Інфаграфіка. БДУ рухаецца да адкрытай анлайн-адукацыі. Агляд курсаў МООС

5 Sep, 2015.

Адкрытыя анлайн-курсы+++

Галіна адукацыі развіваецца імкліва і не перастае здзіўляць інавацыямі. Анлайн-курсы – гэта адносна новая тэндэнцыя, якая атрымала развіццё на Захадзе, а зараз распаўсюджваецца і ў Беларусі. Навучацца ў інтэрнэце стала рэальным пры дапамозе масавых адкрытых анлайн-курсаў (МООС).

Анлайн-курсы: проста, даступна, прэстыжна

Седзячы дома на канапе, можна азнаёміцца з навучальнымі матэрыяламі знакамітых універсітэтаў свету праз гэтыя платформы. Каб далучыцца да агульнага руху МООС, трэба толькі зарэгістравацца на адным з адукацыйных сайтаў і можна падпісацца на любы курс.

Такія віртуальныя пляцоўкі даюць магчымасць кожнаму атрымліваць веды бясплатна. На сэрвісах можна вывучаць не толькі тэарэтычны матэрыял, але і пазнаёміцца з відэалекцыямі і выконваць тэставыя заданні. На многіх платформах працуюць форумы, дзе студэнты абменьваюцца думкамі і дапамагаюць адзін аднаму.

Адукацыйных праектаў анлайн-курсаў у інтэрнэце налічваецца дзясяткі. Да ліку найбольш папулярных можна аднесці Coursera, UDACITY, FutureLearn, edX і Khan Academy.

about-mooc

БДУ сябруе з інавацыямі

Для БДУ адным з прыярытэтных пытанняў з’яўляецца распрацоўка спецыяльных курсаў для далучэння ўніверсітэта ў рух МООС. Але варта адзначыць, што выпуск аднаго масавага анлайн-курсу патрабуе вялікіх матэрыяльных сродкаў і працавыдаткаў.

Зараз у распрацоўцы знаходзяцца некалькі курсаў, якія ў наступстве маглі б прэтэндаваць на месца ў сусветнай адкрытай анлайн-адукацыі. Для БДУ гэта стане вялікім штуршком у развіцці, а выкладчыкі стануць больш ахвотна займацца распрацоўкай новых матэрыялаў. Наконт гэтага начальнік Медыяцэнтра БДУ Павел Салаўёў адзначыў:

— Не трэба баяцца плагіяту ў Інтэрнэце, бо горш застацца незаўважаным. Зараз лідарства вызначаюць інавацыі. Без інавацый нельга стаць лепшым, гэтак жа як без іх пастаяннай актуалізацыі можна страціць першынство.

Анлайн-адукцыя для БДУ – справа не новая. Зараз на базе Белдзяржуніверсітэта паспяхова працуюць дзве адукацыйныя анлайн-платформы: Moodle і e-University, свая платформа ёсць у Інстытуце бізнесу і менеджменту БДУ. Вялікая ўвага надаецца распрацоўцы новых курсаў і іх укараненню на платформы, дзе свае напрацоўкі могуць размяшчаць выкладчыкі ўсіх факультэтаў універсітэта.

Анлайн-сэрвісы у навучальным працэсе дапамагаюць не толькі студэнтам. У сістэме Moodle, напрыклад, размешчаны рэсурс, з дапамогай якога абітурыенты БДУ могуць падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання альбо проста падцягнуць свае веды па матэматыцы. Сістэмы кіравання навучаннем – выдатны інструмент для таго, каб палепшыць навучальны працэс, зрабіць яго больш інтэнсіўным. Вы могуць размяшчаць для студэнтаў дадатковыя матэрыялы і заданні, арганізоўваюць самастойную работу студэнтаў і шмат інш. Такі падыход змяняе пагляд на адукацыйны працэс з абодвух бакоў.

Выдатных поспехаў дасягнула і Электронная бібліятэка БДУ. Віртуальнае сховішча займае лідзіруючыя пазіцыі сярод універсітэцкіх рэсурсаў краін СНД і трапляе ў сотню лепшых у свеце. Белдзяржуніверсітэт тэхналагічна развіваецца, расце колькасць электронных паслуг, з дапамогай шматлікіх анлайн-сервісаў універсітэт імкнецца стаць больш прывабным для беларускіх студэнтаў, навучэнцаў з краін як блізкага, так і далёкага замежжа.

Кацярына ІЛЬІНЦАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: