З 7 па 13 верасня Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт наведаў прафесар Франк Лепрэвост – віцэ-прэзідэнт Універсітэта Люксембург. Эксперт у алгарытмізацыі і крыптаграфіі праводзіў лекцыі, сустрэўся з рэктарам БДУ Сяргеем Уладзіміравічам Абламейкам, а таксама распавёў падрабязней пра ўніверсітэт у Люксембургу і шматлікае іншае газеце “Універсітэт”.
Пра Універсітэт Люксембурга
Універсітэт быў створаны, каб разнастаіць адукацыю ў краіне. Люксембург – гэта фінансавы цэнтр Еўропы. Урад краіны вырашыў, што трэба стварыць вышэйшую навучальную ўстанову, якая будзе арыентавацца не толькі на фінансы. Заснаваны ў 2003 годзе, Універсітэт Люксембурга з’яўляецца першым і адзіным універсітэтам Вялікага Герцагства Люксембург. Асноўныя прынцыпы навучання: шматмоўнасць, міжнароднасць і навукова-арыентаванасць. Кожны дзень ва ўніверсітэце студэнты слухаюць лекцыі на чатырох мовах: французскай, нямецкай, англійскай і люксембургскай.
“У нас вельмі маладая ВНУ ў параўнанні з Беларускім дзяржаўным універсітэтам”, – адзначыў спадар Франк.
12 гадоў універсітэт працуе па пяці кірунках (факультэтах): факультэт навукі, тэхналогіі і камунікацыі; факультэт права, эканомікі і фінансаў; факультэт мовы і літаратуры, гуманітарных навук, мастацтваў і адукацыі; міждысцыплінарны цэнтр па бяспецы, надзейнасці і даверы; люксембургскі цэнтр сістэм біямедыцыны. Асноўны падзел: “мяккія навукі” (softscience) і “цвёрдыя навукі” (hardscience). “Мяккія навукі” – гэта законазнаўства (закон) як частка еўрапейскай сістэмы, эканоміка, фінансы.
“Люксембург – гэта месца, дзе знаходзіцца Еўрапейскі суд. Фактычна, усе важныя інстытуты кіравання Еўрапейскага саюза знаходзіцца поруч з універсітэтам. Таму вывучэнне закону мае сэнс”.
Што да “цвёрдых навук”, гэта значыць дзве асноўныя формы. Першая: камунікацыя ў цэнтры па бяспецы, надзейнасці і даверы.
“Гэты кірунак засноўваецца на ўсім, што атачае крыпталогію: сакрэтныя ключы, шыфры, коды. Таксама ёсць асобныя прадметы па анлайн-бяспецы, бяспецы ў дзяржаўных анлайн- і афлайн-сістэмах”.
Другі новы кірунак універсітэта – біямедыцына сістэм. Яно ўяўляе сабой злучэнне біёлагаў, медыкаў, камп’ютарных навукоўцаў, фізікаў і матэматыкаў. Усе яны прапануюць новыя ідэі ў складаных сістэмах, такіх як клеткі, органы і арганізмы. Гэтыя ідэі маюць значэнне для разумення асноўных механізмаў патагенезу захворвання і для распрацоўкі новых прылад у дыягностыцы і тэрапіі. Такім чынам, універсітэт выпускае навукоўцаў і матэматыкаў, якія факусуюцца на адной праблеме.
“Мы імкнёмся ўзяць як мага больш разумных “галоў” для атакі на сур’ёзны вірус,” – растлумачыў навуковец.
Пра міжнародныя лекцыі і абавязкі віцэ-прэзідэнта
Калі прафесар Лепрэвост стаў віцэ-прэзідэнтам, універсітэту было толькі два гады. Таму цяпер яго абавязкі адрозніваюцца ад тых, што былі ў першыя гады кіраўніцтва.
“У 2003 годзе не было ніякіх крытэрыяў для атрымання магістарскай і прафесарскай ступені, таму мне прыйшлося іх напісаць. Па дзве старонкі тэксту на кожную ступень”.
Галоўным чынам ён працуе над напісаннем пастаянных законаў і правілаў універсітэта, над абавязкамі і правамі студэнтаў.
“Кожны год мы праводзім “агляд” гэтых правілаў і абавязкаў. Уносім карэктывы. Але імкнёмся не дадаваць занадта шмат пунктаў. Галоўнае: пакідаць рэчы як мага прасцейшымі для разумення. Але не занадта простымі!”
Цяпер прафесар таксама адказвае за стварэнне новага кампуса ўніверсітэта. Гэта самы вялікі праект за ўсё існаванне Універсітэта Люксембурга. Праект ацэньваецца ў 1 мільярд еўра.
“Троху цяжка арганізаваць, якая частка ўніверсітэта будзе размяшчацца ў пэўным будынку. Які будынак больш падыходзіць для лабараторый? Гэта не так проста і забірае шмат часу”.
І, вядома ж, Франк Лепрэвост адзначыў міжнародныя адносіны як трэцюю, але не менш важную частку сваёй працы.
“Для нашага ўніверсітэта акадэмічная мабільнасць – гэта адзін з галоўных прыярытэтаў. Студэнт не можа атрымаць ступень бакалаўра, калі не правёў за мяжой хоць бы адзін семестр”.
Для арганізацыі мабільнасці патрэбныя, галоўным чынам, дамовы з універсітэтамі-партнёрамі. Зараз супрацоўніцтва Універсітэт Люксембурга вядзе на ўзроўні даследаванняў.
“Яшчэ адна прычына, чаму я вельмі шчаслівы быць тут у Беларускім дзяржаўным універсітэце – гэта тое, што я магу вывучыць поле для сумесных навуковых даследаванняў”.
Спачатку Універсітэт Люксембурга наладзіў адносіны з краінамі-суседзямі: Германіяй, Бельгіяй, Францыяй. Цяпер спадар Франк працуе над праграмай супрацоўніцтва ва Усходняй Еўропе. Ён ужо пабываў у Польшчы, Расіі, Украіне.
“Пасля доўгіх пошукаў трэба адзначыць, што Беларусь – гэта адзін з партнёраў, які можа ганарыцца сапраўды светлымі маладымі розумамі”.
Франк адзначыў тры асноўныя кірункі супрацоўніцтва, па якіх цяпер працуе: краіны-суседзі Люксембурга, Усходняя Еўропа і Кітай. Таксама ўніверсітэт супрацоўнічае са Злучанымі Штатамі і Японіяй у біямедыцыне.
“Праграму па біямедыцыне мы пачалі ў Сіэтле (ЗША). Гэты праект доўжыўся досыць доўга. Але трэба было больш часу, каб зразумець, што мы маем патрэбу ў наступнай (навуковай) прыступцы развіцця. І зараз партэр у Сіэтле – гэта адзін са шматлікіх нашых сяброў”.
Франк Лепрэвост лічыць Універсітэт Люксембурга шматнацыянальным. Больш за 50 % студэнтаў і 85 % бакалаўраў і прафесараў – гэта замежнікі.
Пра супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным універсітэтам
Прыблізна два гады назад у Люксембургу прайшоў воркшоп “Люксембург – Усходняя Еўропа” па тэме камп’ютарнай навукі. На ім ствараліся камп’ютарныя сеткі зносін, абарона камунікацый і дадзеных.
“Мы імкнуліся ахапіць вялікую тэрыторыю цікавасці і запрасіць лектараў з розных краін. І даведаліся пра Беларусь дзякуючы Дзмітрыю Хаўратовічу. Ён, дарэчы, вучыцца ў Люксембургу і родам з Беларусі. І вялікае дзякуй такім людзям, як Аляксандр Дудзін, Юрый Харын. Добра мы пагутарылі з рэктарам БДУ Сяргеем Албамейкам”.
З часоў воркшопа Франк Лепрэвост заставаўся на сувязі з усімі лектарамі. І, у прыватнасці, зацікавіўся супрацоўніцтвам з Беларуссю.
“Гэта так званае “павольнае гатаванне”. І пасля кожнага няхуткага і прадуманага гатавання атрымліваецца смачная страва”.
Пасля запланаванай сустрэчы з рэктарам БДУ замежны госць таксама выказаў шмат новых ідэй.
“Сяргей Абламейка – чалавек дынамічны, сучасны. Ён прыемна здзівіў мяне сваімі даследаваннямі ў іміджавых працэсах, якія суадносяцца з медыцынскімі навукамі. Мне было лёгка зразумець яго, бо сферы нашых інтарэсаў непарыўна звязаны”.
Прафесар падзяліўся прыярытэтнымі кірункамі супрацоўніцтва двух універсітэтаў у будучыні. Першае, што адзначыў віцэ-прэзідэнт – гэта развіццё тэмы “зялёных айці”.
“Паняцце “зялёных айці” можна растлумачыць на прыкладзе некалькіх камп’ютараў. Калі, напрыклад, трэба перадаць інфармацыю з аднаго камп’ютара на іншы, а тэхналогіі састарэлыя, то нам спатрэбіцца яшчэ два-тры-чатыры камп’ютары, каб дасягнуць мэты. Так губляецца шмат энергіі – электрычнасці. Зялёныя тэхналогіі дазваляюць перадаць інфармацыю найбольш кароткім шляхам: з аднаго камп’ютара на іншы. Энергіі пры гэтым затрачваецца менш”.
Другой галоўнай тэмай для кааперацыі з’яўляецца аптымізацыя алгарытмаў.
Навуковец лічыць гэты кірунак важным для будучыні. Напрыклад, для сувязяў па спадарожніках, запусках ракет у космас. І ўсё гэта звязана з “навукай пра жыццё” – біянавукай (lifescience).
Навука пра жыццё складаецца з навуковых даследаванняў жывых арганізмаў – напрыклад, мікраарганізмаў, раслін, жывёл і чалавека – а таксама звязаных з імі навук, як біяэтыка. У той час як біялогія застаецца цэнтральнай у навуцы пра жыццё, тэхналагічныя дасягненні ў малекулярнай біялогіі і біятэхналогіі прывялі да росквіту спецыялізацый у міждысцыплінарных галінах.
