З 25 жніўня па 6 верасня ў БДУ ажыццяўлялася праграма павышэння кваліфікацыі «Арганізацыя навучання і навуковых даследаванняў» для 11 кіраўнікоў Чжэцзянскага Шужэн універсітэта, якія ў выніку атрымалі пасведчанні БДУ.
Праект арганізаваны ўпершыню. На працягу курса навучання кітайскім калегам былі прачытаны больш за 10 лекцый, якія падрыхтавалі кіраўнікі падраздзяленняў БДУ. Тэмы датычыліся арганізацыі кіравання ВНУ: уплыву сектара эканомікі на фарміраванне тэматыкі навуковых даследаванняў у ВНУ, прасоўвання іх вынікаў у інтэрнэце, вывучэння менеджменту ведаў. У апошнія дні знаходжання госці з’ездзілі на экскурсію ў Нясвіж і Мір.
На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка павіншаваў кітайскіх калегаў з завяршэннем навучання. «Прыемна, што мы разам добра скончылі гэту працу. Мы распавялі вам, як уладкавана сістэма адукацыі ў Беларусі. У сваю чаргу даведаліся пра арганізацыю навучальнага працэсу ў Кітаі і непасрэдна ў вашым універсітэце. Гэта быў вельмі карысны тыдзень сумеснай практыкі».
З правінцыяй Чжэцзян БДУ звязваюць даўнія дзелавыя і сяброўскія адносіны. Яшчэ ў 2006 г. наша дэлегацыя наведала г. Ханчжоу, падпісаўшы дамову пра супрацоўніцтва з дэпартаментам навукі і тэхналогій. З 2013 г. у ліку кітайскіх партнёраў БДУ з’явіўся Чжэцзянскі Шужэн універсітэт, які з’яўляецца першай кітайскай ВНУ, якая забяспечваецца прыватным фінансаваннем.
Кваліфікаваныя навуковыя кадры, дзелавы падыход кіраўніцтва ўніверсітэта дазволілі ўжо праз год пачаць практычную рэалізацыю навукова-тэхнічных праектаў у галіне біятэхналогій. Гэтыя даследаванні з прычыны сваёй асаблівай значнасці былі ўключаны ў міжурадавыя праграмы супрацоўніцтва Беларусі і Кітая.
Сяргей Абламейка падкрэсліў, што ўжо зроблена вялікая навуковая праца. Да прыкладу, створана прамысловая ўстаноўка для апрацоўкі тэхналогій. З’явілася паспяховая каманда беларускіх і кітайскіх навукоўцаў. Рэктар БДУ перакананы, што сённяшні праект таксама прывядзе да станоўчага выніку.
«Наша сумеснае супрацоўніцтва будзе спрыяць дасягненню новых вышынь у навуцы», – адзначыў ён.
Прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі выказалі падзяку за цёплы прыём і выдатную арганізацыю мерапрыемства. Яны запэўнілі, што падчас навучання атрымалі шмат карыснай інфармацыі. Тун Гаяа, прарэктар Чжэцзянскага Шужэн універсітэта, падзяліўся ўражаннямі: «Нягледзячы на адрозненне менталітэтаў, мы зразумелі беларускае жыццё і культуру. БДУ справядліва называецца вядучым універсітэтам не толькі ў навукова-тэхнічнай сферы, але і ў сістэме адукацыі. Веды, атрыманыя тут, будуць дастасоўныя, але па асобных пунктах. Вельмі здзівіла арганізацыя навучальнага працэсу. Да прыкладу, сістэма набору кадраў вышэйшай кваліфікацыі вельмі строгая: дацэнтам не можа стаць той, у каго няма ступені. У Кітаі такога няма. Да фізічных заняткаў у нас не такія вялікія патрабаванні. А нагрузкі ў выкладчыкаў і студэнтаў кітайскіх універсітэтаў у цэлым нашмат меншыя».
Кітайскія калегі адзначылі, што ў наш час супрацоўніцтва паміж двума ўніверсітэтамі імкліва развіваецца. За рэалізацыю сумесных праектаў спецыялісты БДУ ўжо ганараваліся высокай узнагароды. Кітайскія партнёры спадзяюцца на працяг супрацоўніцтва ў далейшых даследаваннях, плануюць ажыццяўляць абмен студэнтамі і арганізоўваць стажыроўкі.
Таццяна МОРАВА