ЗАГАДАМ Міністэрства адукацыі нашай краіны № 393 ад 8 чэрвеня 2015 г. у склад комплекса БДУ з 1 верасня ўключаецца ў якасці юрыдычнай асобы ўстанова адукацыі «Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У цяперашні час у структуру МДЭІ ўваходзяць факультэт маніторынгу навакольнага асяроддзя, факультэт экалагічнай медыцыны, курсы дадатковай адукацыі для дарослых.
Праграма павышэння кваліфікацыі «Арганізацыя навучання і навуковых даследаванняў» для кіраўнікоў Чжэцзянскага Шужэн універсітэта стартавала 25 жніўня ў БДУ. Кітайская дэлегацыя з г. Ханчжоу прыбыла ў Мінск у складзе 11 чалавек. На працягу курса будуць прачытаны больш за 10 лекцый, якія кітайскім калегам падрыхтавалі кіраўнікі падраздзяленняў БДУ. Тэмы датычацца арганізацыі кіравання ВНУ: уплыву сектара эканомікі на фарміраванне тэматыкі навуковых даследаванняў у ВНУ, менеджменту ведаў, прасоўвання вынікаў навуковых даследаванняў у інтэрнэце і інш.
ДЭЛЕГАЦЫЯ старшакласнікаў з КНР 19 жніўня наведала БДУ. Яе ўзначаліла Чэн Юсяй – намеснік дырэктара цэнтра развіцця Кітайскага фонду імя Сун Цынлін. Госці сустрэліся з прарэктарам па вучэбнай рабоце БДУ прафесарам Аляксеем Данільчанкам. Адпачынак кітайскіх дзяцей з 10 жніўня быў арганізаваны ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. З імі сустрэлася намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава. У БДУ кітайскім навучэнцам прэзентавалі адукацыйны працэс на ўсіх факультэтах з мэтай азнаямлення з магчымасцямі навучання ў ВНУ. Акрамя таго, госці наведалі музей землязнаўства на геаграфічным факультэце.
БДУ прыняў удзел у міжнароднай адукацыйнай «Выставе-кірмашы Рэспублікі Беларусь. Душанбэ 2015» на базе Таджыкскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя С. Айні. Дэлегацыю нашай краіны ўзначаліў дэкан ФДА Вячаслаў Малафееў. Усяго ў працы выставы брала ўдзел 21 вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі. Прадстаўнікі айчынных ВНУ правялі сумоўе па рускай мове з патэнцыйнымі абітурыентамі, ахвотнікамі прайсці навучанне ў нашай краіне, адказалі на пытанні абітурыентаў і іх бацькоў. Адбыліся прэзентацыі беларускіх устаноў адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў па розных кірунках.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