Працамі выдаўца гаворыць кніга

21 Oct, 2015.

УРИР Герасимович Натальья БГУДобрай традыцыяй сталі сустрэчы будучых журналістаў з прадстаўнікамі рознага роду СМІ і выдавецкіх структур Беларусі. Нядаўна адбылася адна з такіх. У сценах Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта студэнты спецыяльнасці “Літаратурная работа” пагутарылі з начальнікам упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай працы БДУ Герасімавіч Наталляй Мікалаеўнай. Падчас гутаркі яны мелі магчымасць атрымаць адказы на шэраг самых разнастайных пытанняў, пачынаючы з падрыхтоўкі выпуску кніг, брашур, метадычных комплексаў і іншай дапаможнай літаратуры ў свет і заканчваючы структурай упраўлення. Вось некалькі, мабыць, самых актуальных і цікавых з іх.

— Скажыце, калі ласка, якія аб’ёмы тыражоў выданняў і дзе можна набыць тыя ці іншыя дапаможнікі?

— Тыражы заказвае навучальныя ўстановы, фундаментальная бібліятэка Белдзяржуніверсітэта, частка кніг ідзе на продаж. Набыць літаратуру можна ў кніжным павільёне “Універсітэцкая кніга” ў галоўным корпусе БДУ па адрасе пр. Незалежнасці, 4.

— Ці можна патрапіць да вас на практыку?

— Нашаму выдавецтву патрабуюцца дасведчаныя спецыялісты, карэктары і тэхнічныя рэдактары. На практыку бяром галоўным чынам студэнтаў-філолагаў і навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Вашы калегі таксама перыядычна праходзяць у нас практыку.

— Ці былі ў Вашай практыцы нейкія кур’ёзныя выпадкі?

— Як і ўсюды. Вось, напрыклад, такі. Адзін з аўтараў прынёс рукапіс. Калектыву трэба было падрыхтаваць яе да выхаду ў свет: набраць, вычытаць, звярстаць… Калі гэта праца была прароблена, мы вырашылі звязацца з аўтарам і даць яму для азнаямлення канчатковы варыянт. У адказ на нашу прапанову пачулі: “Дзякуй, канешне, вялікае, але я якраз збіраюся несці вам новы варыянт гэтай кнігі”. Страчана паўгода працы. Прыйшлося рыхтаваць у друк новы варыянт.

— Прозвішчы аўтараў мы бачым на вокладках кніг, але практычна ніхто не ведае пра тыя, хто рыхтуе гэтыя творы. Распавядзіце, калі ласка, пра свой калектыў.

— У нашым упраўленні налічваецца чатыры аддзелы. Першы з іх – рэдакцыйны. Падзяляецца ён на два сектары: па падрыхтоўцы навучальна-метадычнай, навуковай і даведачнай літаратуры прыродазнаўчага і гуманітарнага профіляў. Кіруе гэтым аддзелам Анікеенка Надзея Пятроўна, па сумяшчальніцтве намеснік начальніка ўпраўлення.

Аддзел тэхнічнай падрыхтоўкі выданняў узначальвае Ягорава Святлана Мікалаеўна. Тут ажыццяўляецца вёрстка матэрыялаў, мастацкае афармленне. Тут жа вычытка. Аддзел аператыўнай рэдакцыйнай працы ўзначальвае Лагвіновіч Алена Аляксандраўна. Наяўнасць гэтага напрамку ў працы ўпраўлення выклікана неабходнасцю паскоранага выпуску навучальнай, навуковай і даведачнай літаратуры. Гэта – курсы лекцый, матэрыялы па выніках канферэнцый, манаграфіі і да т. п. Аддзелам навуковых перыядычных выданняў БДУ пад кіраўніцтвам Падголінай Марыі Аляксандраўны спраўляецца з усімі задачамі, якія ўзнікаюць пры выпуску навуковай перыёдыкі.

— У 21 стагоддзі ў любой арганізацыі, якая сябе паважае, ёсць вэб-сайт. А ў вас?  

— Мы не выключэнне. Сайт нашага ўпраўлення – urir.bsu.by. Там вы зможаце знайсці кароткую гісторыю ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкай працы БДУ, азнаёміцца з планамі выдання, знайсці анонсы літаратурных навінак у сферы адукацыі, пацікавіцца тым, якія выставы і прэзентацыі чакаюць вас хуткім часам, і шматлікае іншае.

Не засталіся без адказаў і іншыя пытанні. Варта адзначыць, што Наталля Мікалаеўна праявіла сябе не толькі як прафесіянал у сваёй сферы, але яшчэ і як прыемны ў зносінах чалавек. Атмасфера сустрэчы атрымалася адкрытай і прыязнай, што спрыяла ўзаемнай прыхільнасці і цікавасці.

Вераніка ПУПКЕВІЧ, 

Анастасія КАПЦАВА

УРИР Герасимович Натальья БГУ

print

Вам таксама можа спадабацца: