Каля пяці тысяч новых студэнтаў у 2015 годзе папоўнілі шэрагі БДУ. І па традыцыі 1 верасня ўніверсітэт павітаў першакурснікаў святам “Віват, студэнт”, якое адбылося ў Палацы спорту.
У Палацы спорту з самай раніцы было ажыўлена. Студэнты-старшакурснікі старанна рыхтаваліся да свята. А да пяці гадзін пачалі збірацца і самі ўдзельнікі імпрэзы. У холе будынка панавала радасная атмасфера, новыя студэнты гутарылі, знаёміліся і рабілі фатаграфіі на памяць.
Свята “Віват, студэнт” – гэта выдатны шанец для першакурснікаў даведацца пра студэнцкія арганізацыі ўніверсітэта. Таму ў холе Палаца спорту размясціліся стэнды мноства студэнцкіх арганізацый БДУ, на якіх распавядалася пра іх дзейнасць. Вядома, што шлях да сэрца студэнта ляжыць праз страўнік, таму студэнты-актывісты студэнцкага савета па якасці адукацыі частавалі першакурснікаў хатнімі кексамі і печывам.
А супрацоўнікі Медыяцэнтра БДУ арганізавалі мабільную фотамайстэрню, у якой першакурснікі маглі зрабіць фота на памяць.
Велізарныя чэргі выбудаваліся ў “тату-салон”, дзе ўсім ахвотнікам адмысловай фарбай малявалі на целе знакі ўніверсітэта. А таксама для першакурснікаў праходзіла латарэя, пераможцу якой у падарунак дастаўся заплечнік, напоўнены ласункамі.
Святочная праграма пачалася з гімна “This is BSU”, які выканалі Валянціна Паўлава, Alen Hit, Улад Чыжыкаў і Анжаліка Пушнова, эфектна выехаўшы на танцпляц на квадрацыклах і мапедах. Пасля запальнага выканання гімна адбыўся “парад факультэтаў”. Пад бурныя авацыі першакурснікам прадставілі дэканаў і дырэктараў усіх факультэтаў БДУ. Павіншаваў студэнтаў з днём ведаў і пажадаў ім поспехаў у вучобе і рэктар Сяргей Уладзіміравіч Абламейка.
Ён падкрэсліў, што ў БДУ паступаюць толькі самыя лепшыя абітурыенты нашай краіны, а паступленне ў гэтую ВНУ – гэта першы крок на шляху да поспеху. Для студэнтаў падрыхтавалі прэзентацыю, дзякуючы якой дзеці даведаліся яшчэ больш пра сваю alma mater.
Народная харавая капэла БДУ выканала гімн універсітэта, затым першакурснікі прамовілі клятву. Як прызналася пазней студэнтка хімфака, гэты момант быў самым хвалюючым за ўвесь вечар. Найлепшым першакурснікам БДУ, якія набралі 380 і 397 балаў, уручылі сімвалічны студэнцкі квіток, поспех іх быў сустрэты выбухам апладысментаў.
Далей для студэнтаў была падрыхтавана забаўляльная праграма.
Выступілі такія паважаныя ўніверсітэцкія калектывы, як ансамбль танца “Крыжачок”, фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш”, а таксама танцавальны калектыў ІБМТ, таленавітыя студэнты нашага ўніверсітэта і артысты беларускай эстрады. Хэдлайнерамі свята стаў беларускі гурт “Лепрыконсы”. Вядучыя мерапрыемствы зладзілі самы вялікі флэшмоб БДУ, запрасіўшы станцаваць усіх першакурснікаў, а таксама зрабілі самае масавае сэлфі ў гісторыі ўніверсітэта.
З кожным годам жыццё моладзі ўсё больш звязана з сацыяльнымі сеткамі, таму вядучыя свята заклікалі выкладваць фатаграфіі з мерапрыемства адзначаючы іх хэштэгамі. Фатаграфіі можна знайсці ў Instagrame па хэштэгах: #віватстудэнт, #віватстудэнтбду і #віватстудэнт2015. А таксама ў афіцыйных групах “УКантакце”: “Культурныя людзі БДУ” і “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ)”.
Першакурснікі былі ў захапленні ад свята. Спявалі, танчылі, заводзілі сяброў і шмат смяяліся. Новаспечаны студэнт ФПМІ падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі:
“Троху страшна пачувацца студэнтам, але спадзяюся, што ва ўніверсітэце атрымаю новыя веды і змагу завесці сяброў. Шоу “Віват, студэнт!” вельмі спадабалася. Усё вельмі хораша, атрымалася прасякнуцца сяброўскай атмасферай. БДУ лепшы за ўсіх!”
Дар’я КОЎЗА
Яшчэ больш фота тут
Глядзiце вiдэа: