Урачыстая лінейка,прысвечаная дню ведаў, прайшла 1 верасня ва ўнутраным дворыку БДУ. Першакурснікі з усіх факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сабраліся на мерапрыемстве, каб пачуць пажаданні ад рэктара, дэканаў і выкладчыкаў і пачаць новае, ужо студэнцкае, жыццё.
Па традыцыі Сяргей Уладзіміравіч Абламейка ўзяў слова першым. Ён пазнаёміў студэнтаў з дэканамі факультэтаў, пажадаў поспеху ў цікавым, хоць і не простым навучальным працэсе, і нагадаў першакурснікам, што сесія ўсё ж не за гарамі.
Наступнымі вучняў павіншавалі старшыня студэнцкай асамблеі БДУ БРСМ Яўген Харук, старшыня савета старастаў Ксенія Валністая і іншыя.
Паміж афіцыйнымі выступленнямі новым студэнтам не давалі маркоціцца творчыя таленты ўніверсітэта. Яны цешылі гасцей песнямі і танцамі.
Мы спыталі ў першакурснікаў, што яны адчуваюць у свой першы навучальны дзень і чым кіраваліся, выбіраючы свой факультэт.
Ян, хімічны факультэт:
— Мяне зацікавіў мой факультэт, я вырашыў, што тут будзе штосьці цікавае. У БДУ самы высокі ўзровень выкладання хіміі, таму абраў менавіта гэты ўніверсітэт. Пакуль яшчэ складана растлумачыць пачуцці ад пачатку студэнцкага жыцця. Усё новае, лёгка разгубіцца.
Марына, факультэт філасофіі і сацыяльных навук:
— Я вучуся на псіхолага. Гэта мне даспадобы і сапраўды цікава. БДУ лічыцца самым прэстыжным у краіне. Тут якасная адукацыя. Першы навучальны дзень яшчэ не прачулі. Сёння ж урачысты дзень ведаў. Сапраўдная вучоба яшчэ наперадзе, таму троху хвалююся.
Пасля ўрачыстай лінейкі студэнтаў запрасілі на экскурсію па рэктараце, навучальных карпусах і музеі гісторыі ВНУ.
А ўвечар усіх чакаў працяг святочнага дня ў Палацы спорту з праграмай “Віват, студэнт!”.
Першы крок будучых спецыялістаў на шляху да поспеху зроблены. Застаецца толькі не забываць пра свае мары і імкліва прасоўвацца наперад па нялёгкім шляху ведаў.
Яўгенія ВІННІК
Яшчэ больш фота тут