Напрыканцы мінулага тыдня ў Мінск прыехаў рэктар Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў Аляксандр Сяргеевіч Запясоцкі. Тут ён падпісаў дамову пра партнёрства з БДУ і правёў лекцыю пра сучасную адукацыю на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. У саміх гэтых падзеях нічога звышардынарнага няма. Рэктары іншых ВНУ часта прыязджаюць у БДУ, а дамова пра супрацоўніцтва – толькі дэкларацыя пра намеры. А вось у асобе Запясоцкага, мабыць, пара разыначак маецца.
Першая разыначка – гэта незвычайны паслужны спіс рэктара. Тут і доктар культуралогіі, і член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, і акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі, і нават заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі. Сам Аляксандр Запясоцкі падчас лекцыі на ФФСН БДУ згадаў, што мае 2200 навуковых публікацый. А гэта вельмі шмат. Акрамя ўсяго іншага, гэты чалавек працуе рэктарам у сваёй ВНУ з 1991 года, а ў 2009 абраны намеснікам старшыні савета рэктараў Санкт-Пецярбурга.
Другая разыначка – гэта погляды Аляксандра Сяргеевіча на сучасную адукацыю. Напрыклад, у сваёй лекцыі Запясоцкі канстатуе, што адукацыя ў Расіі цяпер знаходзіцца ў глыбокім крызісе.
А здарылася гэта, па меркаванні доктара Запясоцкага, з-за няўмелага ўкаранення ў савецкую мадэль заходніх прынцыпаў і ідэалаў, з-за камерцыялізацыі адукацыі, карупцыі і па іншых прычынах. Далей некаторыя ўрыўкі яго выступлення:
— Першапачаткова ўніверсітэцкая адукацыя была заклікана фарміраваць тып асобы з адмысловым сістэмным бачаннем свету. Паступова вельмі шматлікія ўніверсітэты сталі ператварацца ў нейкі аналаг ПТВ, прафтэхвучылішча. У ПТВ вучыць класці цэглу, а ва ўніверсітэце вучаць штосьці рабіць у тэхнічнай сферы, медыцынскай сферы і г. д. Гэта значыць, гістарычная роля ўніверсітэтаў вельмі хутка размываецца. Тым не менш, калі ва ўніверсітэце ўсё правільна, то ён павінен рыхтаваць адмысловую эліту нацыі. […] У нас у звычайнай савецкай сістэме выдавалася спачатку фундаментальная адукацыя. За першыя тры курсы мы давалі вельмі сур’ёзны набор базавых прадметаў, а потым на іх аснове чалавек мог вельмі якасна асвоіць спецыяльнасць. І калі да мяне прыходзілі студэнты і казалі, скажам: “Аляксандр Сяргеевіч, чаму ў нас няма “прафесіі” на першым курсе? Дайце нам штосьці такое адразу, каб мы маглі зарабіць грошы”. Наогул, задача ўніверсітэцкай адукацыі, па меркаванні многіх студэнтаў, гэта калі прыходзіш і кажаш: “Прафесар, як мне зарабіць грошы?” Ён табе па пунктах кажа: “Рабі першае, другое, трэцяе, на выхадзе будуць грошы”. Але гэта не ўніверсітэцкая адукацыя. Гэта адукацыя па сістэме прафтэхвучылішча. Ты бярэш цэглу ў левую руку, скрабок – у правую, чэрпаеш раствор, растворам робіш вось так, кладзеш цэглу і паўтараеш гэта цэлы працоўны дзень. У канцы атрымліваеш грошы.
***
— З майго пункта гледжання абсалютна неабходна вяртацца да пяцігадовай падрыхтоўкі спецыяліста. Яе ж не адусюль прыбралі. Сказалі, што спецыялісты ў гуманітарнай сферы могуць за чатыры гады вывучыцца, чаго ўжо там. А ўрача за чатыры гады вывучыць нельга, інжынера нельга вывучыць. У нас інжынерныя профільныя міністэрствы гэта ўсё абаранілі. Што адбываецца, калі трэба скараціць восем тысяч гадзін на паўтары тысячы?
Абагульняючы сказанае, Аляксандр Запясоцкі назваў такія праблемы сучаснай адукацыі ў Расіі:
- Адукацыя не павінна зводзіцца толькі да навучання.
- Вышэйшая адукацыя не з’яўляецца паслугай, а студэнт не з’яўляецца спажыўцом.
- Нельга слепа капіяваць захад. Нельга слепа ўводзіць Балонскі працэс.
- Універсітэты пазбаўлены акадэмічнай свабоды, аўтаноміі ад чыноўнікаў.
- Выхаванне выведзена за рамкі ўніверсітэтаў. Адсутнічае звычайная здаровая матывацыя да вучобы. Калектывізм замяшчаецца індывідуалізмам.
- Вельмі моцны нахіл у бок вузкай прафілізацыі.
- Падзенне дысцыпліны і адказнасці, няправільнае разуменне студэнтамі правоў і свабод.
- Рэзкае звужэнне самастойнасці мыслення студэнтаў.
- Няправільная пабудова канкурэнцыі паміж ВНУ.
