Вось ужо на працягу амаль ста гадоў пакаленнямі студэнтаў і выкладчыкаў фарміруецца культура і традыцыі нашага ўніверсітэта. Імя БДУ стала вядомым не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт стаў папулярным брэндам, які прыцягвае найлепшых студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў, умацоўваючы свае пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах. І сёння наспела неабходнасць прывесці ў актуальны стан візуальную частку карпаратыўнай культуры нашай alma mater – фірмовы стыль БДУ.
У 2000 годзе Савет БДУ зацвердзіў герб універсітэта, дзе цэнтральным знакам стала галінка папараці.
Пошук кветкі папараці ў славянскіх традыцыях адлюстроўвае веру і імкненне чалавека да шчасця, пазнання навакольнага свету, зямных таямніц. Знайсці папараць-кветку незвычайна цяжка. Толькі пераадолеўшы найскладанейшыя перашкоды, чалавек на этапе свайго станаўлення (у маладосці) можа здабыць гэту цудадзейную кветку. Той, хто знойдзе кветку, стане мудрым, адукаваным, будзе свяціцца ад любові і дабрадзейнасці, спазнае мінулае, сучаснасць, будучыню. Ліст папараці на фоне свячэння яго таямнічай кветкі сімвалізуе беларускае паходжанне, беларускае нацыянальнае прызначэнне і сэнс дзейнасці БДУ. Серабрыстае свячэнне кветкі папараці ўвасабляе вечную маладосць, імкненне чалавека да шчасця, дабра і пазнання праўды, паступовы пераход ад блакітнага (знака навукі, вучонасці) да серабрыстага сімвалізуе, наколькі цярністы і доўгі шлях да ведаў і мудрасці.
Фірмовая сімволіка ўніверсітэта, апрача герба, сцяга і штандара, звычайна складаецца і з шэрагу дадатковых элементаў – лагатыпа, фірмовага знака, каляровай палітры, якія выкарыстоўваюцца ў афармленні друкаванай, сувенірнай прадукцыі.
У рэчышчы актуальных тэндэнцый у БДУ распрацаваны рэкамендацыі па выкарыстанні фірмовай сімволікі (брэндбук), а колераграфічнае выкананне сімволікі БДУ адаптавана з улікам сучасных паліграфічных патрабаванняў. Аўтарамі праекта сталі Валерыя Няпеўная і Вікторыя Холад – выпускніцы факультэта сацыякультурных камунікацый, навуковым кіраўніком была Вольга Каржаневіч – выкладчык кафедры дызайну ФСК, праект каардынаваў Медыяцэнтр БДУ.
Сімволіка БДУ, замацаваная ў яго гербе, знаходзіць сваё адлюстраванне і ў лагатыпе ўніверсітэта – ён таксама транслюе ідэю папараць-кветкі, бо знак з’яўляецца не толькі непаўторным і ўнікальным элементам беларускай культуры, але і неад’емнай часткай гісторыі БДУ. Сіні колер лагатыпа адлюстроўвае характар БДУ: гэта знак навукі, колер надзейнасці, сталасці і класікі. Неад’емнай часткай лагатыпа з’яўляецца назва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кірылічнае напісанне шрыфта для якой было адмыслова распрацавана аўтарамі праекта.
Дапоўніць карпаратыўны стыль БДУ закліканы фірмовы знак – дадатковы элемент карпаратыўнай сімволікі, які выкарыстоўваецца ў графічным афармленні. Фірмовы знак уяўляе сабой элемент традыцыйнага беларускага знака «васьмірог» і нясе ў сабе багатую разнастайнасць асацыяцый: колас пшаніцы, кніга ведаў, лесвіца ўгару, акадэмічная шапка-канфедэратка.Фірмовы знак БДУ складае аснову патэрна.
Патэрн – паўтаральны шаблон, заканамерная рэгулярнасць, якая сустракаецца ў дызайне. Элементы патэрна прадказальна паўтараюцца, утвараючы ўзоры. Патэрны выкарыстоўваюцца там, дзе важны візуальны складнік, напрыклад, пры афармленні фону ці падкладкі.
Увядзенне ў склад сімволікі БДУ лагатыпа і фірмовага знака не звужае сферу выкарыстання герба ўніверсітэта (фасады галоўнага корпуса БДУ, афіцыйныя бланкі факультэтаў БДУ, газета «Універсітэт», сцяг БДУ, сцягі факультэтаў, штандар рэктара БДУ, пры афармленні кніг, якія выпускаюцца выдавецкім цэнтрам БДУ, пры выпуску друкаванай прадукцыі і г. д.), дадатковыя элементы могуць выкарыстоўвацца пры распрацоўцы дызайну сайтаў БДУ і падраздзяленняў, пры афармленні паліграфічнай і сувенірнай прадукцыі, рэкламных матэрыялаў.
Варыянты і правілы выкарыстання фірмовага стылю БДУ апісаны ў брэндбуку БДУ, даступным на сайце www.bsu.by у раздзеле «Універсітэт / Сімволіка БДУ». Там жа можна запампаваць герб, лагатып, фірмовыя шрыфты, шаблоны прэзентацый, фоны для манітора камп’ютара, макеты візітовак.
Каментарыі і прапановы з нагоды фірмовага стылю накіроўвайце ў Медыяцэнтр БДУ па e-mail: media@bsu.by
Ксенія КАРАВАЯ,
Ірына РУДЗЬКО