Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ўмацаваў свае пазіцыі ў рэйтынгу найлепшых універсітэтаў свету па версіі ўплывовага брытанскага агенцтва QS (THE — QS World University Rankings) і размясціўся ў групе вышэйшых навучальных устаноў, якія займаюць 421-430 пазіцыю.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ужо другі год запар уваходзіць у топ-500 найлепшых універсітэтаў свету – у 2014 годзе вядучая ВНУ краіны займала 491-500 пазіцыю. У параўнанні з мінулым годам БДУ падняўся на 70 пунктаў.
Брытанскае агенцтва QS ужо 10 гадоў ранжыруе ўніверсітэты свету, у даследаванне звычайна ўключаюцца толькі першыя 800 з іх, ці 3 % усіх дзейных універсітэтаў. Рэйтынг QS засноўваецца на аналізе дадзеных пра вышэйшую навучальную ўстанову і апытаннях незалежных экспертаў. Ацэньваюцца такія паказчыкі, як вынікі апытання экспертаў (акадэмічная рэпутацыя), апытанні працадаўцаў, індэкс цытавання навуковых прац за апошнія 5 гадоў, суадносіны колькасці выкладчыкаў і студэнтаў, колькасць замежных студэнтаў і выкладчыкаў.
На першым месцы ў абноўленым рэйтынгу размясціўся Масачусецкі тэхналагічны інстытут (ЗША), за ім Гарвардскі ўніверсітэт (ЗША), замыкае тройку Кембрыджскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія).
Сярод расійскіх вышэйшых навучальных устаноў найбольш высока размясціліся МДУ імя М. В. Ламаносава (108 месца), СПбДУ (256), Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт (317), МДТУ імя М. Э. Баўмана (338) і МДІМА (397). Сярод іншых краін СНД вышэй за БДУ размясціліся дзве казахстанскія ВНУ: Нацыянальны ўніверсітэт Аль-Фарабі (275) і Еўразійскі нацыянальны ўніверсітэт імя Л. М. Гумілёва (371). Такім чынам, БДУ займае восьмую пазіцыю сярод універсітэтаў краін СНД, падзяляючы яе з Кіеўскім нацыянальным універсітэтам імя Тараса Шаўчэнкі (421-430). У рэйтынгу QS 2015 г. сярод беларускіх ВНУ апрача БДУ прадстаўлены толькі Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (701+).
Пазіцыі вядучых універсітэтаў іншых краін-суседак: Варшаўскі ўніверсітэт (344), Тартускі ўніверсітэт (400), Талінскі тэхнічны ўніверсітэт (501-550), Вільнюскі ўніверсітэт (501-550) і Латвійскі ўніверсітэт (701+).
Варта таксама адзначыць, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт займае высокія пазіцыі і ў іншых вядомых сусветных рэйтынгах, стабільна трапляючы ў 2 працэнты найлепшых універсітэтаў свету. Так, па апошніх дадзеных (ліпень 2015) іспанскага рэйтынгавага агенцтва Webometrics Ranking of World Universities, БДУ займае 609 месца ў свеце, а сярод ВНУ краін СНД, Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі, па дадзеных расійскага агенцтва «Інтэрфакс» (снежань 2013), знаходзіцца на другім месцы.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