Студгарадок не застаўся ўбаку ад святкавання дня нараджэння альма-матар і зрабіў для жыхароў інтэрнатаў два выдатныя падарункі.
28 кастрычніка былі падведзены вынікі круглагадовай спартакіяды і «Iнтэрнатаўскiх спрэчак» за 2014/2015 навуч. год. А пасля каманды 7 інтэрнатаў пазмагаліся ў турніры BSU Battle Game, які прайшоў упершыню.
На працягу мінулага навучальнага года каманды 8 інтэрнатаў БДУ спаборнічалі ў 10 відах спорту, каб высветліць, які інтэрнат самы спартыўны. Вынікі такія: 1 месца – інтэрнат № 6, 2 месца – інтэрнат № 4, 3 месца – інтэрнат № 2.
Але не толькі спартсмены інтэрнатаў праяўлялі сябе ў спорце. Студэнцкія актывы інтэрнатаў ваявалі ў спаборніцтвах у рамках Кубка дырэкцыі ў праграме «Iнтэрнатаўскiя спрэчкi». Перамогу ў гэтых спаборніцтвах атрымаў інтэрнат № 10, 2 месца за актывам інтэрната № 6, 3 месца за камандай «двойкі».
Усе пераможцы атрымалі каштоўныя і вельмі карысныя прызы (спартыўны інвентар і абсталяванне, спартыўная форма, настольны хакей і інш.), а пасля гэтага наступіла чарга доўгачаканага турніру BSU Battle Game, да якога, варта адзначыць, каманды пачалі рыхтавацца загадзя.
«Цяжка быць рыцарам» – да такой высновы мог прыйсці кожны, хто пабываў 28 кастрычніка на турніры BSU Battle Game паміж інтэрнатамі. 7 каманд па 10 чалавек ваявалі за права звацца найлепшымі абаронцамі свайго «другога дома». Бітва вялася на халоднай (але бяспечнай) зброі Сярэднявечча – мячах, дзідах, луках са стрэламі.
Скажам сумленна: ніводная анлайн-гульня не параўнаецца запалам з мінулым турнірам. Мяркуйце самі: і мужнага выгляду хлопцы, і нават маленькія далікатныя дзяўчаты змагаліся з супернікамі «не на жыццё, а на смерць». У іх прачнуўся той самы інстынкт, які ў мінулым не даваў ваярам у страху пакінуць поле бою, і яны ваявалі да апошняга ўздыху.
«Суцішце свой тэстастэрон!» – заклікаў арганізатар з клуба Battlegame не толькі хлопцаў, якія ўсхадзіліся, але і дзяўчат. А калі справа дайшла да фінальных бітваў, паветра і ўвогуле вібравала ад напружання. Удзельнікі, ужо даволі стомленыя і мокрыя ад поту, павінны былі годна вытрымаць яшчэ па пяць сустрэч з супернікамі. У барацьбе за трэцяе месца перамаглі «Ліцвіны» з чацвёртага інтэрната.
Заставалася толькі дачакацца заканчэння бітвы паміж «Мядзведзямі» з сёмага інтэрната і «Вікінгамі» з «капейкі», каб даведацца пераможцу вечара. Шчыра кажучы, фінальная бітва была тым яшчэ выпрабаваннем нерваў. Бітва за першае месца была самай напружанай, і пераможцам з яе выйшла «капейка». Трэба адзначыць, што «Вікінгі» ўнікальныя і тым, што годна адказалі на выклік зборнай оператрадаў інтэрнатаў, атрымаўшы перамогу і ў гэтай сутычцы!
Стомленыя, але задаволеныя прызёры атрымалі падарункі ад спонсараў – сеткі трэнажорных залаў «Адрэналін», «Тытан», «Алімпія», крамы спартыўнага харчавання «Эксперт», вытворцы вады «Баравая» і шматлікіх іншых. Кожная з каманд даказала, што не дасць свой «другі дом» у крыўду.
А асабіста вы – змаглі б праверыць сябе на ўстойлівасць і годна адказаць суперніку ў Battle Game?
Дар’я КАВАЛЬЧУК
Відэа глядзіце тут