У межах праекта “Магчымасці з БДУ” студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта Вольга Ускробава (http://vk.com/id135383699) распавядае пра сваю стажыроўку ў Германіі.
– Вольга, добры дзень. Хочам даведацца самае важнае і цікавае з вашага досведу стажыроўкі. Пачнём з агульнага: якая краіна, які ўніверсітэт?
– Добры дзень! Я праходзіла стажыроўку ў Германіі ў г. Бохум (Ruhr-Universität Bochum).
– А зараз пра праграму: што за яна і як у яе патрапіць?
– Я ўдзельнічала ў праграме партнёрскіх універсітэтаў. На гэту праграму мяне парэкамендавала мая кафедра (заўв. Рэд. – кафедра нямецкай мовы). Трэба было прайсці адборачны тэст, каб патрапіць на гадавыя курсы. Я прайшла яго паспяхова. Хадзіла на падрыхтоўчыя курсы год, потым быў выніковы тэст і сумоўе, па выніках якіх я стала адной з тых, хто атрымаў стыпендыю.
– Наколькі мы ведаем, паспяховасць у вас у БДУ вельмі добрая. Гэта звязана з пастаўленай мэтай ці ўласным прынцыпам усё заўсёды рабіць на выдатна незалежна ад роду заняткаў?
– Паспяховасць у мяне нядрэнная, я проста люблю сваю спецыяльнасць. Матывацыя грае, вядома, важкую ролю.
– Вольга, гэта выдатна, што вам падабалася навучанне па сваёй спецыяльнасці ў Беларусі. Што ці каго хочаце адзначыць?
– Так, я люблю нямецкую мову і германістыку. Асаблівую даніну павагі хацелася б аддаць выкладчыкам: Сініла Галіна Вяніямінаўна (к.ф.н., прафесар факультэта сацыякультурных камунікацый, кафедра культуралогіі) і Лойка Вольга Анатольеўна (старшы выкладчык філалагічнага факультэта, кафедра нямецкага мовазнаўства). На мой погляд, гэта спецыялісты міжнароднага ўзроўню.
– Дзе вы даведаліся пра магчымасць навучання ў замежжы? І якія вашы самыя патаемныя думкі?
– Пра гэту магчымасць я даведалася ад маёй сяброўкі, якая ўжо паспела прайсці стажыроўку ў Германіі па гэтай праграме. Я чамусьці была ўпэўнена, што я атрымаю гэту стыпендыю, бо гэта была мая мара, а мары павінны спраўджвацца.
– Якія чаканні былі перад паездкай? Ці быў страх перад знаходжаннем за мяжой?
– Я вельмі хацела памяняць атмасферу і наведаць Германію, таму розныя страхі і сумневы я адкідала прэч. Нямецкі бок мне вельмі дапамог з рознага кшталту інфармацыяй. І ў мяне шмат знаёмых у Германіі, якія ўсяляк інфармавалі мяне па ўсіх пытаннях.
– Што было самым доўгім і адначасова важным на першым этапе? З чаго вы пачыналі?
– Трэба было спачатку аформіць усе дакументы. Бюракратыі ў Германіі таксама хапае, праўда, няма такіх доўгіх чэргаў. Самае важнае – гэта наладзіць кантакты з іншымі студэнтамі, з гэтага варта пачаць.
– Вы з красавіка да нядаўняга часу былі ў Германіі. Як сябе адчувалі? Якое ўражанне пра сістэму адукацыі, пра падыходы да навучання, пра студэнтаў, пра пазавучэбнае жыццё, пра жыллё?
– Там дзейнічае Балонская сістэма, г. зн. гэта зусім іншая сістэма адукацыі ў параўнанні з намі. Я жыла ў інтэрнаце, кошт быў нятанны – 257 еўра. Плюсамі стаў выбар і сумяшчэнне некалькіх спецыяльнасцяў, напрыклад, у мяне сябар вывучаў эканоміку, да яе яшчэ ён абраў філасофію. Студэнты вельмі адкрытыя, умеюць вучыцца і адпачываць. Вельмі шмат замежных студэнтаў. Кожныя выходныя былі розныя вячоркі.
– Што самае цяжкае прыйшлося перажыць?
– Першыя дні і апошнія дні. Спачатку трэба было да ўсяго прывыкаць, пасля – расставацца са сваімі новымі сябрамі.
– Самае цікавае за час вашай стажыроўкі.
– Вандраванні па Германіі і Галандыі. Дарэчы, гэта можна зрабіць вельмі танна, бо існуе велізарная колькасць зніжак. Вандраванні можна лёгка сумяшчаць з вучобай.
– Мы пыталі пра парады, якія давалі вам перад паездкай. Зараз папросім даць парады нашым студэнтам, хто толькі загарэўся такой магчымасцю навучання ў замежжы.
– Галоўнае – гэта матывацыя. І кожны вызначае для сябе, што для яго ёсць самае галоўнае. Стажыроўка ў Германіі – гэта неацэнны досвед, які трэба не выпусціць.
– Усё што не паспелі спытаць, а вы – сказаць.
– Я б вельмі хацела падзякаваць нашаму ўніверсітэту, бо без яго ў мяне нічога не атрымалася б. І адмысловая падзяка выкладчыкам гадавых курсаў і выкладчыкам кафедры нямецкай мовы філалагічнага факультэта.
– Дзякуй за жаданне падзяліцца сваёй гісторыяй. Поспехаў вам!
Наталля КАПАЦЭВІЧ