Кранальная імпрэза да Дня маці прайшла 16 кастрычніка дзеля папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў у выхаванні грамадзяніна.
На сустрэчу прыйшлі студэнты і выкладчыкі, а таксама госці, у ліку якіх былі Ганна Лебедзь са Ждановіцкага дзіцячага дома, протаіерэй Андрэй Еўдакімаў з Жодзіна і, вядома, дарагія мамы. Адразу было відаць, як яны рады знаходзіцца тут, у прыгожых строях, побач з дзецьмі. На працягу ўсяго вечара яны эмацыйна рэагавалі на выступленні. Непасрэдна вядучыя падзяліліся на «мудрае» пакаленне Уладзімір Навумовіч і Тамара Карасцялёва і моладзь: Кірыла Тондзель і Марыя Дуднік.
Першае слова далі рэктару БДУ. Сяргей Абламейка распавёў пра сваю сям’ю, маму.
Успамінаючы дзяцінства, ён казаў, што яго бацькам было цяжка, але яны рабілі ўсё, каб паставіць дзяцей на ногі. І нават зараз, нягледзячы на тое, што ён ужо вырас і шмат чаго дамогся, мама яму ўсё гэтак жа «і раіць, і падказвае», і дзе-нідзе камандуе. Сяргей Уладзіміравіч падкрэсліў, што вобраз маці з’яўляецца самым светлым у жыцці кожнага чалавека, і таму важна, каб «моладзь несла ў сваіх сэрцах павагу да яе».
Пасля выступіў спявак і малады выкладчык Дзмітрый Нікановіч. Затым на сцэну запрасілі студэнтаў Ганну і Аляксея і іх мам. Юнак і дзяўчына публічна прызналіся, што ўсім, што ў іх ёсць, яны абавязаны мамам, якім падзякавалі за тое, што «ўкладвалі ўсіх сябе» ў выхаванне і развіццё маладых людзей. Маці, ледзь стрымліваючыся ад пачуццяў, падзякавалі за арганізацыю мерапрыемства і за тое, што іх дзяцей прынялі ў вялікую сям’ю БДУ. Напрыканцы яны пакланіліся ўсім прысутным мамам. Такое кранальнае выступленне змяніла песня «Бацькоўскі дом» у выкананні студэнта юрфака Уладзіслава Калачова. Студэнт ваеннага факультэта Віктар Тункевіч зачытаў уласны верш, прысвечаны не роднай, а хроснай маці.
У сваім творы ён увасобіў яе прыгажосць, асабліва прыгажосць унутраную, чысціню і шырыню душы. «Толькі вера ў вас дапамагала паднімацца, ісці наперад», «дзякуй за ўсю дабрыню», «шанаваць вас стагоддзямі буду і за вас сваё жыццё я аддам» – менавіта такія словы прагучалі з вуснаў маладога хлопца да хроснай мамы.
«Дзеці заўсёды самыя блізкія, самыя родныя». Вядучыя звярнулі ўвагу тых, хто сабраўся, і на маці, якія выхоўваюць і гадуюць не толькі сваіх, але і прыёмных дзяцей. Супрацоўніца БДУ Алена Іванова распавяла пра сваіх дзяцей. Трэцяе дзіця – «маленькі цуд», як назвала яго сама Алена Уладзіміраўна, з’явілася з Дома малюткі. Яна шчыра прызналася, што дзіця яе аддуха і яна не шкадуе «ніводнай хвіліны, што здзейсніла такі крок». Маці траіх дзяцей з усмешкай заўважыла, што, «можа, мы яшчэ аднаго возьмем».
Лідар прафсаюза БДУ Ігар Вярэнчыкаў выказаў найлепшыя пажаданні ўсім маці. Ён адзначыў, што быць маці вельмі адказна, значна і ў той жа час выдатна. Але яшчэ «складаней стаць маці» для кагосьці. І такія людзі заслугоўваюць адмысловай падзякі.
Выкананне ўрыўка з паэмы Астроўскага «Маці» стала лірычным пераходам да прэзентацыі са страшнымі паваеннымі здымкамі дзяцей. Дзяцей, якія засталіся без бацькоў, без любові, ласкі і клопату. І ў нашай краіне сталі з’яўляцца сірочыя ўстановы, дзе сагравалі цяплом душы тых няшчасных. Але дагэтуль у Беларусі застаюцца 42 установы, дзе пражываюць больш за дзве тысячы дзяцей пры жывых бацьках. Гэты факт моцна засмуціў усіх прысутных. І вядучыя запрасілі на сцэну чалавека, які сутыкаецца з гэтай несправядлівасцю кожны дзень. Ганна Лебедзь, намеснік дырэктара Ждановіцкага дзіцячага дома, распавяла пра прычыны такіх учынкаў і гісторыі дзяцей, якім пашанцавала знайсці сваю сям’ю. Сярод прычын былі і няздольнасць забяспечыць дзіця з прычыны фінансавага становішча сям’і, і проста адмова, у тых выпадках, калі дзіця нарадзілася не зусім здаровым. «У дзень маці, – адзначае Ганна Віктараўна, – у нас ціха, спакойна і будзённа». Ёсць дзеці, да якіх прыязджаюць сапраўдныя бацькі, а ў іншых «птушка шчасця праляцела міма». Прагучалі прыклады, калі дзеці з асаблівасцямі развіцця заканчвалі звычайныя школы, паступалі ва ўніверсітэты, таму што менавіта прыёмныя бацькі «сваёй любоўю стварылі цуд». Ад аповядаў пра такіх дзетак, у многіх прысутных на вачах выступілі слёзы. Прыклады ахвярнасці бацькоў і каласальнай сілы клопату, ласкі, любові кранулі таксама вядучых і арганізатараў гэтай падзеі.
Ганна Віктараўна адзначыла важнасць падтрымкі студэнтаў, якія прыязджаюць да іх, дапамагаюць з дзецьмі, забаўляюць іх і дораць гэтулькі пяшчоты, што дзеці пачынаюць свяціцца шчасцем. Юлія Яжгурава, студэнтка юрфака і старшыня моладзевага руху «Абдымкі», і курсант Яўген Кудзін з ФФСН пазнаёмілі аўдыторыю са сваёй справай. Яны распавялі, як весела і дзецям, і самім студэнтам на такіх сустрэчах. «Кожнае дзіця індывідуальнае», – сказалі яны. Юлія з аптымізмам заўважыла, што «кожны можа змяніць свет», хоць троху, але можа.
Песня студэнткі журфака Вольгі Шабекі «Мама, матуля» была прысвечана не толькі родным, але і прыёмным маці. І пасля гэтулькіх цудоўных гісторый нават песня ўспрымаецца ўжо троху інакш.
Дырэктар «Мінскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі» Ніна Віктароўская распавяла пра значнасць такой установы для многіх дзяцей і іх бацькоў.
Для кагосьці гэта апошняя надзея. Ніна Канстанцінаўна прывяла сумную статыстыку па Беларусі: 140 тысяч дзяцей з псіха-фізічнымі асаблівасцямі развіцця, з іх 11 тысяч – інваліды. Дырэктар распавяла пра сем’і, якія звяртаюцца да іх па дапамогу. Дзякуючы такім цэнтрам дзеці могуць атрымліваць адукацыю, пачынаючы з дашкольнай. Часта яна паўтарала: «не трэба іх баяцца і адмаўляцца ад іх», «дыягназ – гэта не прысуд». Яна адзначала, што гэтыя дзеткі – частка нашага грамадства і свету. Па-свойму асаблівыя, яны маюць патрэбу не ў жалі, а ў прыняцці іх і веры. Веры ў іх здольнасці, у іх сілу духу і волі. Нам варта «быць не побач, а разам» з імі. На экране былі паказаны лёсы ўжо дарослых людзей-інвалідаў з усяго свету, якія не проста жывуць поўным жыццём, але і з’яўляюцца прыкладам аптымізму і пазітыву нават для самых звычайных людзей. Ніна Канстанцінаўна завяршыла сваё выступленне кранальнай прыпавесцю «Кінуты камень».
А жывым прыкладам чалавека, які верыць у поспех, паслужыла гісторыя Тэрэзы Топаравай і яе сына Яраслава. Тэрэза Вацлаваўна пацвердзіла, што, калі здараецца такая страшная падзея для любой мамы, гэта «трэба прыняць і ісці далей». Сіла мацярынства вялікая і бязмежная. Калі ад чалавека, яшчэ маленькага, гатовы адвярнуцца цэлы свет, з ім застаецца толькі мама, якая яго любіць, гатовая падтрымаць і змагацца за яго нягледзячы ні на што.
Прарэктар БДУ Уладзімір Сувораў заявіў, што «маці здольная зрабіць цуд», і, выказаўшы сваё захапленне імі, уручыў ружу Тэрэзе Вацлаваўне. Не забыты былі і такія дарагія людзі, як бабулі. Бо часта менавіта яны дапамагаюць бацькам гадаваць унукаў з адмысловай шчодрасцю і бязмежнай любоўю. Для іх прагучала песня «Бабуля» ад Валерыі Казловай з біялагічнага факультэта.
Апошнім на сцэну быў запрошаны настаяцель Храма святога Арханёла Міхаіла з Жодзіна протаіерэй Андрэй Еўдакімаў. Апроч таго, што айцец Андрэй вельмі адукаваны чалавек, у яго сем дзяцей, адзін з якіх усыноўлены. Настаяцель падняў праблемы дэмаграфічнага характару, такія як аборты, разводы, працэнт якіх перавышае 60, і праблемы кінутых дзяцей. «Мацярынства – гэта сапраўдны подзвіг», – казаў ён. Ён заклікаў людзей задумацца над тым, як і чым жыве наша грамадства і ў прыватнасці кожны з нас. Папрасіўшы прабачэння за тое, што азмрочвае свята жорсткімі фактамі рэчаіснасці, протаіерэй скончыў словамі: «Я веру ў нашу будучыню». Гледачы падтрымалі гэты тэзіс бурнымі апладысментамі, а студэнтка журфака і лаўрэат нацыянальнай музычнай прэміі Лідзія Заблоцкая падняла ўсім настрой сваёй песняй «Анёл дабра».
Колькі праблем было закранута і абмеркавана людзьмі розных сфер, колькі гісторый было пачута, колькі цёплых слоў падзякі было сказана нашым маці… Далейшыя размовы студэнтаў і іх бацькоў, супрацоўнікаў і гасцей свята прайшлі ў кафэ, дзе традыцыйна для летапісу «сям’і БДУ» ўсе разам сфатаграфаваліся. Так урачыста завяршыўся тыдзень, прысвечаны Дню маці.
Арганізатарамі імпрэзы сталі псіхалагічная служба, прафсаюзная арганізацыя работнікаў БДУ і фундаментальная бібліятэка. Асобнае дзякуй кандыдату педагагічных навук Тамары Карасцялёвай за такую карысную ініцыятыву.
Анастасія ПАРАГАС