Пра тое, чаму лекцыі па матэматыцы і крыптаграфіі могуць быць даступнымі для ўсіх
На адной з лекцый у Варшаўскім тэхналагічным універсітэце спадар Франк распавядаў, што існуе шэсць праблем міленіума ў матэматыку. Але падрабязна спыніўся на адной – гіпотэзе Рымана. Пасля лекцыі натоўп студэнтаў прыйшлі да яго і папрасілі распавесці пра астатнія пяць праблем. З тых часоў ён зразумеў, што трэба распавядаць як мага цікавей і паказваць больш прыкладаў.
“Вось так гэта пачалося. І гэта лекцыя па крыптаграфіі – тое, што я хачу распавесці і чым займаюся цяпер у Люксембургу. Гэта ўводзіны ў прадмет гутаркі, каб сабраць як мага больш аўдыторыі, якая зацікавіцца праблемным прадметам”.
Прафесар кажа, што гэта толькі пачатак падрыхтоўкі. Ён і далей збіраецца спрашчаць разуменне праблемы.
“Таму што рабіць рэчы складанымі – лёгка. А вось зрабіць штосьці празрыстым для разумення вельмі няпроста”.
Пра тое, як правільна знаёміцца з Беларуссю
Прафесар прыехаў у Беларусь упершыню. Каб больш даведацца пра беларускі народ, ён адправіўся ў Нацыянальны музей. Тым часам там была часовая экспазіцыя з Траццякоўскай галерэі.
“Я імкнуся прасачыць сучасную гісторыю любой краіны праз мінулае. У музеі я ўбачыў мноства карцін беларускіх народных мастакоў. Зрабіў шмат фатаграфій”.
Пра тое, як стаць студэнтам Універсітэта Люксембурга
Галоўнае, як адзначыў Марк, гэта добрая матывацыя і досвед навуковых даследаванняў.
“У нас шматнацыянальны ўніверсітэт. Калі адмысловая камісія бачыць, што чалавек сапраўды добра адукаваны і жадае вучыцца далей, то ў яго ўсе шанцы стаць студэнтам”.
Пра этыку ў крыпталогіі
Дзяржава выкарыстоўвае шыфры, каб хаваць важную і сакрэтную інфармацыю ад усіх. Людзі ж выкарыстоўваюць шыфры, каб абысці закон і схаваць сакрэты ад дзяржавы.
“Што да Люксембурга, гэта вельмі моцны фінансавы цэнтр, дзе засяроджаны шматлікія важныя еўрапейскія структуры. Мы павінны даваць прастору, якая дапамагае захаваць сакрэтнасць перадачы дадзеных”.
Франк Лепрэвост уваходзіць у кола давераных асоб у кампаніі “Люкстраст”. Галоўныя кампаніі Люксембурга – гэта акцыянеры гэтай кампаніі. “Люкстраст” прапануе анлайн-банкінг для тысяч кліентаў гэтых кампаній у Люксембургу. Таксама кампанія займаецца абаронай персанальных сігнатур і асабістых дадзеных праз электронныя ідэнтыфікацыйныя карты.
“Бяспека вельмі важная. Я лічу, што цалкам празрыстая прастора – гэта небяспечнае поле для дзейнасці. Я не веру ў абсалютную празрыстасць. І ўжо дакладна не буду рады, калі хто-небудзь прачытае мае асабістыя паведамленні”.
Пра будучыню, немінучыя тэхналогіі і філасофію ў навуцы
Спадар Франк верыць, што любыя, нават самыя незвычайныя, мары ва ўмелых руках здзяйсняльныя.
“Будучыня можа быць якой заўгодна. Любы фільм, які мы глядзім, як альтэрнатыўная будучыня. Усё можа адбыцца”.
Гэтак жа ён ставіцца да ўсіх вызначэнняў у жыцці. Напрыклад, ці існуе “нармальнасць”?
“У кожнага чалавека ёсць пэўны набор зншніх і ўнутраных дадзеных. Напрыклад, мы можам вымераць уласны ўзровень цукру ў крыві. Ён будзе вышэйшы ці ніжэйшы за норму, у параўнанні з іншымі людзьмі. Але калі мы, напрыклад, захварэем, то сыходзім і ад уласнага разумення “нормы” ў дачыненні да хваробы. Таму я дагэтуль не магу растлумачыць, якая ж яна – нармальнасць”.
Будучыня ж бачыцца прафесару Лепрэвосту ў злучэнні рэчаў, здавалася б, непадобных адна да адной.
“Я веру, што кожная навука звязана. Біяматэматыка, “навука пра жыццё”, алгарытмізацыя – гэта тое, што варта паставіць у прыярытэт супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным універсітэтам”.
Фаіна НАКАНЕЧНАЯ
Відэа з лекцыі прафесара Франка Лепрэвоста ў БДУ