якую табе ставіць кіраўніцтва, ты шукаеш нейкае алімпіяднае адценне, спрабуеш выдумаць нейкі новы алгарытм. Хоць часам для кампаніі лепш, калі ты выкарыстаеш правераны сродак, які і так ужо да цябе выкарыстала 200 кампаній, але які робіць сваю працу, чым калі ты нешта выдумаеш, і не зразумела, ці будзе яно рабіць сваю працу, ці не будзе. Часам бывае сумна. Тым не менш ёсць кампаніі, якія займаюцца рэчамі, якія ніхто яшчэ не рабіў, напрыклад, тая ж кампанія Яндэкс, або якія-небудзь заходнія гіганты тыпу Google або Facebook. Там алімпіяднікі могуць знайсці працу, якая ім даспадобы, нейкую даследчую працу. Больш за ўсё мяне, маіх знаёмых алімпіяднікаў матывуе факт, што гэтую задачу ніхто да цябе раней не рабіў, а ты – першы, хто ўзяўся за яе.
— Плануеш паступаць у магістратуру?
— Так, тэму магістарскай дысертацыі вылучу троху пазней, увосень. У нас (на ФПМІ БДУ – заўв. аўт.) проста адкрылася нядаўна спецыялізацыя ў магістратуры, звязаная з працай з вялікімі дадзенымі. Паспрабую ісці туды.
— А што да лёсу іншых алімпіяднікаў? Куды яны сыходзяць? Ці з’язджаюць яны з краіны да вядомых кампаній, ці застаюцца ў нас? Наогул, ці ёсць умовы для працы ў нас?
Умовы ёсць. Але выбар, вядома, за кожным. Ёсць людзі, якія з’язджаюць. Ёсць людзі, якія працуюць у Google, Microsoft. Ёсць людзі, якія працую і ў Беларусі. Напрыклад, вельмі шмат алімпіяднікаў працуюць у Яндэксе. Яўген Грыцкевіч працуе ў Яндэксе, я працую ў мінскім офісе. Гэта падтрымліваецца. Яндэкс нават сам фінансуе некаторыя алімпіяды. Ёсць хлопцы, якія працуюць у кампаніях тыпу Epam, якія не столькі працуюць над сваімі праектамі, колькі атрымліваюць замовы на распрацоўку з іншых краін. Але, тым не менш, і ў Epam ёсць свае ўнутраныя каманды, якія працуюць над чымсьці новым, цікавым. І алімпіяднікі знаходзяць там сабе месца.
— Чаму поспехі ў праграмаванні так зрушваюцца ў бок усходу, у бок Расіі і Азіі? Адукацыя ж у гэтай сферы старэйшая ў амерыканцаў і еўрапейцаў.
Я не магу адказна сказаць пра Азію, таму што я не знаёмы з тым, як у іх адукацыя будуецца. Чаму часта выйграюць каманды з Расіі, з Беларусі? Хутчэй за ўсё, таму што гэта абумоўлена адрозненнем у адукацыі. Вядома, у нас больш фундаментальная адукацыя, у нас шмат часу надаюць нейкай матэматыцы, больш – прычынна-выніковым сувязям. Калі на захадзе звычайнае пытанне – гэта які вынік вось такой тэорыі, то мы вучым тэорыю, адкуль яна ўзнікла, якія там узаемасувязі. Груба гаворачы, калі на захадзе ёсць малаток, то яны вучаць, што малатком можна забіваць цвікі. А мы вучым, што малатком можна забіваць цвікі – гэта ўсе ведаюць – а вось як ён працуе, які павінен быць малаток. Гэта мы праходзім, а яны не. Хоць малаток – гэта занадта простая аналогія. Ну, гэта такое пытанне філасофскае. Незразумела, што з гэтага лепш. Новую рэч прыдумаць лягчэй, калі ты ведаеш, як уладкаваныя іншыя рэчы. Калі ты толькі ведаеш, які вынік ад гэтых рэчаў, то табе будзе складаней. Гэта раз. Па-другое, матэматычная школа яшчэ савецкая, расійская яна ўсё-такі трошку мацнейшая… Вядома, спрэчнае пытанне, але канкрэтна ў гэтай частцы яна трошку мацнейшая, чым школа заходняя.
Размаўляў Віталь АРЭШКА