- Размытасць крытэрыяў якасці. “Ніхто ў Расіі цяпер не можа сказаць, што ёсць якасная адукацыя. Гэта замяняецца рэйтынгамі, а гісторыя з рэйтынгамі – гэта наогул велізарнае шарлатанства”.
- Неразуменне ролі навуковых публікацый, цытавання, навуковай дзейнасці.
- “Збіванне” старых кадраў.
- Механізмы адбору і абагульненні перадавога досведу адсутнічаюць.
- Сувязь са школай і прафарыентацыя страчаны.
- Віртуалізацыя ўніверсітэтаў. “Ёсць яшчэ такая забаўная з’ява. Я б назваў яе “віртуалізацыяй універсітэтаў”. Студэнты паступаюць ва ўніверсітэты, не выбіраючы рэальны ўніверсітэт, а выбіраючы сайт універсітэта. Цяпер канкуруюць не ўніверсітэты паміж сабой па якасці адукацыі, а сайты ўніверсітэтаў”.
Па заканчэнні свайго выступлення перад студэнтамі рэктар СПбГУП адказваў на пытанні журналістаў, у тым ліку і карэспандэнта “Універсітэта”.
— Хацеў папрасіць, Аляксандр Сяргеевіч, каб вы назвалі асноўныя аспекты дамовы пра супрацоўніцтва і свае чаканні ад яе.
— Ведаеце, я нічога рэвалюцыйнага не скажу. Рэктары падпісваюць стандартныя дамовы пра акадэмічнае супрацоўніцтва, якія ў акадэмічнай супольнасці існуюць як устойлівыя рэчы. У гэтым сэнсе новых формаў мы не прыдумляем. А далей усё залежыць ад таго, як бакі збіраюцца гэта рэалізоўваць. Такія дамовы або напаўняюцца вялікім зместам, і ідзе рэальная ўзаемна цікавая праца, або яны застаюцца мёртвымі і выкарыстоўваюцца для справаздачнасці. І вось я сёння ўпершыню бачыўся з вашым рэктарам. У мяне склалася такое ўражанне, што Сяргей Уладзіміравіч [Абламейка] нічога не робіць проста так, для справаздачнасці.
— Добра. Калі беларускія студэнты паедуць у Пецярбург вучыцца ці наадварот?
— Дайце мне магчымасць даехаць да Пецярбурга. Я думаю, мы дамовімся. У нас выдатныя кантакты з вашым дэканам. Мы з задавальненнем прымем студэнтаў з Мінска. І самае галоўнае, мне вельмі падабаецца ў вас такая культурна-маральная атмасфера. Я другі дзень у Мінску, але ў мяне вельмі прыемныя ўражанні.
— У Беларусі доўгая і цяжкая гісторыя ўваходжання ў Балонскі працэс. Прынялі нас толькі ў маі 2015 года. Можаце даць ацэнку: Балонскі працэс – гэта добра ці дрэнна?
— Я думаю, што трэба ставіцца да Балонскага працэсу вельмі асцярожна. І не абавязкова спяшацца, каб паўсюль прынялі. Трэба ўважліва паглядзець, куды прымаюць. Гэта значыць, што трэба суадносіць патрабаванні і прапановы, якія паступаюць у адрас Беларусі, з рэальнымі запатрабаваннямі. Далёка не ўсё, што нам прапануе захад, добра. Напрыклад, скарачэнне адукацыйнага часу; зніжэнне гуманітарнага складніку, якое непазбежна адбываецца пад уплывам Балонскага працэсу; вузкая спецыялізацыя; фарміраванне чалавека-функцыянера. Гэта не добра.
— У сваім матэрыяле ў “Камсамольскай праўдзе” вы неяк выказаліся ў адрас “студэнтаў-двоечнікаў”, якіх, па-вашаму, трэба скарачаць. А можа, праблема ў іншым? Прэстыж добрых адзнак падае. Выдатнікам быць нямодна, а працадаўцы не глядзяць на дыплом.
— Ёсць метады ўнутрыўніверсітэцкай працы, якія змяняюць гэту сітуацыю. Магчыма, самае слабае месца савецкай сістэмы адукацыі было ў ацэньванні ведаў. “Пяцёркі” даставаліся залёгка. І “тройкі” даставаліся залёгка. Гэта такая няправільная дабрадушнасць. Студэнт не адчувае рэшткавую адказнасць за атрыманне ведаў і адукацыю. Таму педагог, прынамсі ў Расіі, павінен быць істотна больш патрабавальны і дамагацца больш высокага ўзроўню засваення матэрыялу. Таму з двоечнікамі трэба больш строга.
— Аж да…
— Так, менавіта. Толькі так. Разумееце, вышэйшая адукацыю не для кожнага. Трэба даказаць сваё права на яе. Ты не проста павінен сядзець на лекцыях. Ты павінен даказаць, што ты высокаадукаваны чалавек.
— Але ж калі колькасць студэнтаў скараціцца, ВНУ не атрымаюць грошы.
— І што? Грошы – гэта не самае галоўнае ў жыцці. Вось і ўсё.
Размаўляў Віталь АРЭШКА