Адгучалі салюты БДУ-фэсту, але не хутка сціхнуць размовы, бо ўражанняў хопіць на цэлы год. Валянцін Кірык, студэнт 3 курса ФСК, расказаў пра падрыхтоўку, «напружанку» і планы.
Між іншым, Валянцін не проста арганізатар ці валанцер, ён галоўны рэжысёр і аўтар праекта. Сустрэліся мы каля галоўнага корпуса БДУ, дзе ён спаткаўся з іншымі членамі прафсаюза. Напэўна, абмяркоўвалі новую імпрэзу?
– Што падштурхнула да стварэння такога грандыёзнага мерапрыемства?
– Ідэя нарадзілася ў пачатку 2015 года. На маім факультэце ёсць нешта тыпу турзлёту, які праводзіцца ў канцы мая. Я падумаў, што было б цікава правесці такое ж масавае, задзірыстае, спартыўнае для ўсяго БДУ. А маёй марай было зрабіць малыя Алімпійскія гульні. Вось калі гэтыя два жаданні аб’ядналіся, стварылася канцэпцыя. Заставалася знайсці пляцоўку. Тут я і ўспомніў, што 3 гады таму адпачываў у лагеры «Лідар». Яго кіраўніцтва нам не адмовіла.
– БДУ–фэст стаўся такім разнабаковым. Якая ж галоўная мэта?
– Задума фестывалю была ў тым, каб зрабіць нешта бадзёрае для студэнтаў, супрацоўкаў і наогул усіх, хто цікавіцца БДУ. Жыццё ў нашай альма-матар – гэта не толькі вучоба, але творчасць (танцы, песні, рамёствы) і спорт. Хацелася паказаць, што моладзь рознабакова развітая. Гэта тое мерапрыемства, якога ніколі не было раней і якое будзе задаваць тон на будучыню. Мы гэта зрабілі самі – студэнты для студэнтаў.
А значыць, добра ведалі, што будзе па-сапраўднаму цікавым. Таму канцэрт атрымаўся самым лепшым: прадумана мноства дэталяў, маленькіх фішачак. Хацелі запрасіць Дар’ю Домрачаву, але яна не змагла, таму што была на зборах. Але прыехалі Любоў Чаркашына, Дзяніс Магер, Аляксандра Наркевіч. У аргкамітэце спартсменаў, акцёраў, валанцёраў налічвалася 293 чалавекі.
– Здаецца, праект прыдумалі і стварылі літаральна за два тыдні…
– Насамрэч, фестываль рыхтаваўся сто дзён. Так, актыўна дзейнічаць пачалі з верасня. Але мы працавалі на працягу ўсяго лета. Знайшлі спонсараў, партнёраў, паклікалі знакамітых артыстаў і спарстменаў. Былі нават прапановы запрасіць на адкрыццё прэзідэнта краіны!
– А як жа адпачынак?
– Фактычна яго не было. А за тыдзень да фестывалю я спаў па 2 гадзіны і еў максімум адзін раз на дзень. Хачу падзякаваць прафсаюзу, тым хлопцам і дзяўчатам, якія дапамаглі стварыць свята. Як было прыемна чуць, што ўсе прысутныя задаволены канцэртам, спартыўнымі гульнямі, спаборніцтвамі! Адчувалася аддача гледачоў, мы дабіліся патрэбнага эфекту. Дзеля такога і хочацца дзейнічаць.
– Што аказалася самым складаным пры падрыхтоўцы?
– Мабыць, супрацоўніцтва з артыстамі. Звычайна танцоры і спевакі прыходзяць з гатовымі нумарамі, распрацаванымі загадзя. Здараецца і такое, што з адной праграмай могуць выступаць на некалькіх канцэртах. А зараз мы збіраліся адзін-два разы на тыдзень, разам ставілі харэаграфію, прадумвалі дэкарацыі. Такім чынам, кампазіцыі былі зусім новымі, на іншых сцэнах не паказваліся.
Дарэчы, калектывы, што выступалі на працягу дня, хай і не цалкам належалі БДУ, але іх удзельнікамі абавязкова былі менавіта навучэнцы нашага ўніверсітэта. Ролеры, скейтбардысты, нават некаторыя працаўнікі кампаніі «Рэд бул» вучацца ва ўніверсітэце.
– Ці ёсць планы на наступную восень?
– Фестываль атрымаў высокую ацэнку, таму ўжо разважаем над чарговай праграмай. Вядома, у другі раз БДУ-фэст праводзіць будзе менш праблематычна, партнёрам ёсць што паказаць, а добрыя водгукі прывядуць людзей на малыя Алімпійскія гульні і канцэрт. Думаем паклікаць кампанію «Велком», каб быў бясплатны wi-fi. Марым запрасіць артыстаў з-за мяжы.
КАМЕНТАРЫІ:
Надзея Анісовіч
– На БДУ-фэст я прыехала толькі на канцэрт. Ён атрымаўся яркім. Прыемна, што на сцэне выступалі як знакамітыя беларускія артысты, так і студэнты ўніверсітэта. Было шмат знаёмых асоб. Па водгуках маіх сяброў, днём там было не менш цікава. Мне здаецца, раней у БДУ не было падобных масавых спартыўна-забаўляльных мерапрыемстваў, і хацелася б ператварыць гэты фэст у традыцыю. Ён паказвае, што ўніверсітэцкае жыццё – гэта не толькі вучоба, але і спорт, і забавы.
Алена Агароднік
– Пасля «Віват, студэнт!» гэта была другая эмацыянальна насычаная падзея ў БДУ з пачатку новага навучальнага года. Я непасрэдна ўдзельнічала ў гэтым грандыёзным свяце ў якасці валанцёра. Незабыўныя ўражанні, пазітыўныя эмоцыі, новыя знаёмствы – усё тое, чым быў прасякнуты дзень фэсту. Вялікае дзякуй арганізатарам такога маштабнага мерапрыемства, а асабліва галоўнаму рэжысёру Валянціну Кірыку. Спадзяюся, БДУ-fest стане выдатнай традыцыяй універсітэта.
Кайсар Рахіл:
– Усё было класна арганізавана! Бясплатная вада, вялікая колькасць розных крэслаў, канапак-арэляў, навесаў… Шматлікія конкурсы з прызамі, футбол і тэніс, валейбол – тое, што адразу кінулася ў вочы. А мімы стварылі настрой і атмасферу чагосьці дзівоснага!
Таццяна МОРАВА
Відэа: