Тэатральныя прадстаўленні разгорнуцца з 30 лістапада па 5 снежня на сцэнічных пляцоўках сталіцы.
Урачыстае адкрыццё фэсту адбудзецца 30 лістапада ў актавай зале Ліцэя БДУ (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 17.30. У цырымоніі прымуць удзел рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Уладзімір Сувораў, начальнік упраўлення па справах культуры Уладзімір Макарэвіч, а таксама замежныя госці – удзельнікі конкурснай праграмы фэсту.
Сёлета ў спаборніцтве сцэнічнага майстэрства будуць спаборнічаць найлепшыя студэнцкія калектывы з 12 краін: Беларусі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Ірана, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі.
Сёлетняя праграма разнастайная і насычаная. Будуць паказаны адаптаваныя да сцэнічнага жанру творы беларускіх пісьменнікаў: Васіля Быкава, Максіма Багдановіча і інш. На суд гледачоў у якасці мастацкага эксперыменту прадставяць таксама пастаноўкі вядомых твораў: “Гамлета” Уільяма Шэкспіра, “Вій” Мікалая Гогаля і “Дэмакратыю” Іосіфа Бродскага.
Акрамя конкурсных спектакляў тут пройдуць майстар-класы, адкрыты дыскусійны клуб і эксклюзіўныя праекты мерапрыемства: “Куфар-in-Motion” і “КуфарДрамаЛаб”. Нагадаем, праект “Kufar-in-Motion” аб’яднае на сцэне ўдзельнікаў з розных краін. За час творчага форуму БДУ будзе створаны спектакль, які “пражыве” толькі адзін паказ. А на “КуфарДрамаЛаб” адбудзецца чытка трох п’ес.
У рамках XII Міжнароднага фэсту студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар. БДУ-2015” арганізуюць міждысцыплінарны праект – “Куфар_Пластылін”. Ён аб’яднае на выстаўных пляцоўках арыгінальныя моладзевыя арт-працы: фота, відэа, перформансы, жывапіс, устаноўкі.
Гран-пры “Вялікі Куфар” фэсту па традыцыі будзе прысуджаны спектаклю, які набярэ найбольшую колькасць галасоў.
Падрабязная інфармацыя на сайце фэсту
Арганізатарам фэсту “Тэатральны куфар. БДУ-2015” выступіла ўпраўленне па справах культуры БДУ.