12 верасня жыхары Мінска адзначылі Дзень горада. Сталіца як ніколі была напоўнена яркімі фарбамі, звонкім смехам і непадробнымі ўсмешкамі мінчан.
«Мінск, са святам!» – гучала з кожнай сцэны горада. А ці пачулі вы віншаванні са сцэны ў парку імя Паўлава?!
Здаецца, адна з самых лепшых і захапляльных праграм была менавіта там. Не абышлося і без нас – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таленавітыя артысты – студэнты БДУ цешылі гледачоў мерапрыемства сваімі выключнымі вакальнымі здольнасцямі. Цудоўны канцэрт для жыхароў i гасцей Маскоўскага раёна быў падрыхтаваны ўпраўленнем па справах культуры БДУ. Троху адцягнуўшыся ад галоўнай сцэны, можна было ўбачыць вялікі тэнт з надпісам «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт». Тут размясцілася Псіхалагічная служба БДУ, прадстаўніцы якой праводзілі вельмі займальныя трэнінгі. Усе ахвотнікі маглі атрымаць цікавую інфармацыю пра сябе і свой характар, адказаўшы на некалькі асацыятыўных пытанняў.
Побач з псіхалагічнай стужбай знаходзілася творчая студыя «MIM-BSU», дзе прыгожыя дзяўчаты-мімы ўсіх прысутных сустракалі дзівоснымі ўсмешкамі.
Гасцям парка вельмi спадабалася майстэрня «Face-Art». Дзяўчаты з натуральна «залатымі» рукамі малявалі на тварах і ручках дзетак і дарослых розныя малюнкі, дадаючы да кожнага нешта асаблівае, індывідуальнае.
Нельга было абмінуць і вясёлых студэнтаў, якія праводзілі вопыты. Выязны эксперыментальны лекторый па фізіцы з’яўляецца паспяховым праектам студэнцкага савета па якасці адукацыі БДУ.
Дапамаглі зладзіць імпрэзу ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю і ўпраўленне па справах культуры.
Лізавета БАСАЛЫГА
Маштабнае святкаванне Дня горада завяршылася 13 верасня грандыёзным паўмарафонам, у якім узялі ўдзел каля 16 тыс. чалавек.
Да масавага забегу таксама далучыліся студэнты БДУ разам з прарэктарам Аляксеем Данільчанкам. А сцяг універсітэта даверылі пранесці ваеннаму факультэту. За свой імпэт яны былі ўзнагароджаны прыгожымі медалямі ад арганізатараў.
Акрамя таго, да свята горада быў прымеркаваны рэспубліканскі фестываль «Тыдзень спорту і здароўя», які таксама не застаўся без увагі нашых студэнтаў.
7 верасня на пляцоўцы перад комплексам «Мінск-Арэна» студэнты ўдзельнічалі ў флэшмобе «Беларусь – гэта мы». Адкрываючы ўрачыстую цырымонію, моладзь падкрэсліла свой інтарэс да здаровага ладу жыцця, да заняткаў фізічнай культурай і спортам.
Наступныя пяць дзён хлопцы і дзяўчаты знаёміліся са спартыўнымі секцыямі і гурткамі БДУ. Трэнеры прэзентавалі не вельмі папулярныя, хутчэй экзатычныя, віды: воркаут (вулічны фітнес), карфбол (нешта тыпу баскетбола), рынга (праз сетку кідаюць круг), кёрлінг… Кожны дзень у майстар-класах удзельнічала па 100 чалавек практычна з усіх факультэтаў БДУ, пераважна першакурснікі. Яшчэ можна было паглядзець на хуткасны бадмінтон, стрытбол, барацьбу і валейбол. Для гасцей была падрыхтавана канцэртная праграма.
Таццяна МОРАВА