Студатрад БДУ: Чыста зроблена!

3 Sep, 2015.

студотряд СОК "Бригантина" бгуКалі гаворка зойдзе пра студатрады, уяўленне ў першую чаргу малюе дзяцей, якія энергічна кладуць цэглу і цягнуць тачку з пяском. Чамусьці  адразу думаеш пра будоўлю, хоць, як паказвае практыка, кірункаў, дзе могуць прыкласці свае сілы студэнты, нямала. Апроч будаўнічых, гэта педагагічныя, сельскагаспадарчыя, сэрвісныя атрады. Апошніх наогул вялікае мноства. Дзіва што! Паняцце сэрвісу ўсёабдымнае – ад рамонту тэхнікі да працы ў цэнтры рэабілітацыі.

А прынамсі адзіны студатрад БДУ наводзіў чысціню ў САК «Брыганціна».

Жнівеньскі дзень, рухаемся па тэрыторыі лагера. Прыпякае, і вакол практычна ні душы. Пытаем старшага педагога Алену Півавар. «Усе на рэчцы, – імгненна рэагуе яна. – Паглядзіце, як душна». Паспрачацца цяжка. І ўсё ж час ад часу мы бачым дарослых, якія нетаропка шпацыруюць, ці зусім маленькіх на трохколавых роварах. Жыццё кіпіць хіба што ў мясцовым басейне – тут з запалам плюхаюцца ўсе, і малыя і вялікія.

студотряд бгу СОК "бригантина" бассейн

Кіпіць жыццё ў мясцовым басейне)

На маё пытанне, адкуль гэтулькі дарослых, педагог удакладняе: гэта і наступная змены – адмысловыя. Так здаўна павялося, што ў другой палове жніўня тут адпачываюць супрацоўнікі БДУ з дзецьмі. І калі звычайна папраўляюць здароўе каля 300 чалавек, то цяпер іх усяго 223. Усе дзеці пад наглядам бацькоў. Хоць нельга сказаць, што іншыя змены для «Брыганціны» аўральныя. Па словах Алены Півавар, у лагеры заўсёды адпачывае адмысловая катэгорыя дзяцей. Многіх ведаюць з малодшых атрадаў, і тыя роднаму лагеру не здраджваюць. Ды і з ахвотнікаў адпачыць тут заўсёды выбудоўваецца чарга. Суразмоўніца прызнаецца: заяўкі пачынаюць паступаць яшчэ ў студзені, і прэтэндэнтаў амаль заў­сёды ўдвая больш, чым месцаў.
Але ёсць тыя, каму ў гэтыя дні не да адпачынку. Уся тэрыторыя аздараўленчага комплексу, а дакладней, навядзенне парадку на ёй – вотчына байцоў сэрвіснага студатрада БДУ. Акрамя таго, гэта спартыўны, медыцынскі і жылы карпусы. Тут ніхто не саромеецца ўзяць у рукі швабру і памыць, скажам, пляцоўку ля басейна, каб адпачывальнікам было ўтульней, ці прапыласосіць пакой.

студотряд СОК "Бригантина" бгу

Уборку ў якасці трэнінгу ніхто не адмяняў…

Урэшце, прызнаюцца студэнты, хатнюю ўборку ў якасці трэнінгу ніхто не адмяняў.
Сэрвісныя атрады такога плана працуюць у «Брыганціне» першы год, распавёў сакратар камітэта БРСМ БДУ Яўген Харук. Першапачаткова нават быў страх, што яны не прыжывуцца, што ахвот­нікаў папрацаваць на ўборцы не зной­дзецца. Але памыліліся. Так што  станоўчы эксперымент працягнецца. І кіраўніцтва комплексу такімі памагатымі вельмі задаволенае, тым больш што дэфіцыт кадраў сярэдняга звяна тут адчу­валі. «Імкнёмся прыцягваць мясцовае насельніцтва, але гэта не так лёгка, бо зарплаты невысокія, а працы шмат, – наракае Алена Піва­вар. – А вось да студэнтаў заўваг няма. Перажывалі, што едуць на ўборку і хлопцы, але, як выявілася, з гэтай працай усе спраўляюцца. Больш за тое, у першую змену мы нават адпускалі дзяцей па неаб­ходнасці на сесію. На гэты час іх замянялі іншыя байцы атрада».
Больш за ўсё адказнасці, як і заведзена, ляжыць на камандзіру студатрада. Ён арганізуе працу, ён жа адказвае за магчымыя дэфекты. Навучэнка юрыдычнага кале­джа Алена Шубіна пераканана: атрад спрацуе на «выдатна». Хоць для яе самой, як і для многіх іншых, гэта першы сэрвісны досвед. Але дзяўчына сур’ёзна кажа, што непапулярнай працы няма. Тым больш што БДУ падрыхтаваў для іх бонус у выглядзе першачарговага засялення ў інтэрнаты. «Мы працуем да 16.30, – кажа Алена, – за выключэннем афіцыянтаў у сталовых. У тых графік больш напружаны – з 6.00 да 21.00. Хоць праз кожныя два дні ў іх ёсць магчымасць паў­навартаснага двухдзённага адпачынку».
Студэнтку юрфака БДУ Паліну Авяр’янаву застаём у сталовай. І невыпадкова – бо зусім хутка абед. Убраная ва ўніформу дзяўчына накрывае на сталы: прыборы, кампот, хлеб… Для яе гэта таксама першы досвед у ролі афіцыянткі, хоць яна, мабыць, адна з нямногіх, хто на­пэўна ўяўляў, з якім колам задач сутыкнецца ў лагеры. У такім жа сэрвісным атрадзе, толькі летась у Анапе, дзе дзяўчына была ў скла­дзе педатрада, працавалі яе адна­курснікі.

«Хоць працаваць няпроста, мы спраўляемся, – усміхаецца яна. – Часам даводзіцца дапамагаць кухарам чысціць гародніну, калі яе вельмі шмат. Было і па 30 кілаграмаў. А так разносім талеркі, сурвэткі, відэльцы і лыжкі. Працую ў двух залах сталовай. Калі ёсць нейкія звароты, напрыклад, разбілі шклянку, трэба штосьці памяняць, камусьці дапамагчы, – гэта мая задача. Такі досвед для дзяўчыны нават патрэбны».

Байцы сэрвіснага атрада ў «Брыганціне» не проста не маркоцяцца, а знаходзяць час нацешыцца сапраўдным летнім надвор’ем, бо побач возера і пляж. І хоць праца часам заканчваецца позна, яны разумеюць: усё залежыць толькі ад іх саміх. «Нам цалкам хапае часу і схадзіць на дыскатэку, і пакатацца на лодцы, катамаране, і пазагараць, і пасмажыць шашлык, – прызнаецца Паліна. – Можна ўзяць ровар і пракаціцца ў суседні населены пункт. Я гэты час успрымаю нават больш як адпачынак. Так, за два дні набегаешся – ногі баляць. А за наступныя два дні нават забываеш, што працавала».

ДАВЕДКА  
Гэтым летам у БДУ працуе каля 20 студатрадаў, у складзе якіх занятыя амаль 400 чалавек. У за­лежнасці ад кірунку працы, за месяц, па словах сакратара камітэта БРСМ БДУ Яўгена Харука, можна зарабіць ад 2 да 4 мільёнаў. Некаторыя працуюць па тры месяцы, часам змяняючы толькі профілі. Для некаторых сур’ёзным стымулам у працы становіцца магчымасць атрымаць месца ў інтэрнаце.
Вера АРТЭАГА,«Рэспубліка»
Фота Аляксандра СТАДУБА

print

Вам таксама можа спадабацца: